Горад засынае, прачынаюцца СТЫЛЯГІ! (+відэа)

27 Apr, 2017.

— Дамы і спадары, лэдзі і джэнтльмены, чувакі і чувіхі, – звяртаецца вядучы да публікі, – сёння, 21 красавіка, дзень нястрымнай весялосці, волі і драйву. Сардэчна запрашаем у пяцідзясятыя, стылягі!

Публіка рагоча ад нетрывіяльнага звароту і расцякаецца хваляй па бібліятэцы Інстытута журналістыкі. Жывая блюз музыка, майстар-класы па твісце, процьма гарачых гульняў і конкурсаў, рызыкі і выпрабаванняў “на слабо”; новыя знаёмствы, хвалюючыя сустрэчы, “бясплатныя” кактэйлі і закускі ў бары і бясконцая колькасць “нішцякоў” – усё гэта паспрабавалі госці бібліяночы. Зараз жа паглыбімся ў кругазварот тусоўкі СТЫЛЯГ.

Тэатр пачынаецца з вешалкі. Вось і госці, прадчуваючы падзеі вечара, адправіліся да гардэроба (стомленыя студэнты якраз у той час вызваліліся ад пар).

— А дзе люстэрка? Тры гады хаджу па холе, і ў першы раз тут так пуста, – дзівіцца трэцякурсніца.

— Яго забралі ў бібліятэку, – тлумачыць гардэробшчыца.

Здзіўленыя дзяўчаты толькі цяпер заўважылі ўпрыгожаную сцяжкамі дарожку, што вяла ў кнігасховішча. Ярка апранутыя людзі, сабраўшыся ў маленькія групы, ішлі за імі. Студэнты пайшлі дапісваць курсавыя, а мы з сябрамі вырашылі паглядзець на бібліятэку з новага, дагэтуль невядомага нам боку.

Нас сустрэў цьмяна асветлены калідор, які адмаўляўся прымаць новых наведнікаў, бо там было цеснавата для такой колькасці людзей. У такім струмені можна і згубіцца, аднак не толькі сцяжкі суправаджалі народ да мерапрыемства. Дзесьці далёка мігацеў няўлоўны шлейф джаза ад “livesaxophone”.

І вось яны – брама на вечарынку стыляг. Перад ёй прыпаркавалася фотазона, якая прываблівае людзей яркасцю фарбаў, прынтамі ў гарошак і жаданнем адлюстраваць сябе на задняй сядушцы жоўтага фордзіка “Англія”.

Кантраст паміж звычайным днём у бібліятэцы адчуваўся скурай. Нарэшце ўсе камп’ютары былі вольныя і людзі змаглі парушаць правіла бібліятэчнай цішыні. Асабліва парушаць правілы спадабалася тым, хто заходзіў на агеньчык на танцпляцоўку “Стыльны аранжавы гальштук”. Тут асабліва вылучаўся своеасаблівы стол замоў з livevoices творчага саюза БДУ. Песні суправаджаліся добрай аддачай залы. Многія падпявалі каверу на песню “Вася” гурта “Брава”:

«Кто лучше всех танцует твист и рок-н-ролл,
Кто лучше всех играет Пресли на гитаре –
Конечно, Вася, Вася, Вася –

стиляга из Москвы».

Песні ёсць, а дзе ж танцы? Без іх не абышлося. Вядома, якія пяцідзясятыя без твіста? Майстар-клас ад школы танцаў “Арэлі” адолелі самыя адважныя пары. Лёгкія сукенкі ў гарошак плаўна слізгалі па танцпляцоўцы, а малінавыя пінжакі кружыліся з імі ў ціхамірным танцы.

Дык што ж здарылася з люстэркам? Яно было схавана за кніжнымі стэлажамі. Мы пралезлі ўнутр і – вой, ну і дзіва – там размяшчалася цэлая студыя мэйкапк і стайлінгу. Меўся нават уласны салон “тату” (малявалі хной, вядома, але можна было здзівіць маму на раніцу маленькім свавольствам). Нават некаторыя хлопцы вырашылі скарыстацца выпадкам і троху ўдасканалілі тон твару.

Мы не ўтрымаліся і занялі чаргу на ўсе магчымыя атмасферныя заняткі. Толькі вось прастаялі мы там нядоўга. Ад чакання зводзіла сэрца, і цікаўнасць брала верх. Тым больш калі зусім побач знаходзілася гульнявая зона, якую на той час насялялі ад сілы 2 наведнікі і адпачывалі аніматары. Адзін з іх апынуўся бармэнам з ярка жоўтымі штанамі. І прапанаваў хуткі таемны заклад. За кожны правільны адказ ён прапанаваў адну “манюшку” (мясцовая валюта).

Правілы такія: у кішэні ў бармэна ляжыць чатыры карты. Кожную з іх мы павінны былі адгадаць.

“Чырвоная ці чорная?” – пытае стыляга.

— Чорная.

— Давайце яшчэ раз: чырвоная ці чорная?

— Чырвоная.

— Правільна, вось дык дзіва!

Нам паказалі бубновы туз.

— Наступная карта малодшая ці старэйшая?

— Старэйшая.

— О! Няўжо!

Натуральна, бармэн прайграў у заклад, а мы пайшлі на “ЎСЁ! ТРАЦІМ ГРОШЫ Ў МАІМ БАРЫ!”

За барнай стойкай нам прапанавалі паспытаць папкорн і сухарыкі, чыпсы (за заробленыя манюшкі). З кактэйляў былі рознакаляровыя вадкасці пад назвамі “Брадвей”, “Стыльная чувіха”, “Завадатар”. Яны былі разліты ў трохлітровых слоіках з налепкамі.

Дзяўчына, якая стаяла перад мной, выклікнула: “А можна мне гэты кампот?” – паказваючы на “Чувіху”.

У кулуарах бара мы адшукалі Уладзіміра КУЛАЖАНКУ, дырэктара Фундаментальнай бібліятэкі, аднаго з самых галоўных арганізатараў бібліяночы.

— Уладзімір Генадзьевіч, распавядзіце падрабязней пра мерапрыемства

— Традыцыя праводзіць бібліяночы існуе ўжо даўно. Толькі раней у ёй удзельнічалі толькі студэнты БДУ. З мінулага года мы вырашылі далучыцца да міжнароднай бібліяночы. Тады прынялі ўдзел чатыры бібліятэкі. Сёлета ўжо на тры ўдзельнікі больш. Гэты рух набірае абароты, і чым далей, тым больш бібліятэк будзе ў яго ўключацца.

— Чым гэтая ноч будзе адрознівацца ад мінулай?

— 2016 год быў першым. Ён быў на тэматыку гісторыі беларускай кухні: кухары праводзілі майстар-класы: рабілі цукеркі з бульбы; дэманстравалі дакументальны фільм “Гiсторыя беларускай страўні” з 4 серый. Сёлета, спадзяёмся, будзе ярчэй!

— Прычым жа тут бібліятэка?

— Мы робім і выставу, і прэзентацыю, прысвечаную таму перыяду ў гісторыі. Гэта значыць, што нейкая адукацыйная аснова ў гэтым усё адно ёсць. Тое, што студэнты праводзяць час у бібліятэцы і ў сценах універсітэта, само па сабе добра. Мы гатовыя аддаваць бібліятэку для студэнцкіх рухаў. Нават для такіх крэатыўных і незвычайных.

Пагутарыўшы з Уладзімірам Кулажанкам і нядоўга думаючы, мы вырашылі-такі выдаткаваць заробленае ў бары і вярнуцца ў гейм-зону. На шляху нам сустрэўся падазронай знешнасці малады чалавек у капялюшы і бэжавым паліто. Ён спытаў, ці не хочам мы, каб ён паказаў нам “сёе-тое”. І вось незнаёмец расхінуў паліто… І падарыў нам стужачкі, якія мы павязалі на валасы.

А ў гульнявой ужо на ўсю моц “секліся” ў лато, кракадзіла, шашкі з грыбочкамі, настольны хакей, уна (картачная гульня). За выйгрышы і правільныя адказы можна было атрымаць тыя самыя манюшкі. І мы, як сапраўдныя авантурнікі, аддалмся забавам, далучыўшыся да гульні ў мафію. 

Абараніўшы горад ад злачынцаў, як след адпрацаваўшы звычайны дзень шэрыфа і медсястры, мы разам з мірнымі жыхарамі пачулі знаёмую фразу: “Горад засынае, прачынаецца мафія”. Гульцы абараняліся:

— Я не мафія, таму што па начах я люблю спаць!

— А вы не дакажаце, што я не мафія!

Перамагла мафія, і мы вырашылі, што ў гонар гангстараў зробім сабе парачку тату. Ужо зменшылася чарга – народ рушыў слухаць літаратурныя выступленні https://vk.com/fb_klumba “КЛУмБы”. Бібліятэкары вырашылі скарыстацца становішчам і навесці марафет.

Чатыры манюшкі мы абмянялі на выдатныя малюнкі на руцэ і перадалі іх Ксеніі АСКЕРЦЫ.

— Самая дзіўная рэч, якую цябе папрасілі намаляваць.

— Напэўна, самае дзіўнае – гэта слон ва ўда́ве.

— Колькі людзей за гэты вечар ты размалявала?

— Я не з самага пачатку тут. Чалавекі чатыры. Наша арганізацыя дапамагала арганізоўваць зону гульняў, а на тату было так шмат ахвотнікаў, што людзі не спраўляліся і я вырашыла дапамагчы.

Ноч набліжалася да свайго завяршэння. Вядучыя выбіралі самых стыльных наведнікаў “Ночы бібліятэкі”. Госці мерапрыемства склалі нам кампанію ў гульні уна. Адна з удзельніц гульні, Ксенія, распавяла пра тое, чаму сюды прыйшла і чым будзе дзяліцца з сябрамі:

— Фармат мерапрыемства падаўся даволі незвычайным. Арганізатары выйшлі за рамкі і арганізавалі такое мерапрыемства, дзе знайшлося штосьці для кожнага.

— Што б ты распавяла пра “Ноч бібліятэкі” сябрам?

— Распавяла б пра тое, як за 1 хвіліну пазнаёміцца з велізарнай колькасцю абсалютна розных людзей, калі проста вырашыў дапамагчы зразумець сутнасць гульні уна.

“Дзякуй што запальвалі з намі, былі на драйве і дзяліліся добрым настроем”, – сумна раздавалася са сцэны. Наведнікі, якія прыйшлі сюды за ўражаннямі, напоўніўшыся імі, пакідалі бібліятэку. Зараз яны ведалі, што гэта месца не толькі дае веды, але і натхняе на знаёмствы, заахвочвае цікаўнасць і энергію. Гэтак стэрэатыпнае ўспрыманне бібліятэкі адыходзіць на другі план у тых, хто апынаецца на бібліяночы.

Паліна ГРЫЦКЕВІЧ

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: