“Я студэнт БДУ!”. Першакурснікі атрымалі значкі з гербам альма-матар (+відэа)

5 Sep, 2017.

 

Узнёслае знаёмства першакурснікаў ад усіх факультэтаў з БДУ пачалося 1 верасня а дзясятай раніцы ва ўніверсітэцкім дворыку БДУ на лінейцы, прысвечанай Дню ведаў.

Юныя першакурснікі ў адпрасаваных пінжаках склікалі "сваіх" у маленькія групы перад уваходам у дворык, а прыбраныя першакурсніцы туліліся адна да адной, палохаючыся перспектывы зайсці ўнутр, не паказаўшы студэнцкі квіток.

Шмат хто прыйшоў на лінейку загадзя, таму пакінуты час можна было аддаць размовам. На адной з лавак перад галоўным корпусам БДУ я пазнаёмілася з Таняй Бяляк. Яна паступіла на філалагічны факультэт і вырашыла прысвяціць сябе вывучэнню італьянскай мовы. Мы дайшлі да будынка рэктарата і сталі чакаць дзеянняў.

Перад каменнымі падмосткамі ўжо выбудоўваліся ў шэраг сцягі з назвамі факультэтаў. Гэтыя сцяганосцы збіралі вакол сябе новаспечаных студэнтаў, расстаўлялі іх у шэрагі і раздавалі сінія і белыя шарыкі. Калі падрыхтоўка скончылася, на імправізаваную сцэну выйшаў рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Акадэмік шмат казаў пра лічбы (БДУ ўваходзіць у склад 2 % найлепшых універсітэтаў планеты), пра актыўнасць і адказнасць і пра тое, што нягледзячы на тое, што ўніверсітэцкае жыццё будзе захапляльным, першакурснікі ў першую чаргу прыйшлі ў БДУ вучыцца.

Пасля слоў пажадання, з вуснаў Сяргея Абламейкі прагучалі віншаванні з Днём ведаў, а вакальная група "Галант" праспявала гімн БДУ.

«…Университет, ты звездный наш час,
Ты в каждом из нас…»

На хвіліну на вераснёўскай лінейцы запанавала цішыня: у гонар памяці пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны студэнтаў і выкладчыкаў. Студэнты ваеннага факультэта БДУ пад грукат барабанаў шырокімі рыўкамі пракрочылі да памятнага манумента, усклалі кветкі.

Павіншаваць з першым днём студэнцтва прыйшлі і лідары студэнцкіх арганізацый ВНУ. Яны з вышыні свайго досведу прасілі не парушаць правілаў пражывання ў інтэрнатах, вытрымліваць стандарт БДУ і ўдзельнічаць у творчых мерапрыемствах, запрашалі на вячэрні тэатралізаваны гала-канцэрт "Віват, студэнт!".

А тым часам з натоўпу пачулася: "А давайце ўжо шарыкі запускаць!"

Рэктар, мабыць, пачуў частку фразы і, падагульніўшы сказанае, абвясціў: "У гэты першы дзень вы можаце з гонарам сказаць: "Я студэнт БДУ!" – і запусціць у неба паветраныя шары!" Адразу ў небе з’явіліся сіне-белыя плямы, якія нагадалі пра дзяцінства, якое сыходзіць.

Пасля мерапрыемства толькі найлепшыя з лепшых маглі наведаць экскурсію па рэктараце і Музеі гісторыі БДУ.

Аднак сапраўднай кульмінацыяй ранішняй лінейкі стала яе завяршэнне: студэнты сталі ў доўгую чаргу па сіне-залатыя значкі з гербам альма-матар.

Паліна ГРЫЦКЕВІЧ

Фота Таццяны Багамазавай

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *