Мастацтва дабівацца перамогі: каманда клуба “Фудасін” заняла першае месца на 5-м этапе Мінскай гарадской лігі каратэ

11 мая, 2017.

Шыхтаванне ўдзельніц катэгорыі “Ката Жанчыны 16+”. Злева направа: Кацярына Ігнатовіч , Кацярына Касцевіч , Вікторыя Шахно (Інстытут журналістыкі, 2 курс), Аліна Жаркова (ІБМТ, 3 курс). На заднім плане Алена Голубева (чырвоны пояс)

Кожны спаборніцкі этап у жыцці спартсменаў – гэта падстава пераасэнсаваць сваю падрыхтоўку, лепей разабрацца ў мажлівасцях свайго цела і сваіх мэтах у спорце. Гэтае сцверджанне асабліва датычыцца тых відаў спорту, якія, акрамя чыста фізічнай падрыхтоўкі, прапануюць сваім аматарам усебаковае асабістае развіццё, адкрываюць ім дарогу ў свет уласнай філасофіі і з цягам часу становяцца для іх стылем жыцця. Усё сказанае можна смела аднесці ўсходніх адзінаборства – і, у прыватнасці, да каратэ як аднаго з самых папулярных з іх на сённяшні дзень.

Кожны новы ўдар, новы прыём, новае дзеянне павінны быць лепшымі за папярэднія – так можна акрэсліць агульны прынцып працы тых, хто ставіцца да заняткаў адзінаборствамі сур’ёзна і жадае перамагаць. Аднак не толькі перамогі, але і паразы граюць сваю ролю ў станаўленні спартсменаў. “Ты не заўжды перамагаеш, але заўжды вучышся” – выраз, які ў розных варыяцыях паўтаралі сваім вучням безліч трэнераў. Любы выступ, удалы ці няўдалы, робіць свой унёсак у разуменні каратыстамі сваёй справы і становіцца падмуркам іх будучага поспеху.

30 красавіка 2017 года на базе СК “Алімпійскі” адбылося правядзенне спаборніцтваў заключнага 5-га этапу Мінскай гарадской лігі каратэ. Як і ў мінулым годзе, змаганні заключнага этапу атрымаліся надзвычай насычанымі ўва ўсіх раздзелах і катэгорыях. І гэта нядзіўна: акрамя мінскіх клубаў, з якіх свае каманды прадставілі 10 арганізацый, за тытул пераможцы вялі барацьбу таксама спартсмены Беларускай федэрацыі ўсходніх адзінаборстваў г. Барысава і мазырскі клуб “Сэйдакай”. Каманда клуба “Фудасін”, спартсмены якой традыцыйна прадстаўляюць БДУ на мерапрыемствах МГЛК, здабыла першае месца ў агульнакамандным медалёвым заліку, па колькасці залатых медалёў пакінуўшы пазаду нават сваіх бліжэйшых канкурэнтаў. Безумоўна, асноўная заслуга ў гэтым ляжыць на юных спартсменах клуба ўсіх узростаў. Аднак студэнты і супрацоўнікі БДУ зрабілі значны ўнёсак як у справу арганізацыі этапу, так і ў справу агульнай перамогі.

Алена Голубева ў паядынку за золата

Старэйшы выкладчык кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі фізічнага факультэта БДУ Алена ГОЛУБЕВА , невялікае інтэрв’ю ў якой мы бралі на мінулым этапе спаборніцтваў, зноў узбагаціла спартыўную скарбонку ўніверсітэта, і ў гэты раз – найвышэйшай, залатой узнагародай у катэгорыі “Кумітэ Жанчыны 18+ абс.”. Дзякуючы відавочнаму прафесіяналізму, разуменню сітуацыі на татамі і ўменню прадбачыць яе развіццё, а таксама плённай падрыхтоўцы да заключнага этапу, Алена ўпэўнена і пераканаўча разбіла сваю апанентку ў барацьбе за золата з лікам 5:1.

Кацярына Ігнатовіч выконвае ката Хэян Ёндан

Бронзу ў гэтай жа катэгорыі, дарэчы, здабыла дэбютантка раздзела “Кумітэ” і уладальніца жоўтага пояса студэнтка 1 курса Інстытута журналістыкі Кацярына ІГНАТОВІЧ. Акрамя азначанага поспеху, Голубева Алена Голубева здолела палепшыць свой вынік у раздзеле “Ката”, прынесшы БДУ срэбра. Бліскучае выкананне двух ката майстэрскага ўзроўню Джыон* і Басай Дай* ператварылася для нашай спартсменкі ў чыстыя (5:0) перамогі адпаведна ў чвэрць- і паўфінальных паядынках. Сярод мужчынскай паловы каманды асобна вылучаецца поспех студэнта 5 курса гістарычнага факультэта Івана ПРЫСТАЎКІ , здабыўшага 2 месца ў катэгорыі “Кумітэ Мужчыны 18+ -75 кг” і 3 месца ў катэгорыі “Ката Мужчыны 16+”.

Іван Прыстаўка выконвае ката Хэян Ёндан

Аднак не толькі радасць перамог суправаджала каманду напрыканцы спаборніцтваў. Для некаторых нашых спартсменаў заключны этап МГЛК стаў падставай задумацца аб тым, як лепей рыхтавацца да выступленняў у сваіх катэгорыях, якія тэхнічныя і тактычныя перавагі развіваць у кумітэ і як прыпадносіць сваё ката. Аб сваім вопыце ўдзелу ў катэгорыі “Ката Жанчыны 16+” раскажа студэнтка 1 курса Інстытута журналістыкі Кацярына КАСЦЕВІЧ:

Бой вымучыць, ды вывучыць, або

Як “Хэян Нідан” перамог “Хэян Сандан”

Кацярына Касцевіч

Пасля мінулага этапу Мінскай гарадской лігі каратэ і майго выступлення на ім прайшло 6 тыдняў. “Гэта жа шмат”, – падумаеце вы. І я так думала. Таму за гэты час вырашыла паспрабаваць вывучыць новае ката і ўжо з ім выступіць 30 красавіка. А чаму не? Трэба ж спрабаваць штосьці новае.

Выдатна. “Хэян Сандан” – трэцяе ката, што адносіцца да серыі “Хэян”. Усяго ката “Хэян” пяць: “Шодан”, “Нідан” (іх я дэманстравала на 4-м этапе спаборніцтваў), “Сандан”, “Ёндан” і  “Годан”.

“Хэян Сандан” робіцца хутка, але гэта не значыць, што ўкладваць моц не патрэбна. У гэтым ката выкарыстовываецца стойка кіба дачы (жалезны вершнік), якая патрабуе ўстойлівасці, амаль усе ўдары наносяцца ў корпус. Акрамя гэтага ёсць момант, калі трэба прыняць стойку хэйсоку дачы, што не адразу можа атрымацца. Але я хутка запомніла ката і з легкасцю дэманстравала яго на трэніроўках.

Вось і цудоўная раніца нядзелі. Рашучым крокам я ўвашла ў залу таэквандо, дзе ўжо рыхтаваліся да спаборніцтваў. Спартсмены актыўна разміналіся, суддзі ды сакратары ў прыгожых касцюмах уважліва слухалі брыфінг, вывучалі рэгламент мерапрыемства.  Хуценька перапрануўшыся, я таксама пачала размінацца, але не паспела паўтарыць сваё любімае “Хэян Сандан”.

У якасці “Ао” (сіні пояс) я выступала ў першай пары. І ўжо на пачатку спаборніцтваў мяне ледзь не дыскваліфікавалі, таму што я доўга не магла знайсці пояс патрэбнага колеру. На шчасце, побач аказаўся мой трэнер, таму я ўсе ж такі паспела на татамі.

Мая суперніца, “Ака”(чырвоны пояс) рабіла ката “Хэян Нідан”. Я ўважліва назірала за яе выступленнем, зусім не думаючы пра тое, што зараз будзе мой выхад. Раблю патрэбныя паклоны, выходжу на сярэдзіну татамі і…разумею, што не памятаю ката! Не ведаю, як перадаць адчуванне, калі забываеш тое, што рабіў шмат-шмат разоў. Але рашуча прымаю хачыджы дачы – стойку ўвагі, з якой пачынаецца выкананне.

Я не спяшалася зрабіць першы рух, з ўсёй напругай успамінаючы малюнак. “З усіх бакоў цябе аглядаюць суддзі, – казала нешта ўнутры, – таму недахопы адразу адловяць. Успамінай!” Я нават раззлавалася. Выгукнула назву ката і ўпэўнена пачала, даверыўшыся целу. Часам бывае так, што цела выдатна памятае ўсе рухі, нават калі ты не кантралюешь яго.

Усё прайшло даволі хутка. Свісток – і ў долі секунды ў паветры мільгнулі чырвоныя флажкі. “Хэян Нідан” перамог мой “Хэян Сандан”.

І гэта было справядліва. Таму што не так важна, выступаеш ты з ката на жоўты пояс ці на чорны. Куды важней адпаведнасць складанасці рухаў іх выкананню і само стаўленне да выступлення. Мая суперніца зрабіла другое па ліку ката ў серыі “Хэян”, я ж вырашыла паспрабаваць выступіць з трэцім. Таму вось мне яшчэ адна навука: не рабі тое, у чым не ўпэўнена.

Пакуль я абдумвала ўсе свае памылкі, праз пэўны час на татамі аб’явілі раздзел “Кумітэ Мужчыны 18+ -75 кг”.

У гэтым разделе ўдзельнічаў прадстаўнік нашага клуба Іван ПРЫСТАЎКА, уладальнік сіняга пояса, які да гэтага моманту паспеў таксама заваяваць бронзавы медаль у раздзеле “Ката”. Назіраючы, як напружана праходзяць тры хвіліны бою, я вырашыла спытаць нашага “срэбнага” кумітыста пасля выступлення, як яму ўвогуле было выступаць на сенняшніх спаборніцтвах.

Іван Прыстаўка(сіні пояс) у катэгорыі “Кумітэ Мужчыны 18+ -75 кг”

Неад’емная частка жыцця

Іван, з якімі ката ты выступаў сёння? Чаму выбраў менавіта іх?

― Я выбраў тыя ката, якія лепш за ўсе ведаю, каб не марнаваць увагу і сілы на прыгадванне кожнага наступнага руху, а сканцэнтравацца на патрэбнай хуткасці, выразнасці і моцы. Таму сення прадэманстраваў “Хэян Сандан” і “Хэян Ёндан”.

Іван Прыстаўка заваяваў срэбра ў катэгорыі “Кумітэ Мужчыны 18+ -75 кг” і бронзу ў катэгорыі “Ката Мужчыны 16+”

Дзе было цяжэй вступаць: у кумітэ ці ў ката?

У кумітэ. У паядынку мала магчымасцяў прымяніць тэхнікі ката, як бы добра ты імі не валодаў. Тут неабходна задзейнічаць дзясяткі прыёмаў – зыходзячы з сітуацыі, якую трэба пралічваць за долі секунд. Нельга доўга разважаць, інакш пройгрыш непазбежны.

Расскажы пра свае уражанні. Што больш за ўсе запомнілася?

У гэты раз у мяне былі не самыя яркія ўражанні ад кумітэ. Упусціўшы перамогу ў фінальным паядынку, я задаволіўся срэбрам. Самы яскравы момант памятаю, калі атрымаў ад суперніка ўдар ушыра мавашы геры ў галаву. Ад ката эмоцый больш, хоць я і заняў трэцяе месца. Давялося спаборнічаць з наймацнейшымі супернікамі і ў выніку прынесці чарговую медаль у скарбонку клуба.

Які ўрок ты атрымаў ад сенняшніх спаборніцтваў?

― На гэтым этапе гарадской лігі я зразумеў, наколькі важна не ўпусціць ключавыя элементы ў раздзеле “Ката” і наколькі больш спрытным неабходна быць у раздзеле “Кумітэ”.

Як ўвогуле табе выступленні нашай каманды “Фудасін”?

― Адразу ж хочацца ўсіх нас радасна павіншаваць з 1-ым агульнакамандным  месцам сярод 12 клубаў! Гэта вялікі поспех! Кожны ўдзельнік унёс сваю лепту, нават тыя, хто не змог заваяваць медаль. Разам мы склалі моцную канкурэнцыю. Мы прадэманстравалі сілу духу і цела, а таксама рэалізавалі прадуктыўныя метады трэніроўкі нашых настаўнікаў.

Ці плануеш далей займацца каратэ?

За 5 гадоў каратэ стала для мяне неад’емнай часткай жыцця, таму трэніроўкі чакаюць мяне!

Я шчыра жадаю поспехаў Івану і новых перамог у гэтым прыгожым баявым мастацтве.

Сама ж я атрымала ад спаборнітваў вельмі добры ўрок. Не хопіць пальцаў адной рукі, каб палічыць памылкі, якія я ад неўпэўненасці і хвалявання нарабіла. Таму ёсць над чым працаваць да наступных спаборніцтваў. Хачу падзякаваць арганізатарам, суддзям і трэнерам. А таксама маім сябрам, якія падтрымлівалі мяне і дапамаглі разабраць памылкі.

Як ужо было адзначана, акрамя ўдзелу ў спартыўных паядынках, студэнты і аспіранты БДУ прынялі ўдзел у арганізацыі заключнага этапу МГЛК ў якасці сакратароў і суддзяў. Пра гэты аспект спаборніцкай дзейнасці распавядзе аспірант філалагічнага факультэта 2-га года дзённая формы навучання

Сяргей МАЕЎСКІ:

Мудрагелістасць руціннага

Як і на мінулым этапе Мінскай гарадской лігі каратэ, я быў заяўлены ад клуба “Фудасін” у якасці выступоўцы ў раздзеле “Ката Мужчыны 16+” і суддзі ў дзіцячых катэгорыях. Аднак у гэты раз мяне зацікавіла не толькі ўласная падрыхтоўка, але і асваенне нашымі студэнтамі тонкасцяў сакратарскай работы. Дадзены бок работы дагэтуль яшчэ не асвятляўся ў нашых матэрыялах, і ў гэты раз падстаў апісаць яго было больш чым дастаткова. Бо ў азначанай якасці на заключным этапе мелі працаваць чатыры нашыя студэнты: Вікторыя ШАХНО  (Інстытут журналістыкі, 2 курс), Людміла ВІЛЕНЧЫЦ  (геаграфічны факультэт, 4 курс), Елізавета КУРЫЛІНА  (біялагічны факультэт, 4 курс) і Міхаіл  ЛУКАШЭВІЧ (факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, 2 курс). Звязаўшыся з арганізатарамі спаборніцтваў, я атрымаў дазвол наведаць вучэбнае мерапрыемства для сакратароў, каб скласці сваё меркаванне пра іх дзейнасць.

Перад тым, як адправіцца на мерапрыемства, я паспрабаваў самастойна даведацца пра тое, з чым давядзецца працаваць. А менавіта – пра праграму Sportdata, якая выкарыстоўваецца не толькі на спаборніцтвах па каратэ, але і на турнірах па боксе, дзюдо, муай-тай, кікбоксінгу, самба і яшчэ многіх іншых спартыўна-баявых дысцыплінах. Толькі такія асноўныя мажлівасці Sportdata, як упраўленне дадзенымі, вядзенне разнастайных відаў улікаў, рахункавае табло з прасунутымі функцыямі, відэафіксацыя паядынкаў і іх трансляцыя ў Інтэрнэт, на маю думку, у значнай ступені паспрыялі пашырэнню праграмнага забеспячэння.

Вікторыя Шахно (Інстытут журналістыкі, 2 курс) выконвае ката Хэян Шодан

Калі я ўвайшоў у залу, дзе мелася адбыцца навучальнае мерапрыемства, мяне і астатніх сакратароў ужо сустрэлі падрыхтаваныя да працы рабочыя станцыі, дысплэй з агульным рахункам, стандартныя папяровыя бланкі пратаколаў (якія абавязкова патрэбна весці паралельна з электроннымі пратаколамі), а таксама дасведчаныя кансультанты і рэферы, што павінны былі мадэляваць магчымыя сітуацыі ў паядынках усіх раздзелаў. Перад тым, як дапусціць нас непасрэдна да работы, арганізатары распавялі пра агульныя прынцыпы пратакаліравання і адсочвання дзеянняў суддзяў і рэферы, нагадалі ўмоўныя абазначэнні, якія патрэбна выкарыстоўваць у папяровых варыянтах, і вельмі падрабязна прадэманстравалі ад пачатку да канца парадак работы з праграмным забеспячэннем, змадэляваўшы некалькі вучэбных сітуацый.

Пасля дадзенага інструктажу кожны з нас павінен быў самастойна сесці за клавіятуру, настроіць праграму і выбраць належны раздзел і катэгорыю турнірнай сеткі. Пільна назіраючы за жэстамі рэферы і слухаючы яго каманды, мы запускалі і спынялі таймер паядынку, адзначалі заліковыя дзеянні, сэншу* і парушэнні па асобных катэгорыях (абіраючы таксама патрэбную графічную ілюстрацыю для гледачоў), адсочвалі прасоўванне пераможцаў у сетцы, ўказвалі прычыны ўмоўнай дыскваліфікацыі ўмоўных нядбайных ці агрэсіўных спартсменаў, наладжвалі “правядзенне” суцяшальных паядынкаў і фіналаў. На вялікай колькасці тыповых сітуацый мы “набівалі руку” і вучыліся імгненна і дакладна рэагаваць на каманды, адлюстроўваць патрэбныя змены на табло і фіксаваць іх у пратаколах. Але падрабязна разбіраліся таксама і больш складаныя выпадкі кшталту, напрыклад, адначасовага зараблення балаў абодвума спартсменамі за дзеянні рознай ацэначнай вартасці, адначасовай дыскваліфікацыі абодвух выступоўцаў за зламысныя дзеянні, паспяховых апеляцый трэнераў.

Маючы невялікі досвед судзейскай працы, што прадугледжвае неабходнасць адсочвання кожнага дзеяння на татамі і хуткага прыняцця рашэнняў, я не меркаваў, што руцінная (як дагэтуль здавалася) дзейнасць сакратара акажацца настолькі няпростай і дынамічнай. Але ж як і любая адказная работа, яна вымагае поўнай сканцэнтраванасці і самааддачы. Той жа думкі прытрымліваецца і студэнт 2 курса ФПМІ Міхаіл ЛУКАШЭВІЧ, з якім па асобных момантах мне давялося разам папрацаваць падчас навучання .

Веды, рэакцыя і ўвага

Міхаіл Лукашэвіч

-Міхаіл, які вопыт Вы маеце ў спартыўным сакратарстве на сённяшні дзень? Якія маеце ўражанні ад сённяшняга мерапрыемства і ад азначанай работы наогул?

-Работа сакратара – гэта дзейнасць збольшага механічная, але разам з тым яна вымагае вялікай уважлівасці і патрабавальнасці да сябе. Мой сакратарскі досвед быў распачаты на мінулым этапе Мінскай гарадской лігі каратэ. Менавіта там давялося ўпершыню прымяніць свае веды на практыцы, абтачыць навыкі ў “палявых” умовах. Сёння мы прайшлі насычаную вучэбную праграму, якая паглыбіла разуменне нашай сферы адказнасці.

-Я паспеў ацаніць напружанасць Вашай дзейнасці ў вучэбным рэжыме. Скажыце, ці ёсць наогул у “баявых” умовах месца для адпачынку, ці сакратар пастаянна “на ўзводзе”?

-Перарывы, безумоўна, існуюць. Гэта кароткія адпачынкі паміж катэгорыямі і адзін доўгі падчас адпачынку судзейскай брыгады. Але падчас самой работы не існуе мажлівасцяў адарвацца ад яе, патрэбна пастаянна быць уважлівым і ўцягнутым у працэс.

-Вы маеце зялёны пояс па каратэ. Наколькі дапамагае практыка заняткаў каратэ і спартыўных выступленняў у сакратарскай справе?

-Безумоўна, вопыт непасрэднага далучэння да спорту аказваецца надзвычай карысным. Найперш гэта дазваляе лепш арыентавацца ў тым, што адбываецца на татамі: напрыклад, якія дзеянні выконваюць спартсмены ў раздзеле іпон-кіхон кумітэ*, ці адпавядае заяўленае выступоўцам ката рэальна выкананаму, ці адпавядае ката сваёй схеме. Таксама кожны сакратар мае разбірацца ў спартыўнай тэрміналогіі – ведаць, як па-японску называюцца ўдары рукамі, нагамі, заліковыя зоны, тыпы ацэнак, ступені парушэнняў і г.д.

-Наколькі дапамагае ў Вашай працы дакладнае веданне правілаў WKF*?

-Веданне правілаў – гэта не толькі разуменне адзначаных вышэй момантаў, але і неад’емная ўмова карэктнай рэакцыі на жэсты і каманды рэферы. Усе жэсты і каманды дакладна прапісаныя і праілюстраваныя ў рэгламентуючым дакуменце. Дасведчанасць у яго змесце – гэта прэрагатыва не толькі суддзяў. Акрамя таго, як Вы таксама сёння чулі, правілы могуць змяняцца: так, усяго толькі за 10 дзён да нашага навучальнага мерапрыемства быў зменены жэст рэферы, які ён мае паказаць пры наданні спартсмену перавагі сэншу*. Усё падобныя моманты павінны быць улічаныя.

Заканчэннем 5-га этапу Мінскай гарадской лігі каратэ яскрава і пераможна завяршыўся спаборніцкі перыяд клуба “Фудасін” на гэты навучальны год. Аднак “Пасля перамогі зацягні рамяшок свайго шлема тужэй” – кажа нам японская прыказка, і да гэтых словаў варта прыслухацца кожнаму нашаму каратысту. Бо наперадзе ў спартсменаў вельмі адказнае і складанае выпрабаванне – здача на пояс. Пажадаем байцам плёну ў падрыхтоўцы!

 

Сяргей МАЕЎСКІ, Кацярына КАСЦЕВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: