Першае месца працы: топ-5 пытанняў пра размеркаванне студэнтаў БДУ

21 Apr, 2017, усяго праглядаў: 469.

На некаторых факультэтах БДУ ўжо прайшло размеркаванне, на іншых – першыя месцы працы для выпускнікоў вызначаць хуткім часам. Для тых, у каго засталіся пытанні з нагоды працаўладкавання, публікуем адказы на самыя папулярныя пытанні, якія дала намеснік начальніка ўпраўлення кадраў БДУ Вераніка Дабравольская.

 - Калі настае тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні?

- Выпускнікі сканчаюць навучанне 30 чэрвеня. Прыбыць на месца працы трэба па заканчэнні 30 дзён, звычайна гэта 1 жніўня, для педагогаў – 15 жніўня. Заключаецца працоўная дамова, і з гэтага моманту вылічаецца тэрмін працы па размеркаванні. З гэтага ж моманту выпускнік з'яўляецца маладым спецыялістам, і на яго распаўсюджваюцца гарантыі, кампенсаванні, а таксама адказнасць.

- Якія гарантыі распаўсюджваюцца на маладога спецыяліста?

- Пасля навучання ўсім выпускнікам належыць адпачынак – 30 дзён (для педагогаў – 45). За гэты час выплачваецца кампенсацыя з разліку месячнай стыпендыі. Малады спецыяліст можа не выкарыстаць адпачынак і выйсці на працу 1 ліпеня, тады тэрмін адпрацоўкі будзе вылічвацца з гэтага ліку, тым не менш наймальнік будзе абавязаны выплаціць кампенсацыю за адпачынак, прычым зрабіць гэта на працягу месяца.

Што да дадатковых ільгот, то іх досыць шмат у розных галінах, але агульнымі з'яўляюцца наступныя: усталяванне павышэння тарыфнага акладу на 10 % на працягу двух гадоў выпускнікам, якія атрымалі дыплом спецыяліста з адзнакай і магістрам. І існуе таксама надбаўка 50 % выпускнікам, уключаным у банк дадзеных адоранай і таленавітай моладзі.

Далей існуюць ільготы па пераездзе, звязаным з адпраўленнем на працу: аплата праезду і перавозу асабістых рэчаў. Малады спецыяліст, які пераязджае на новае месца жыхарства, у сувязі з гэтым атрымлівае пэўныя датацыі. Таксама працадаўца мае права аплачваць найманне жылля. Як правіла, цяпер практычна ўсе наймальнікі аказваюць падтрымку маладым спецыялістам па найманні жылля, гэта значыць выплачваюць кампенсацыю, якую абгаворваюць да таго, як выпускнік пачынае працаваць.

Яшчэ наймальнік не можа працаўладкаваць маладога спецыяліста на працу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю і кваліфікацыяй, і да заканчэння тэрміну адпрацоўкі не мае права звольніць.

- Ці абавязкова размяркоўвацца на поўную стаўку?

- Арганізацыя, якая вас запрашае, абавязана прапанаваць поўную стаўку, але па дамоўленасці з маладым спецыялістам магчыма заключэнне дамовы на частку стаўкі – гэта заканадаўствам не забаронена.

- Ці даецца адтэрміноўка па размеркаванні, калі паступіць у магістратуру?

- Калі вы залічваецеся на дзённую бюджэтную форму ў год заканчэння навучання, значыць, вы здаяце сваё сведчанне пра размеркаванне на працу, вучыцеся ў магістратуры і размяркоўваецеся ўжо пасля яе заканчэння. А калі вы паступаеце на платную форму навучання, то гэта вас ад адпрацоўкі не вызваляе.

- Як можна пераразмеркавацца?

- Пасля размеркавання ў маладога спецыяліста ёсць права звольніцца ў парадку пераводу па ўзгадненні двух наймальнікаў. Напрыклад, вы прыйшлі на працу, прапрацавалі нейкі час, а потым знайшлі, для сябе, скажам, лепшыя умовы, тады неабходна прыйсці да кіраўніка і сказаць: "Я хачу пераразмеркавацца". Толькі калі працадаўца вас адпусціць, вы маеце права пераразмеркавацца.

 Калі ў вас узнікнуць пытанні, якія тычацца працаўладкавання і размеркавання, вы можаце звярнуцца ў студэнцкі аддзел упраўлення кадраў БДУ.

 Падрыхтавала Валерыя БАНДАРЧЫК

Фота Юліі Казеевай

Намеснік начальніка ўпраўлення кадраў БДУ Вераніка Дабравольская і старшыня прафкама студэнтаў БДУ Вольга Локцева

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *