82,2 %. Па выніках зімовай сесіі ў БДУ паспяховасць студэнтаў расце

7 Mar, 2017.

У БДУ распачаўся другі семестр, а значыць, прыспеў час пагутарыць пра вынікі зімовай сесіі і пэўныя змены ў арганізацыі навучання з начальнікам Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Людмілай ХУХЛЫНДЗІНАЙ.

Радуе першы курс
Па словах Людмілы Міхайлаўны, агульныя вынікі зімовай сесіі выяўляюць станоўчую тэндэнцыю, якая назіраецца з мінулага года: паспяховасць студэнтаў увогуле расце, што не можа не радаваць. Па ўніверсітэце пас­пяховасць па выніках зімовай сесіі склала 82,2 % – вырасла на 0,6 % у параўнанні з  мінулым годам. Гэта даволі добры паказчык. У 2014/2015 нав. г. працэнт паспяховасці складаў 78,9 %, а ў 2013/2014 нав. г. (той набор, які будзе выпускацца сёлета) складаў усяго толькі 76,8 %. За чатыры сесіі 6 % паляпшэння – гэта вельмі добра.
Прычын росту паспяховасці цэлы комплекс. У свой час пры прыёме былі вызначаны парогавыя балы, якія дазваляюць набі­раць падрыхтаваных абітурыентаў. Затым, неабгрунтаванай няяўкі на сесію робіцца значна менш – і ў мінулым годзе, і цяпер тых, хто «праспаў» іспыты па нязначных пры­чынах, паменшала, на што ўплываюць у тым ліку і платныя пераздачы. Гэта стымулюе і цверазіць студэнтаў, прымушае іх адчуваць     адказнасць за сваю вучобу. Калі няма па­трабавальнасці, то студэнты пачынаюць адразу думаць – ай, можна потым, пераздам… Тады паспяховасць цярпіць.
Сёлета радуе першы курс. Нават у параўнанні з мінулым годам першакурснікі здалі зімовую сесію на 6,2 % лепш – 79,6 % паспяховасць – трохі горш, чым увогуле па ўніверсітэце здаюць, але для першага курса гэта добра.

Фактар замежнікаў
Назіраем розніцу ў паспяховасці па ўні­версітэце і яго юрыдычных асобах: без юрыдычных асоб – 82 %, а па юрыдычных асобах – 83,1 %. Найлепшую паспяховасць, у тым ліку ў параўнанні з мінулым годам,  паказалі факультэты: філалагічны, сацыя­культурных камунікацый, механіка-матэматычны, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, геаграфічны, фізічны, біялагічны. Вы­расла паспяховасць і ва ўсіх інстытутах,  якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі: МДЭІ імя А. Д. Сахарава, ІБМТ, ДІКСТ, Інстытут тэа­логіі. Справа ў тым, што ў нашы інстытуты паступае менш замежнікаў. Напрыклад, эканамічны факультэт не можа спаборнічаць у паспяховасці з юрыдычнымі асобамі, дзе выкладаюцца тыя ж спецы­яльнасці эканамічнага профілю. Асноўны кантынгент замежных навучэнцаў – гэта ФМА і эканамічны факультэт, затым філфак  і журфак. Замежнікам заўсёды складаней вучыцца, асабліва на першым курсе, тут і моўная абмежаванасць, і адаптацыя да краіны, да ВНУ… Гэта адбіваецца на пас­пяховасці. А ў тым жа ДІКСТ усяго з тузін замежнікаў. Ці, скажам, геаграфічны фа­культэт у гэтым годзе даў паляпшэнне    паспяховасці ажно на 10 % – не толькі таму, што студэнты ўзяліся за розум і старанней вучыліся, але і таму, што менш замежнікаў прыехала на спецыяльнасць «геалогія». Там быў значны кантынгент з Туркменістана, а па ўнутраных прычынах гэтай краіны ўво­гуле сёлета ў Беларусь туркменаў прыехала вучыцца значна менш. Па некаторых факультэтах і інстытутах быў зроблены шэраг захадаў, паспяховасць у цэлым вырасла ў параўнанні з мінулым годам, але яна ўсё яшчэ ніжэйшая, чым у сярэднім па ўніверсітэце (напрыклад, у тым жа ДІКСТ, на бія­факу). То бок, тэндэнцыя добрая, але яшчэ ёсць над чым працаваць.

Сесія 10.0
Яшчэ адна выдатная тэндэнцыя – павялічваецца колькасць студэнтаў, якія вучацца на 9-10 балаў. Такіх 6,9 % у гэтым годзе (на 0,3 % больш, чым летась). А студэнтаў, якія маюць нездавальняючыя адзнакі, у гэтым годзе нарэшце стала трошкі менш (упер­шыню за апошнія тры гады) – 17 %. Прытым  і тут першакурснікі малайчыны: у мінулым годзе з іх «нездавальняюча» вучыліся 19 %,  а цяпер толькі 16 %.
У гэтым годзе палепшылася і паспяхо­васць студэнтаў-платнікаў – 73,1 % – на 3 %! А менавіта платнікі ў асноўным вызначаюць агульную паспяховасць па ўніверсітэце. Другі год практыкуем зніжкі для замежнікаў-платнікаў, гэта таксама грае сваю ролю, матэрыяльна зацікавіць.
Ёсць у нас і ўнікальныя студэнты: на механіка-матэматычным факультэце навучэнец з Туркменістана Раўшэн Атаеў – яго сярэдні бал па выніках трох сесій 10,0. Яму, натуральна, далі максімальную зніжку. Яго калега па вывучэнні меха­ніка-матэматычнага ма­дэ­лявання Яўген Аўдзейчык  на другім курсе таксама ву­чыцца на 10,0! Такіх студэнтаў трэба падтрымліваць.

Да новых стандартаў
Па меркаванні начальніка ГУВНМР, плануецца істотнае павелічэнне месцаў у магістратуры, амаль удвая, і гэта прытым, што выпускнікоў у нас не ў два разы больш.
Адправілі праект плана пры­ёму ў магістратуру на зацвярджэнне ў Міністэрства адукацыі. Просім, каб нам дазволілі 830 месцаў на дзённую бюджэтную форму навучання і 122 на завочную, у мінулым годзе лічбы былі каля 430 і 70 адпаведна. Магчымасць працягнуць навучанне, каб «чатырох­годкам» атрымаць больш паўнавартасную адукацыю, маецца. Паглыбленая пад­рыхтоўка – на другой ступені адукацыі, а першая павінна даваць шырокую базавую адукацыю. Паводле дзейных адукацыйных стандартаў прадугледжаны  адзін год магістратуры для тых студэнтаў, якія навучаліся 5 гадоў, і два гады для тых, якія вучыліся 4 гады. Гэта як правіла, але    маюцца адрозненні па спецыяльнасцях і адукацыйных стандартах. Зараз уносяцца асобныя змены ў наяўныя стандарты, у прыватнасці, у частцы, датычнай тыпавых вучэбных планаў для двух гадоў навучання. Змены скіраваны на павелічэнне дысцыплін-кампанентаў устаноў адукацыі, то бок, пашырэнне дысцыплін спецыялізацыі.
Існыя стандарты, прынятыя ў 2012/2013 нав. г., прадугледжваюць наяўнасць дыс­цыплін па выбары студэнтаў, дзейнічае палажэнне, адпаведна з якім факультэты павінны забяспечваць права студэнта на выбар тых ці іншых дысцыплін, выбіраць паміж шэрагам курсаў, якія прапаноўвае вучэбны план. Зараз мы прыступаем да новых адукацыйных стандартаў, пакалення 3+, там за­кладваецца яшчэ больш магчымасцяў для студэнта-арыентаванага навучання: будуць прапаноўвацца модулі на выбар, а таксама студэнты змогуць выбіраць асобныя дыс­цыпліны ўнутры модуля.

Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ
 
 
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *