“Высту­паць перад вышэйшым інтэлектуальным актывам краіны шмат да чаго абавязвае”. Міхаіл Мясніковіч — ганаровы прафесар БДУ

13 Apr, 2017.

Ганаровым прафесарам БДУ стаў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Цырымонія ўручэння дыплома адбылася 22 сакавіка.
Міхаіл Уладзіміравіч – 36-ы ганаровы прафесар БДУ. Ён ушанаваны такім высокім званнем за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё беларускай навукі і вышэйшай адукацыі.

У сваёй прамове рэктар Сяргей Абламейка адзначыў тры грані пачэснага госця: дзяржаўнага дзеяча, навукоўца і чалавека, які робіць унёсак у развіццё навукі ў нашай краіне.


«Міхаіл Уладзіміравіч займаў  самыя высокія пасады ў краіне і  вельмі шмат зрабіў для стварэння Беларусі як дзяржавы за апошнія 25 гадоў, – адзначыў Сяргей Ула­дзіміравіч. – Працуючы ў Акадэміі навук, я бачыў, што ён, эканаміст, надаваў вялікую ўвагу ўсім аспектам навукі, у прыватнасці, той сферы, дзе я працаваў – інфармацыйным тэхналогіям. І, канешне, – узаемадзеянню з ВНУ і асабліва з БДУ. Увага да вышэйшай адукацыі была заўсёды: калі ён быў і старшынёй прэзідыума НАН Беларусі і прэм’ер-міністрам».


Яшчэ ў 2010 годзе паміж БДУ і НАН Беларусі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое прадугледжвала выкананне сумесных праграм і праектаў, выкарыстанне ўнікальнага абсталявання, а таксама падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Тады ж пры садзейнічанні Міха­іла Мясніковіча ў БДУ адкрыўся суперкамп’ютарны цэнтр. Плённае супрацоўніцтва вялося па шмат­лікіх кірунках народнай гаспадаркі  і ў касмічнай галіне.   Міхаіл Уладзіміравіч у БДУ не ўпершыню, але «разам з тым гэта   ў пэўнай ступені не толькі вымагае адказнасці, але і хвалюе – высту­паць перад вышэйшым інтэлектуальным актывам нашай краіны шмат да чаго абавязвае», – заўважыў дзяржаўны дзеяч. У рамках цырымоніі ён выступіў з лекцыяй на тэму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Данёс да слухачоў сваю пазіцыю і выслухаў пажаданні, каб выкарыстаць іх у сваёй практычнай дзейнасці.

Міхаіл Мясніковіч казаў пра неабходнасць паступова павялічваць выдаткі на навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія распрацоўкі, прыводзячы ў прыклад пазітыўны вопыт акупнасці ўкладанняў у НДДКР развітых краін. Ён згадаў пра важнасць развіцця навукаёмістай прамысловасці, неабходнасць адыходзіць ад крэдытавання і ўсе сілы накіраваць на прыцягненне прамых замежных інвестыцый, асабліва з Кітая.

Таксама Міхаіл Уладзіміравіч паведаміў пра прапанову па ўнясенні зменаў у інвестыцыйнае заканадаўства. У адказе на пытанне наконт функцыянавання НАН Беларусі ён адзначыў, што бачыць установу двухузроўневай: як навуковую супольнасць (акадэмічная навука) і інстытуты, якія павінны працаваць як гаспадарчыя суб’екты.
Ва ўрачыстым пасяджэнні прынялі ўдзел члены Савета БДУ, прэзідыум прафесарскага сходу, супрацоўнікі і студэнты.

Наталля КУДРАШОВА

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота ў лічбавым архіве БДУ

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *