Нядзельнае меню на філфаку: лекцыі на 46 мовах свету

8 Apr, 2016.

Фестиваль языков БГУ филфак Больш за сотню людзей збіраюцца ў 10 гадзін раніцы ў нядзелю, каб павучыцца.
  • Неверагодна, – падумаеце вы.
  • Зусім нармальна, бо гэта фестываль моў у БДУ, – адкажу я.
Традыцыя вывучаць замежныя мовы і прэзентаваць свае веды з’явілася яшчэ ў 1995 годзе. Тады ў Францыі адбыўся першы фестываль моў. Што гэта? Калі папросту, перакладчыкі ці людзі, якія ведаюць розныя мовы, збіраюцца разам, каб прадставіць свае ўменні цікаўным. Адкрыццё IV фестываля моў на філалагічным факультэце БДУ адразу заінтрыгавала. Вядучыя са сцэны падрыхтоўвалі слухачоў:
  • Сёння для вас будзе шмат прапаноў: лекцыі на 46 мовах свету; лінгвістычныя гульні; больш за 10 лекцый па розных напрамках.
І рабілі гэта вось чаму: праграма фестывалю падзяляецца на 6 розных блокаў. Кожны блок – гэта 45 хвілін лекцыі па пэўнай мове. І ёсць толькі адзін шанец абраць упадабаную мову. Вядома, ёсць мовы, якія паўтараюцца ў некалькіх блоках. Але ж усе лекцыі пабачыць немагчыма. А яшчэ ёсць лінгвістычныя лекцыі накшталт: “Легенды і гісторыі старога Менску”, “Польскі размоўны клуб” і іншыя. Адначасова праходзіць 15 розных моў і лекцый. У кожнага ўсяго 6 магчымасцяў з 60 прапаноў. Таму я сядзела і з цяжкім сэрцам абірала тое, што хочацца паслухаць больш. Чаму фестываль моў – гэта складаны, але і цікавы занятак Дэкан філалагічнага факультэта БДУ Іван Роўда:Фестиваль языков БГУ филфак Иван Ровдо
  • Вакол нас шмат рэчаў, да якіх мы прывыклі. Гэта і снег зімой, і кветкі летам. Прывыклі мы і да таго, што кожны дзень чытаем, пішам, размаўляем, слухаем чыюсьці гаворку. Але, калі зімой без снегу мы абысціся можам, як апошнія гады, то без мовы не можа абысціся ні адзін чалавек.
Я паглядзела на сакавіцкі снег, які быў за акном, і ў думках згадзілася з дэканам. І зноўку зазірнула ў папяровую праграму фестывалю.
  • Сорак шэсць… Многа гэта, ці мала? У параўнанні з тым, што было на мінулых фестывалях – гэта быццам бы і не мала. А ў параўнанні з тым, што ў свеце тысячы моў – гэта кропля ў моры. Але гэта кропля дазваляе нам пазнаёміцца з культурай, традыцыямі, гісторыяй тых народаў, якія размаўляюць на гэтых мовах, – тым часам працягваў Іван Сямёнавіч.
Пасля гэтых слоў успомніла Чэхава. Ён казаў: «Колькі моў ты ведаеш, столькі ты чалавек». А адкрыццё працягвалася. На сцэне з’явіўся адзін з арганізатараў фестывалю і, вядома, некалькі разоў годны чалавек: Антон Сомін.
  • Праводзіць першы фестываль цяжка, але вельмі цікава. Ты не ведаеш, колькі людзей прыйдзе, ці спадабаецца ім… Другі фестываль праводзіць цяжка, але цікава. Трэба зрабіць яго не горш за першы… Трэці фестываль праводзіць цяжка, але цікава. Ты ўжо да ўсяго прызвычаешся. Ведаеш, што людзі прыйдуць, ім спадабаецца. Але ж трэба штосьці новае зрабіць. І ты шукаеш… А чацвёрты фестываль, вы не паверыце, праводзіць цяжка, але цікава. Усё цікавае, што прыходзіць у галаву, трэба зрабіць на паўюбілейным фестывалі. …Зрабіць так, каб людзі прыйшлі на чацвёрты, не расчараваліся і дачакаліся пятага. На якім будуць усе нашыя думкі, ператвораныя ў рэчаіснасць, – казаў Антон.
Што тут дадасі? Калі на мінулы фестываль прыйшло больш за 700 чалавек, можна зрабіць выснову, што схема кіраўніка і ідэйнага натхняльніка беларускага фестывалю моў працуе добра. Беларускамоўны немец, ці Усё здараецца на фестывалі А тым часам на сцэне адзін за адным з’яўляліся лектары, якія рэкламавалі свае лекцыі. І тут мне на вочы трапілася майка аднаго з іх. Там было напісана пра Беларусь… на нямецкай мове. Фестиваль языков БГУ филфак Рубен Бивальд Гэта быў Рубэн Бівальд, які расказаў пра лекцыю беларускай мовы як замежнай:
  • Я прыехаў з далёкай Нямеччыны, каб сёння чытаць вам прэзентацыю на беларускай мове пра беларускую мову. Я таксама распавяду, якія ёсць паралелі паміж вашай роднай мовай і маёй роднай мовай, – расказаў Рубэн.
Пасля гэтага я зноўку зазірнула ў праграму. Яго лекцыя значылася ў першым блоку ў аўдыторыі 113. Гэта значыць, што трэба было быць у кабінеце а 12 гадзіне. «Хм… Цікава, канечне. Але ж я хацела таксама трапіць на прэзентацыю японскай мовы ад Акіры Фурасавы. А таксама паслухаць “Легенды і гісторыі старога Менску” ад Паўла Дзюсекава», – пачала разважаць я. Таму што летась лекцыі беларусістыкі ад Паўла сабралі больш за ўсё слухачоў. А калі шмат людзей прыйшло паслухаць пра Мінск, то, вядома, гэта будзе цікава і зараз. Таксама хацелася дазнацца пра маю любімую японскую мову не проста ад аматара, а ад носьбіта гэтай мовы. Але сумненняў не стала, калі аб’явілі музычны нумар. Рубэн праспяваў “Касіў Ясь канюшыну”. Тады я і вырашыла, што цікава будзе дазнацца, як жа ён так добра навучыўся размаўляць і спяваць па-беларуску. А тым часам адкрыццё ўжо скончылася, і я пабегла шукаць 113 аўдыторыю. За 45 хвілін Рубэн Бівальд расказаў шмат чаго пра беларускую мову. Нават тое, што я сама не ведала. Ён згадзіўся на інтэр’вю, калі пачуў, што газета “Універсітэт” выходзіць на беларускай мове.Фестиваль языков БГУ филфак Рубен Бивальд Рубэн Бівальд – магістрант у Технічным універсітэце Дрэздэна. Хутка будзе пісаць працу на тэму арабскага пісьма беларускай мовы.
  • Арабскае пісьмо мяне цікавіць па розных прычынах. Спачатку я займаўся гістарычнай граматыкай у славянскіх мовах. Арабскае пісьмо дазваляе ў гэтым плане даследаванні старажытнай фанетыкі, таму што гэтае пісьмо больш фанетычнае. Акрамя таго, мне вельмі падабаецца мадэль “цякучасці” культуры. Розныя культуры маюць уплыў адна на адну. Напрыклад, татары сталі часткай беларускай культуры, ці, па-іншаму кажучы, дапамаглі развіваць беларускую культуру, – абгрунтаваў свой выбар Рубэн.
На лекцыі я даведалася пра лацінскую і арабскую беларускую мову. І зразумела: «Трэба яшчэ падвучыць родную мову». Але падобныя думкі былі таксама ў Рубэна:
  • Фестываль моў – цудоўная магчымасць пазнаёміцца з рознымі мовамі і нават культурамі. Я быў на лекцыях па нямецкай, старажытнабеларускай і рускай мовах. Усе прэзентацыі вельмі цікавыя. А асабліва па нямецкай мове, таму што я сам шмат новага даведаўся пра сваю родную мову.
Пасля фестывалю я доўга разважала: «Калі замежнікі, як Рубэн Бівальд, вывучаюць беларускую мову за год, тады і мне, беларусцы, трэба ведаць яе лепш». І таксама прыйсці на наступны фестываль моў. Маніторыць буду з сайта: http://minsklingfest.by/, а таксама ў сацыяльных сетках: https://vk.com/minsklingfest і https://www.facebook.com/events/492723107579119/ . Фаіна НАКАНЕЧНАЯ Фестиваль языков БГУ филфак Рубен Бивальд
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *