Падчас праекту “Навука на пальцах” дэманстраваліся эксперыменты з вадкім азотам, лазерамі і электрафорнай машынай (+відэа)

26 Apr, 2017.

Студэнтам важна не толькі рана пачынаць шлях у навуку, але і сумяшчаць скрупулёзныя даследаванні з іх папулярызацыяй. А значыць, часам трэба ўмець распавесці пра свае навуковыя дасягненні літаральна на пальцах – напрыклад, каб зацікавіць патэнцыйнага фундатара каштоўных распрацовак. Студэнцкі праект “Навука на пальцах” праходзіць у БДУ каторы год, збіраючы як зусім “зялёных” даследчыкаў, так і сур’ёзных навукоўцаў. Як адзначаюць арганізатары, у аснове праекта – простая перадача ведаў, як быццам расказваеш пра сваю работу сябрам.

13 красавіка ФМА прымаў “Навуку на пальцах” – студэнцкі праект, падчас якога маладыя навукоўцы расказваюць пра свае даследаванні простымі словамі. Папіць вадкага азоту, патрымаць храмаваныя ўручную дэталькі і за кубачкам гарбаты паспрачацца наконт медыяцыі ў Беларусі сабраліся “батанікі” самых розных факультэтаў БДУ і не толькі.

Сярод мэтаў праекта арганізатары – студэнцкі савет па якасці адукацыі – вылучаюць размыканне інтэлектуальнай прасторы: адарвацца ад сваіх даследаванняў і паглядзець, чым займаюцца калегі ў іншых галінах (напрыклад, каб хімікі маглі даведацца пра гісторыю), а таксама прывабіць да навуковых даследаванняў тых маладзёнаў, якія пакуль што не “загарэліся” навукай.

Адзін з удзельнікаў Арцём ХАРЫК (3 курс, гістфак) адзначае: “Мы варымся ўсе на сваіх факультэтах, а падчас такіх сустрэч можна паглязець, што ж такое ўвогуле студэнцкая навука, павучыцца крытычна мысліць, выступаць на публіцы і, нарэшце, троху сацыялізавацца: “батанікі” – народ часта троху самотны...”.

Настасся РАМАНОЎСКАЯ (БДТУ, 4 курс, факультэт хімічнай тэхналогіі і тэхнікі) удзельнічае ў “Навуцы на пальцах” ужо трэці раз: “Гэта дазваляе напрацаваць вопыт выступленняў на канферэнцыях, зараз шмат дзе даводзіцца выступаць, багата канферэнцый праводзіцца і ў нашым універсітэце, і ў БДУ. Бывае складана падабраць тэму, тым больш што тэрмін напісання работы часта – “учора”, ужо прывыкла... У асноўным, канферэнцыі аднабаковыя: або тэхнічныя, або гуманітарныя, найчасцей на нейкую вузкую тэму, таму сёння асабліва цікава паслухаць тых, хто працуе не ў маёй галіне. Вось калегу знайшла, таксама гальванатэхнік, прыемна пазнаёміцца і пагутарыць”.

Арганізатарамі выступалі самі студэнты. Так, Таццяна ЖЛУТКА з 1 курса эканамічнага факультэта зацікавілася навукай яшчэ ў 9 класе школы – і сёння шукае шляхі развіцця для “Навукі на пальцах”, натхняючыся “Навуковым рынгам” – праектам Парка высокіх тэхналогій у фармаце ScienceSlam : “У ПВТ выступоўцы не маглі карыстацца праектарам, а гэта адразу задае зусім іншы ўзровень кантакту з аўдыторыяй. Напрыклад, наш сённяшні спецыяльны госць Яўген Багашоў тлумачыў фізіку кваркаў з дапамогай баксёрскіх пальчатак, якія закінуў у глядацкую залу, каб патлумачыць, як кваркі шукаюць адзін аднаго. Наш праект яшчэ будзе мяняцца, развівацца, бо хочацца паказаць студэнтам, што навука – гэта цікава, і каб пры слове “пазнавальна” нашы людзі не разбягаліся. Пазнавальна – гэта крута і весела”.

Навуковы супрацоўнік НАН РБ (Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны) Яўген БАГАШОЎ тлумачыць свой удзел у падобных праектах: “Даследаванне маёй кандыдацкай дысертацыі – фізіка кваркаў, моцных ядзерных узаемадзеянняў, то бок з чаго складаюцца пратоны і нейтроны і г.д. Навукоўцы сёння павінны самі даказваць, абгрунтоўваць, што іх заняткі патрэбныя грамадству. За савецкім часам гэта не было распаўсюджана, таму дасюль у нас не існуе культуры прэзентацыі навуковых вынікаў шырокай публіцы. На маю думку, гэта не вельмі добра, і такія праекты, як “Навука на пальцах”, дапамагаюць рухацца ў патрэбным напрамку: аўдыторыі – даведацца новае са свету навукі, а навукоўцам – папрактыкавацца ў публічных выступленнях”.

Відэа:


Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *