Грамадзянская абарона БДУ на новай вышыні

19 Jun, 2017.

 У Маскоўскім раёне Мінска ў маі былі праведзены спаборніцтвы пастоў радыяцыйнага і хімічнага назірання, санітарных дружын, а таксама раённы агляд-конкурс ахоўных збудаванняў грамадзянскай абароны, на якіх каманды БДУ вельмі добра сябе зарэкамендавалі.

 У спаборніцтве пастоў прынялі ўдзел 23 пасты радыяцыйнага і хімічнага назірання і 47 санітарных звёнаў. Традыцыйна моцнымі ў Маскоўскім раёне лічацца каманды ГП "Мінскі метрапалітэн", УЗ "9-я гарадская клінічная бальніца", ААТ "Мінскі вагонарамонтны завод", РУП "Белмедпрэпараты".

Заняткі і трэніроўкі з працаўнікамі БДУ, якія ўваходзяць у склад грамадзянскіх фарміраванняў, праводзілі начальнік штаба грамадзянскай абароны Аляксандр Храбтовіч, начальнік службы радыяцыйнай бяспекі Аляксандр Дзясятнікаў і дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі Андрэй Багацікаў. Падрыхтоўкай спецыяльных сродкаў грамадзянскай абароны займаўся Аляксандр Дзідзёнак, вядучы інжынер па грамадзянскай абароне.

Упершыню ўдзел у раённых спаборніцтвах прыняў пост радыяцыйнага і хімічнага назірання БДУ ў складзе камандзіра паста Аляксандра Грыцука, інжынеры па радыяцыйнай бяспецы 2 катэгорыі службы радыяцыйнай бяспекі; разведчыка-дазіметрыста Вячаслава Касабуцкага, дацэнта кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій хімічнага факультэта; разведчыка-хіміка Дзмітрыя Чурыкава, старшага выкладчыка кафедры арганічнай хіміі хімічнага факультэта.

Назіраць за іншымі камандамі і параўноўваць вынікі не ўяўлялася магчымым, у чым і была інтрыга спаборніцтваў. На кожным этапе правяральшчыкі па секундамеры засякалі час і выстаўлялі штрафныя балы за дапушчаныя памылкі. На этапе па праверцы тэарэтычных ведаў каманда БДУ выступіла бліскуча. У выкананні нарматываў па падрыхтоўцы дазіметрычных і хімічных прыбораў да працы, надзяванні сродкаў індывідуальнай абароны нашай камандзе не было роўных.

Пасля падліку вынікаў усіх этапаў нашу каманду ад пераможцаў – УЗ "9-я гарадская клінічная бальніца" – аддзяліў усяго адзін штрафны бал. Трэцяе месца прысуджана камандзе ААТ "Мінскі вагонарамонтны завод".

Вячаслаў Касабуцкі прызнаны найлепшым разведчыкам-дазіметрыстам спаборніцтваў, а каманда БДУ ганаравана граматы.

Спаборніцтва санітарных дружын грамадзянскай абароны арганізацый, прадпрыемстваў і навучальных устаноў Маскоўскага раёна г. Мінска прайшло з удзелам 57 камандаў не менш захапляльна. БДУ быў прадстаўлены супрацоўнікамі і студэнтамі геаграфічнага факультэта ў складзе камандзіра санітарнага звяна Сяргея Пракаповіча, старшага выкладчыка кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм; а таксама сандружыннікаў Ільі Лагачова, асістэнта кафедры інжынернай геалогіі і геафізікі; Вадзіма Дубаўца, Марыны Мядзведзькавай, Мікіты Фурса і Аляксандры Цяцеркінай (усе – студэнты другога курса 55 групы).

Па выніках спаборніцтваў санітарнае звяно БДУ заняло годнае 7 месца. Сяргей Пракаповіч прызнаны найлепшым камандзірам санітарнага звяна грамадзянскай абароны Маскоўскага раёна і ўзнагароджаны граматай кіарўніка адміністрацыі і каштоўным падарункам. Судзейскай камісіяй дадзена высокая ацэнка тэарэтычнай падрыхтоўцы і практычным дзеянням студэнтаў, якія ўваходзяць у склад санітарнага звяна БДУ, якое ўпершыню прымала ўдзел у спаборніцтвах.

Веды, зладжанасць і запал – галоўныя складнікі поспеху, і ўсё гэта было дасягнута сур'ёзнай падрыхтоўкай і працай.

Пры правядзенні агляду-конкурсу камісіяй Маскоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ахоўнае збудаванне грамадзянскай абароны БДУ прызнана адным з найлепшых.

Высокія дасягненні ў спаборніцтвах паказалі, што адмысловыя службы ўніверсітэта ў выпадку ўзнікнення рэальных тэхнагенных, прыродных і іншых пагроз здольныя прафесійна забяспечыць бяспеку працаўнікоў і навучэнцаў БДУ, прыняць правільныя рашэнні, аказаць дапамогу па ўсім спектры пытанняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.

Штабам грамадзянскай абароны ва ўзаемадзеянні са структурнымі падраздзяленнямі БДУ праводзяцца планавыя вучэнні і трэніроўкі, адпрацоўваюцца практычныя навыкі ўсіх падраздзяленняў і службаў грамадзянскай абароны.

БДУ займае лідзіруючыя пазіцыі па грамадзянскай абароне. Рэктару нашага ўніверсітэта акадэміку Сяргею Абламейку ўручана ганаровая грамата адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска за высокія паказчыкі ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый, узорны ўдзел у раённых комплексных вучэннях па грамадзянскай абароне ў 2016 годзе.

Сяргей РАДЗІВОНАЎ

Фота Генадзя Краскоўскага

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *