Студгарадок як новы свет. Якія ўмовы даюцца студэнтам інтэрнатаў і як там жыць?

1 Sep, 2017.

З 25 жніўня тысячы іншагародніх студэнтаў пачалі засяленне ў інтэрнаты. Яны знаёмяцца з новымі суседзямі, радасна сустракаюць старых сяброў. Пакоі зноў запоўненыя галасамі і смехам, а на кухнях запахла смачнай ежай. Газета «Універсітэт» паразмаўляла з дырэктарам студэнцкага гарадка Алай МЕЛЕХ і даведалася, якія ўмовы даюцца студэнтам інтэрнатаў і як там жыць.


У 2017/2018 навучальным годзе заселіцца каля 8000 студэнтаў. Працэнт засялення павялічыўся прыблізна на 5-6 % у параўнанні з мінулым годам за кошт падвойнага выпуску на некаторых факультэтах  ў 2016/2017 навучальным годзе.  Жылыя месцы прапарцыйна размеркаваны паміж факультэтамі і    інстытутамі. Асаблівая ўвага – першакурснікам: для іх зарэзервавана чвэрць ад агульнай колькасці месцаў. Рашэннем Савета БДУ ў гэтым навучальным годзе ў інтэр­наты заселіцца 100 % першакурс­нікаў механіка-матэматычнага, фі­зіч­­нага, біялагічнага, хімічнага, геаграфічнага, ваеннага, а таксама  факультэтаў прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, а для астатніх факультэтаў гэтая лічба складзе 85 %. Размеркаваннем  сту­дэнтаў па пакоях займаецца камісія па жыллёва-бытавых пытаннях факультэта, дзе вучыцца студэнт, якую ўзначальвае намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Месца ў інтэрнатах у БДУ ў першую чаргу атрымліваюць студэнты, якія маюць ільготы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (сіроты, інваліды, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія навучаюцца са шматдзетных сем'яў і г.д). Студэнты, якія не маюць ільгот атрымліваюць месцы ў парадку агульнай чаргі. Перавагай карыстаюцца рабяты з найбольш высокім сярэднім балам паспяховасці за ўвесь перыяд навучання, а таксама студэнты, якія праявілі сябе ў навукова-даследчай, грамадскай, культурна-масавай і спартыўнай рабоце. А яшчэ ёсць магчымасць запісацца ў студэнцкія атрады і таксама атрымаць месца ў інтэрнаце ў прыярытэтным парадку.

Пражыванне
Студэнцкі гарадок БДУ налічвае 9 інтэрнатаў для студэнтаў і адзін для супрацоўнікаў. Два з іх зусім новыя, знаходзяцца на тэрыторыі Студэнцкай вёскі, побач з метро, паркам і гандлёвымі цэнтрамі.  Большасць астатніх інтэрнатаў пад­трымліваюцца за кошт капітальнага і касметычнага рамонтаў. Падчас працоўнай змены буд­атрады на працягу месяца добра­ўпарадкоўвалі інтэрнаты і рыхтавалі іх да новага навучальнага года.

Для моладзі створаны неабходныя ўмовы для пра­жывання і паспяховай вучобы. Усе інтэрнаты аснашчаны мэбляй і пасцельнымі рэчамі, маюцца абсталяваныя кухні і санвузлы, у будынках размешчаны буфеты, сталовыя і кафэ. У інтэрнатах № 2, 4, 7 і 11 працуюць пральні, у кожным інтэрнаце выдаюць пасцельную бялізну. Таксама ў некаторых з іх ёсць цырульні, майстэрні па рамонце абутку і адзення. Амаль у кожным інтэрнаце ўладкаваны тэрміналы для электроннай аплаты паслуг або інфакіёскі. Рыхтавацца да заняткаў можна ў абсталяваных усім неабходным пакоях для самапад­рыхтоўкі. У інтэрнатах ёсць магчымасць і для адпачынку: пасля складаных пар студэнты могуць пагу­ляць у біль­ярд ці тэніс, заняцца спортам у трэнажорных залах, патанцаваць.

Усе інтэрнаты падзяляюцца на тры катэгорыі. Жыллё кватэрнага тыпу адпавядае першай катэгорыі, блокавага – другой і калідорнага – трэцяй. Кошт пражывання ў інтэрнатах залежыць толькі ад памеру базавай велічыні. Да прыкладу, за жыллё першай катэгорыі штомесяц давядзецца плаціць 1,2 базавай велічыні, што ў рэальных грашах складзе Br27,6. За жыллё другой катэгорыі аплата складзе 0,8 базавай велічыні, або Br18,4, за пакой у інтэрнаце трэцяй катэгорыі аплата складзе 0,4 базавай велічыні, або Br9,2. Цэны на пражыванне ў гэтым годзе застаюцца нязменным.

Гарачая лінія
Па пытаннях засялення ў інтэрнаты з 21 жніўня па 1 верасня працавала гарачая лінія. Часцей за ўсё студэнты тэлефанавалі, каб даведацца, ці ёсць у інтэрнатах пас­цельная бялізна, а у пакоі\блоку халадзільнік, якія электрапрыборы дазволеныя. Першакурснікаў цікавіла, ці далі ім месца ў інтэрнаце, калі не – пад якім нумарам у чарзе яны знаходзяцца. Былі і незвычайныя выпадкі, напрыклад, студэнта засялілі на вельмі высокі паверх, а ён ніколі не ездзіў на ліфце і хацеў даведац­ца, як памяняць пакой. А некаторыя і зусім блыталі ВНУ: тройчы на гарачую лінію звярталіся бацькі студэнтаў, якія паступілі ў БДУФК, з пы­таннем: чаму ім не далі месца ў інтэрнаце.

Адаптацыя
Вельмі важным момантам, лі­чаць у студгарадку, з’яўляецца адаптацыя студэнтаў, якія пражы­ваюць у інтэрнаце ўпершыню. Штогод студэнцкімі саветамі сумесна з адміністрацыяй і педагагічным складам інтэрнатаў право­дзяцца сходы з першакурснікамі. На дадзеным мерапрыемстве ім тлумачаць правілы пражывання, распавядаюць пра пакоі сацыяльна-бытавога і культурнага прызна­чэння, гурткі і секцыі, якія працу­юць на базе Студэнцкага гарадка. Традыцыйным мерапрыемствам стала «прысвячэнне» для першакурснікаў, якое арганізоўвае сту­дэн­цкі савет інтэрната.

Уся інфармацыя адносна інтэрнатаў БДУ і правілаў пражывання даступная на сайце: studgorodok.bsu.by, а каб заўсёды быць у курсе падзей, далучайцеся да афіцыйнай групы ва «УКантакце».

Студэнцкі гарадок БДУ – гэта выдатная пляцоўка для рэалізацыі творчага патэнцыялу і лідарскіх якасцяў навучэнцаў універсітэта праз органы студэнцкага самакі­равання. Гэта гурткі і клубы па інтарэсах. У кожнага студэнта, які пражывае ў інтэрнаце, ёсць шанец стаць не толькі гледачом, але і не­па­срэдным удзельнікам розных мерапрыемстваў: конкурсу сту­дэнцкай песні «Срэбныя струны», конкурсаў «Супермен», «Міс Вясна», Hostel Mix або «Зорная пара», Кубка КВЗ імя Віктара Толкача, кулінарнага паядынку, турніраў па інтэлектуальных гульнях, выстаў студэнцкай творчасці, міжуніверсітэцкага фестывалю нацыяналь­ных культур і многіх іншых. Паста­яць за гонар роднага інтэрната, прадэманстраваць сваю сілу, спрыт і хуткасць студэнты могуць падчас правядзення сустрэч па футболе, валейболе, весела правесці час у турыстычных паходах і экскурсіях.

Усмешкі за беспарадак
«Пасля першых тыдняў вучобы першакурснікі разумеюць, што патрапілі ў зусім новы свет – студэнцкае жыццё. І каб яно было яркім і цікавым, Студэнцкі гарадок БДУ жадае запомніць кожную хві­ліну, праведзеную ў інтэрнаце. Твар абуджанага вашым будзіль­нікам суседа, якому да другой пары. Першую яечню суседкі-першакурсніцы, якая ніколі не гатавала дома. Усмешку сябра студэнцкага савета, які ўбачыў ваш беспарадак падчас праверкі санітарнага стану. Чэргі ў перыяд засялення. І, вядома, моманты, калі ўсе вы збірае­цеся разам!» – раіць дырэктар студэнцкага гарадка Ала Мелех.

Дар’я КОЎЗА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *