Адзінаццацікласніцы ліцэя БДУ сталі пераможцамі конкурсу Belarus Science and Engineering Fair (+відэа)

30 Mar, 2018.

З 2 па 4 сакавіка 2018 года ў Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў фінал навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій і карпарацыя Intel.

На конкурсе вучаніцы Ліцэя БДУ Аляксандра Гілеўская і Лізавета Карповіч прадставілі праект "Хітазан – экалагічна чыстая ўпакоўка". Упершыню пра навуковы праект на гэту тэму вучаніцы задумаліся, калі праходзілі тэму экалогіі ў Ліцэі. Разам са сваім навуковым кіраўніком Ганнай Чубаравай дзяўчаты вырашылі распрацаваць экалагічна чыстую ўпакоўку на аснове хітазану для павелічэння тэрміну захоўвання харчовых прадуктаў.

Аляксандра і Лізавета стварылі шэсць раствораў хітазану рознай малекулярнай шчыльнасці. Яны нанеслі іх на вінаград і назіралі за яго ўласцівасцямі. Ліцэісткі на працягу месяца кожны дзень прыходзілі ў лабараторыю і фіксавалі вынікі. Пасля эксперыментаў і назіранняў высветлілася, што плады, пакрытыя плёнкамі хітазанаў, захаваліся лепш.

Галоўнае яго адрозненне ад ужо існых пакрыццяў заключаецца ў тым, што ён гіпаалергенны і абсалютна бясшкодны для спажыўцоў. Ён лёгка змываецца з прадуктаў харчавання і не прынясе клопатаў спажыўцу.

Дзяўчаты лічаць, што біяўпакоўку можна выкарыстоўваць у прамысловых маштабах – кампаніі-перавозчыкі могуць апрацоўваць хуткапсавальныя прадукты перад пастаўкай у крамы. Таксама плёнкі на аснове хітазану могуць прадавацца ў выглядзе аэразоляў і стаць карыснымі для фермераў і дачнікаў. Кошт такой біяўпакоўкі не будзе вельмі высокім і будзе даступным кожнаму.

 На Belarus Science and Engineering Fair Аляксандра і Лізавета прадстаўлялі сваю працу ў секцыі "Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазахавальныя тэхналогіі". Для конкурсу дзяўчаты падрыхтавалі стэнд і буклеты, на якіх распавядалі пра эксперыменты і наглядна тлумачылі іх карысць. Вучаніцы прадстаўлялі свой праект адразу 4 групам журы: моладзевае, бізнес, педагагічнае і журы па секцыях. "Я вельмі хвалявалася перад конкурсам, увесь вечар прадумвала, што буду казаць, рыхтавалася да пытанняў і перачытвала навуковыя артыкулы. Але мама дала мне вельмі добрую параду проста расслабіцца і атрымліваць задавальненне. І ў мяне гэта атрымалася", – распавядае Аляксандра. Каманды з найбольш паспяховымі праектамі прайшлі таксама сумоўе і распавялі пра праекты на англійскай мове, пасля чаго былі абвешчаны пераможцы.Лізавета і Аляксандра заваявалі дыпломы I ступені і атрымалі магчымасць паехаць на сусветны агляд-конкурс навуковых і інжынерных дасягненняў школьнікаў Intel International Science and Engineering Fair (ISEF) у Пітсбург (ЗША). ISEF – гэта міжнароднае мерапрыемства для падлеткаў ад 13 да 18 гадоў. Мэта конкурсу – выяўленне і падтрымка таленавітых маладых навукоўцаў, а таксама развіццё даследаванняў у галіне прыкладных і фундаментальных навук і тэхнічнай творчасці. Кожны год конкурс збірае больш за 2000 удзельнікаў. У ліцэістак будзе магчымасць паразмаўляць з маладымі навукоўцамі з 65 краін свету, распавесці пра свае распрацоўкі і атрымаць зарад новых эмоцый. Для конкурсу яны збіраюцца эканамічна абгрунтаваць выгаду праекта.

Таксама ў падарунак вучаніцы атрымалі смартфон і разумныя гадзіннікі. Дзяўчаты не пакінулі прызы сабе, а падарылі іх сваім бацькам.

Неўзабаве ліцэістак чакае яшчэ адна важная падзея – гэтым летам яны стануць абітурыенткамі–2018. З планамі на паступленне дзяўчыны яшчэ не вызначыся і абіраюць сярод некалькіх факультэтаў і кафедраў. Але ў адным упэўнены: яны выберуць БДУ.

Дар'я КОЎЗА
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: