Фатаграфія і куб сталі адным цэлым у незвычайнай выставе Алены Бузук

20 Jun, 2017.

Упэўнена, што кожны, хто завітваў на журфак БДУ, на хвіліначку спыняўся ля незвычайных кубоў, якія сустракаюць наведнікаў на першым паверсе. Незвычайнасць фігурам надаюць фотаздымкі, размешчаныя на ўсіх гранях. Аўтарам такой цуда-выставы стала Алена БУЗУК, якая зараз праходзіць навучанне на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі. Падчас размовы творца расказала, калі адкрыла для сябе дзівосны свет фатаграфіі, чым запомніліся дні на журфаку, як узнікла ідэя стварэння цікавай экспазіцыі, якая працягнецца да 23 чэрвеня.

– Як даўно пачалося ваша сяброўства з фотакамерай?

– Усё, што адбываецца ў жыцці, – не выпадкова. Самае дзіўнае, што зразумець гэта можна толькі праз нейкі час, а не тады, калі ты з'яўляешся ўдзельнікам гэтых падзей. Фатаграфія заўсёды нябачна прысутнічала ў маім жыцці. Напрыклад, здымаць на плёнку вельмі любіў родны дзядзька, мама 10 гадоў працавала ў фотастудыі. З фатаграфіяй прайшло дзяцінства, побач з ёй я расла. Пасля ў 16 гадоў пазнаёмілася з магілёўскімі фатографамі Міронам Шчудлам і Аляксандрам Ліціным. Цікава, што вершы, якія я тады пісала, дзіўным чынам падышлі да прац апошняга майстра. Дарэчы, з ім сябрую і зараз. Лічу, што менавіта ён стаў маім настаўнікам, я вельмі ўдзячная гэтаму мудраму і чуламу чалавеку.

***

Глядит мне в окно

Моё отражение –

Взгляд со стороны.

– Вы лічыце фатаграфію сваім хобі ці прафесіяй?

– Фатаграфія як хобі прысутнічала ў маім жыцці заўсёды. Зрабіць яе прафесіяй дапамог... дэкрэтны адпачынак. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці я задалася пытаннем: выходзіць на звычайнае месца працы ці адкрыць нешта сваё? І я вырашыла рызыкнуць. Спачатку разглядала фатаграфію выключна з камерцыйнага пункта гледжання. Дзякуючы гэтаму ўдалося абнавіць тэхніку і нават адкрыць сваю невялікую студыю. Тады творчай фатаграфіяй не займалася, але кожны раз, прыязджаючы на ​​заказ, старалася зрабіць адзін нейкі кадр для сябе. Я лічыла працу ўдалай, калі заставалася задаволеная гэтым кадрам. З часам скарбонка папаўнялася. Некалькі гадоў здымала вельмі часта (150–180 разоў у год), шмат эксперыментавала, асабліва з мультыэкспазіцыяй. Заўважу, што камерцыйная фатаграфія – гэта выдатны спосаб навучыцца здымаць тэхнічна, але без асноў, вядома, нікуды. Вось і ў мяне былі спачатку курсы, потым яшчэ курсы, пасля пастаянныя майстар-класы і самаадукацыя. Спрабавала свае сілы і ў фотаконкурсах. У мяне дзве ўзнагароды BICFP. Гэта штогадовая міжнародная прэмія дзіцячых і сямейных фатографаў. У 2015 годзе прыз у намінацыі “Адкрыццё года”, у 2016 – “Арт”.

– Удзел у фотаконкурсах прынёс вашым працам поспех. Цікава, ці спрабавалі раней арганізоўваць фотавыставы, альбо на журфаку адбыўся дэбют?

– Год таму адбылася мая аўтарская выстава ў Магілёве, куды ўвайшла серыя здымкаў з Італіі – “Сінь”. Былі арганізаваны і іншыя выставы магілёўскіх фатографаў. Гэта “Між намі”, “Восень у горадзе”, дзе я ўзяла на сябе ролю куратара. І гэта абавязвае. Ведаць больш. Умець больш. Хацець большага. Менавіта таму цяпер атрымліваю класічную адукацыю ў БДУ. Прыняць рашэнне паступаць было няпроста: мне ўжо не 20 гадоў, я не з Мінска, дома сям'я, праца. Гэта такая ж рызыка, як і адкрыццё сваёй справы. Але калі выходзіш з зоны камфорту, то заўжды адчуваеш унутраны рост. Заўcёды ўдавалася спраўляцца з цяжкасцямі, таму што я аптыміст, хутка адаптуюся да новых умоў, ва ўсіх справах знаходжу плюсы.

– Якія пазітыўныя моманты падаравала вам вучоба на журфаку?

– Іх шмат. Напрыклад, вельмі падабаецца кола зносінаў. Сярод выкладчыкаў нашага курса шмат фатографаў, таму навучанне – гэта размова на роўных, а не сумныя лекцыі. Гэта шанец праявіць сябе, паспрабаваць паглядзець на фотаздымак пад іншым вуглом. Гэта зусім іншыя магчымасці. Тут набываю новы, вельмі важны для мяне досвед. Рада, што на журфаку сустрэла людзей, якія задалі вектар руху, і ён не лінейны. Сярод іх Павел Осіпаў, Юрый Іваноў, Кацярына Гуртавая, Сяргей Плыткевіч, Марына Бацюкова, Павел Пятрышчаў. Кожны з іх – цікавая і дасведчаная асоба! Яны дзеляцца з намі сваімі поглядамі на фатаграфію, якія, як мазаіка, складаюцца ў вялікую непаўторную карціну. Яны натхняюць.

– Можна лічыць, што гэты новы досвед натхніў вас на стварэнне незвычайнай выставы на кубах “Прывітанне, гэта я”?

– Праца над гэтым фотапраектам пачалася ў лютым, якраз пасля першай сесіі. Тут кожны здымак з'яўляецца фотаасацыяцыяй на розныя тэмы: “Энергія”, “Стыхія”, “Рух”, “Самапазнанне”, “Сталенне”, “Абавязкі”, “Магчымасці”, “Межы”. Вельмі ўдзячная сваім калегам-фатографам (а ў кадры толькі яны) Іне Мельнікавай, Ірыне Пыслар, Марыне Грыбоўскай, Кацярыне Саламянікавай і іншым, што дапамаглі мне рэалізаваць гэты праект. Ён стаў серыяй асацыяцый, спосабам пазнання свету і перадачы ўласных паняццяў пра яго візуальна, з дапамогай фатаграфіі.

– Чаму для фотавыставы абралі такую незвычайную форму падачы – кубы?

– Кожная грань – гэта пэўны настрой і пэўная тэма. Зручней разглядаць фатаграфіі, калі ўзяць куб у рукі. Так чалавек сам вырашае, дзе на малюнку ніз, а дзе верх, а ад гэтага залежыць і ўспрыманне. Іх памер 40*40*40 см, зробленыя з лёгкага матэрыялу. Гэты праект рыхтавала для выставы творчасці “Фларыяль”, якая праходзіла ў Магілёве ў красавіку. Праца над ім працягваецца, да канца восені планую прадставіць яго другую частку. Хочацца папрацаваць над такімі паняццямі як “Радасць быцця”, “Каханне”, “Актыўнасць”, “Маўчанне”, “Выбар”. Напэўна, апошняе паняцце выдатна характарызуе мяне, маю сутнасць, унутраны стан. 

Гутарыла Дар’я НІКАНЧУК

Фота Васіля Кузьмічкіна

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *