Праца з “Вікіпедыяй”, расфасоўка тавараў, тэлемаркетынг і… як студэнты БДУ атрымлівалі першую зарплату

28 Aug, 2018.

Многія студэнты БДУ правялі гэта лета з карысцю, набылі новыя веды і навыкі, атрымалі свой першы досвед працы і заработную плату. Мы даведаліся, як можна было патрапіць у студэнцкі атрад, якія ўмовы ім прапаноўвалі і якія абавязкі яны выконвалі.

Набор на 2018 год пачаўся яшчэ ў сакавіку і доўжыўся, пакуль былі вольныя месцы.  Студэнтам было неабходна прайсці медыцынскую камісію.

Ёсць розныя напрамкі атрадаў: сэрвісны, сельскагаспадарчы, будаўнічы, педагагічны, экалагічны і вытворчы, так што ўсё знойдуць сабе занятак даспадобы. Ніхто не будзе прымушаць студэнта працаваць там, дзе ён не хоча, усе самі выбіраюць сабе напрамак атрада, а затым і месца працы. Так, напрыклад, у сэрвісным атрадзе была магчымасць працаваць у “Віталюры”, “Белкнізе”, розных дзіцячых аздараўленчых лагерах і гэтак далей.

Ніякіх канкрэтных ведаў і навыкаў ад студэнтаў не патрабавалася. Але вельмі важна, каб у студэнта было жаданне працаваць, уменне камунікаваць у калектыве і навучальнасць. А ўжо на працы дзецям падрабязна тлумачаць, што ім трэба зрабіць.

На ўвесь перыяд працы іншагародніх студэнтаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, забяспечваюць інтэрнатам. Як правіла, працягваюць пражыванне ў тым інтэрнаце, у якім студэнты жылі падчас навучальнага года, так што можна нават не везці свае рэчы дахаты.

Працоўны дзень і заработная плата залежыць ад атрада, у якім апынуўся студэнт. Дзесьці праца будзе па фіксаваным графіку на цэлую стаўку ці на 0,5, а ў некаторых кампаніях прапануецца гнуткі графік, і студэнт сам выбірае, колькі і калі працаваць. Таксама ў кожным атрадзе па-рознаму аплачваецца праца. Пра сваю заработную плату студэнт даведваецца прыкладна за месяц да фарміравання самага атрада.

Дзеці ідуць у студэнцкія атрады з розных прычын. Для кагосьці важна правесці лета з карысцю і атрымаць першы досвед працы, іншым хочацца атрымліваць заработную плату, а таксама для многіх гэта магчымасць атрымаць хадайніцтва на месца ў інтэрнаце ці на зніжэнне заработнай платы. Таксама для ўдзельнікаў студатрадаў БРСМ арганізоўвае розныя забаўляльныя мерапрыемствы, напрыклад, паход у аквапарк, футбол, баскетбол і іншыя.

Пра свае абавязкі ў студэнцкіх атрадах і досвед, які яны атрымалі, распавялі нам студэнткі БДУ:

Марына Невар, камандзір сэрвіснага атрада БДУ:

– Мы працавалі ў Фундаментальнай бібліятэцы БДУ, пісалі артыкулы пра значных для БДУ людзей у “Вікіпедыю” (выкладчыкі, навукоўцы, знакамітыя людзі, якія выйшлі са сцен нашага ўніверсітэта). Працуючы з “Вікіпедыяй”, я зразумела, як адбываецца стварэнне артыкула, яго рэдагаванне і ўзгадненне з мадэратарамі сайта. Я думаю, што досвед у студатрадзе сам па сабе з’яўляецца карысным, бо мы атрымліваем свой першы працоўны вопыт, разумеем, як размаўляць з калегамі.

Віталіна Дудзік, камандзір сэрвіснага атрада “Белкніга”:

– Наш атрад дапамагаў работнікам ААТ “Белкніга” адправіць усе неабходныя кнігі па крамах нашай краіны, таксама мы расфасоўвалі прадукцыю, якая прыходзіла на склад самой “Белкнігі”. Нам давалі не вельмі складаную працу, але калі б мы яе не рабілі, то супрацоўнікам складоў трэба было б адцягвацца на гэтыя заданні, што зменшыла б іх прадуктыўнасць. Наш атрад прыйшоўся ім вельмі дарэчы, бо перад навучальным годам у іх звычайна вельмі шмат працы, якой яны пачынаюць займацца ўжо з сярэдзіны чэрвеня, каб забяспечыць усіх людзей нашай краіны неабходнымі працоўнымі сшыткамі і падручнікамі.

Варвара Ціханава, камандзір сэрвіснага атрада “Белтэлекам”:

– Наш атрад працаваў у аддзеле тэлемаркетынгу. Мы абзвоньвалі абанентаў, у якіх былі падлучаны 3 паслугі: інтэрнэт, тэлефон і тэлебачанне – і прапанавалі аб’яднаць іх у пакет, што многім было вельмі выгадна. Я навучылася камунікаваць з людзьмі ўсіх пластоў і ўзростаў, бо тэлефанаваў камп’ютар, і ніколі не ведаеш, хто здыме трубку. Карысным было працаваць у калектыве: мы пераймалі адзін у аднаго досвед, праводзілі час разам па-за працай. Таксама я шмат даведалася пра самаарганізацыю і арганізацыю іншых людзей, бо мне трэба было накіроўваць людзей і дапамагаць ім у цяжкіх сітуацыях, не без дапамогі камісара, вядома. Я стала больш таварыскай, навучылася працаваць з людзьмі. А таксама зараз нядрэнна разбіраюся ў інтэрнэце: яго хуткасцях і разнавіднасцях.

Падрабязней пра студэнцкія атрады можна даведацца у групе БРСМ БДУ “Укантакце”.

Дар’я КОЎЗА

print

Вам таксама можа спадабацца: