«Труд крут»! У БДУ стартавала акцыя «Выбіраем студатрад» (+відэа)

3 Mar, 2017.

Напрыканцы зімы традыцыйна актывізуецца студатрадаўскі рух у Беларусі. Белдзяржуніверсітэт не стаў выключэннем – 27 лютага тут быў дадзены старт запісу студэнтаў у атрады, якія будуць актыўна працаваць летам. Акцыя “Выбіраем студатрад” прайшла пад дэвізам “Труд крут”.

Да адкрыцця трэцяга працоўнага семестра 2017 БРСМ БДУ падышоў адказна і крэатыўна. Актывісты арганізацыі дапамагалі вызначыцца з напрамкам летняй дзейнасці (педагагічны, будаўнічы, сэрвісны, сельскагаспадарчы атрад) і знайсці працу даспадобы, адказвалі на ўсе пытанні студэнтаў: інфармавалі пра ўмовы працы, патрабаванні працадаўцаў, магчымы ўзровень заробку.

На працягу ўсёй акцыі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны, фотабоксы з імгненным друкам здымкаў, а студэнты маглі далучыцца да імправізаваных танцавальных і песенных імпрэз.


Як адзначыў лідар БРСМ БДУ Канстанцін Андрусевіч: “Арганізацыя працаўладкавання студэнтаў у летні перыяд – адна з найважнейшых задач нашай арганізацыі менавіта ў гэты час. Даць магчымасць студэнту здабыць свой першы заробак, навыкі, для кагосьці і новую кваліфікацыю – вельмі каштоўна для кожнага студэнта. Сёлета Штаб працоўных спраў БРСМ БДУ дае такую магчымасць кожнаму студэнту, а таксама атрымаць месца ў інтэрнаце ўніверсітэта, паўдзельнічаць у будаўніцтве маштабных аб’ектаў нашай краіны, знайсці новых сяброў і атрымаць асалоду ад працы ў студэнцкім калектыве”.

 

Акрамя таго, у рамках акцыі прайшоў адкрыты дыялог са студэнтамі на тэму “Студатрадаўскі рух: гісторыя і сучаснасць”, спікерамі якога былі старшыня прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў БДУ Ігар Вярэнчыкаў, былы намеснік сакратара камітэта камсамола БДУ, актыўны ўдзельнік будатрадаўскага руху ЛКСМБ, выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Дзмітрый Лебедзь, таксама былы актывіст будатрадаўскага руху Белдзяржуніверсітэта, які ў свой час займаў пасаду кіраўніка Штаба працоўных спраў БРСМ БДУ.

У працэсе абмеркавання тэмы быў закрананы шэраг пытанняў, якія тычацца развіцця і будучыні студатрадаўскага руху. Вынікам сустрэчы стала вызначэнне асноўных канструктыўных момантаў удзелу моладзі ў дзейнасці атрадаў.

Такім чынам, шмат студэнтаў атрымалі рэальныя рэкамендацыі ў выбары працы на будучае лета. Але паколькі запісаць усіх ахвотных за адзін дзень было немагчыма, акцыя “Выбіраем студатрад” працягнецца на ўсіх факультэтах БДУ.

Вераніка ПУПКЕВІЧ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: