Тонкасці прафесіі праз першыя рукі. Студэнты хімфака прымерыліся да інавацыйнага навучання

23 Oct, 2017.

9 кастрычніка на хімічным факультэце БДУ адбылася цікавая сустрэча з настаўнікам  хіміі вышэйшай катэгорыі ГУА “Гімназія г. Ганцавічы”, фіналістам конкурсу “Настаўнік года–2006”, удзельнікам  клуба “Крыштальны журавель” ГА “Беларускага педагагічнага таварыства”,  удзельнікам  журы конкурсу “Настаўнік года–2017” Інай Рылко.

Іна Міхайлаўна падзялілася са студэнтамі 2–4 курсаў сакрэтамі педагагічнага майстэрства: паказала віртуозныя прыёмы камунікацыі, пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з інтэрактыўнымі тэхналогіямі  работы на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці, з арганізацыяй развіццёвага асяроддзя пры фарміраванні інтэлектуальных здольнасцяў навучэнцаў,  з выкарыстаннем здароўезберагальных падыходаў  у адукацыйным працэсе. Артыстызм, харызма Іны Міхайлаўны, яе захопленасць сваёй працай, здольнасць да эмпатыі, імправізацыі,  супрацоўніцтва,  высокі прафесіяналізм, уменне ўтрымліваць  увагу і цікавасць аўдыторыі на працягу 4 гадзін пакінулі незгладжальныя ўражанні ў студэнтаў  і ў выкладчыкаў, якія прысутнічалі на сустрэчы:Юля Баярскіх, студэнтка 2 курса

“Наша сустрэча прайшла на адным дыханні. Мы ўвесь час рухаліся, смяяліся, думалі, разважалі, знаёміліся з займальнымі прыёмамі працы, пагружаліся ў атмасферу творчасці. Асабліва парадавала гатовасць Іны Міхайлаўны працягнуць нашы зносіны!”

Ніка Панько, студэнтка 3 курса:

“Было весела, займальна і пазнавальна. Іна Міхайлаўна дапамагла нам адказаць на пытанні, якія хвалююць кожнага маладога настаўніка: “Як зрабіць свой урок цікавым, як утрымліваць увагу вучняў, як знайсці “свайго” вучня, захопленага прадметам, які выкладаеш”?Юля Душко, студэнтка 4 курса:

“Мне вельмі спадабалася, што мы не толькі бліжэй пазнаёміліся са студэнтамі-педагогамі іншых курсаў, але і сустрэлі чалавека, які распавёў нам пра рэальныя будні настаўніка хіміі, эмацыйная афарбоўка якіх залежыць толькі ад нас саміх. Калі мы прыйдзем да вучняў з радасцю, то і яны атрымліваць задавальненне ад нашых сустрэч”.

Ж. А. Цабкала, ст. выкладчык кафедры неарганічнай хіміі, намеснік дэкана па УВР:

“Выхаванне каштоўнаснага стаўлення да абранай прафесіі, знаёмства з досведам інавацыйнай  працы ў сферы адукацыі,  фарміраванне запатрабавання ў самаразвіцці і прафесійным росце немагчымае без зносін з калегамі, якія ўласным прыкладам выхоўваюць нашых будучых педагогаў. Кожная сустрэча з цікавымі людзьмі, энтузіястамі ў сваёй прафесіі, такімі, як Іна Міхайлаўна, ствараюць аснову для  фарміравання новага пакалення педагогаў-наватараў”.

А. І. Васілеўская, дацэнт кафедры неарганічнай хіміі БДУ, к.х.н.

“Хацелася б, каб гэта сустрэча стала чарговым  крокам на шляху да супрацоўніцтва хімічнага факультэта з  найлепшымі педагогамі краіны, а нашы студэнты  атрымалі магчымасць даведвацца пра тонкасці прафесіі праз першыя рукі”.

Сустрэча была ініцыявана  дэканатам факультэта і  ГА “Саюз жанчын БДУ”.

Таццяна ЦАБКАЛА

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: