“Замежная мова – не толькі мэта, але і сродак”: на журфаку БДУ абмеркавалі станаўленне прафесійнай камунікатыўнай асобы

29 Mar, 2018.

Загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Віктар Іўчанкаў

Міжнародны круглы стол “Прафесійная камунікатыўная асоба ў істытуцыянальных дыскурсах”, арганізатарам якога выступіла кафедра англійскай мовы і маўленчай камунікацыі, прайшоў 22–23 сакавіка ў Інстытуце журналістыкі БДУ. На працягу двух дзён спецыялісты з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы абмяркоўвалі пытанні даследавання істытуцыянальных дыскурсаў, а таксама ролю ў гэтых дыскурсах прафесійнай камунікатыўнай асобы.

Намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі Вольга Самусевіч і загадчык кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі Вольга Лушчынская

Тэма круглага стала была абрана не выпадкова. Навуковая тэма кафедры ў дадзены момант звязана з пытаннямі фарміравання, развіцця і станаўлення прафесійнай камунікатыўнай асобы:

– Цяпер мы праводзім анкетаванне сярод студэнтаў і плануем апытаць выпускнікоў, каб паглядзець, якія веды і ўменні сапраўды ім неабходныя ў прафесійнай дзейнасці. Параўнаўшы атрыманыя вынікі, мы зразумеем, як удасканальваць наш адукацыйны працэс і навучальныя праграмы, якія ствараць новыя навучальныя дапаможнікі і навучальна-метадычныя комплексы, – распавядае загадчык кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі Вольга Лушчынская. –Наша кафедра вялікую ўвагу ў навучанні надае замежнай мове, бо гэта не толькі мэта, але яшчэ і сродак. Станаўленне будучага спецыяліста адбываецца не толькі ў рамках дысцыплін, звязаных з будучай прафесійнай дзейнасцю, але і на занятках па замежнай мове. Велізарны блок у нашай праграме займае менавіта прафесійная англійская мова, дзе праз замежную мову, яе сродкамі будучыя спецыялісты спасцігаюць сваю прафесію. Гэта тычыцца ўсіх спецыяльнасцяў, з якімі мы працуем: журналісты, псіхолагі, філосафы, сацыёлагі, камунікатары.

Дыскусіі праводзіліся па двух напрамках: “Істытуцыянальныя дыскурсы: характарыстыкі і асаблівасці іх функцыянавання” і “Фарміраванне, развіццё і рэалізацыя прафесійнай камунікатыўнай асобы”. У рамках першай тэмы ўдзельнікі закранулі пытанні спецыфікі істытуцыянальных дыскурсаў, іх катэгарыяльнага апарату, у рамках другой тэмы абмеркавалі асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, акцэнтуючы ўвагу на тым, як сродкамі розных дысцыплін, у тым ліку і замежнай мовай, сфарміраваць камунікатыўную асобу, якая зможа адбыцца ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Старшы выкладчык кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыіАлена Савіч

Праводзіць міжнародныя круглыя сталы на кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі – добрая традыцыя, якую заклала прафесар кафедры доктар філалагічных навук Ірына Ухванава. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве прыняло больш за 60 даследчыкаў, якія прадстаўляюць універсітэты Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы.

Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Ірыны Талстаногавай

 

print

Вам таксама можа спадабацца: