Студэнтка-фатограф: “На мерапрыемствах БДУ я атрымліваю досвед”

1 Aug, 2018.

Як многія кажуць, найлепшыя гады ў жыцці – студэнцкія. У гэтых некалькіх гадах ёсць, здаецца, усё: новыя сябры, багаж ведаў, танцы, песні, цікавыя мерапрыемствы. Аднак калі ў чалавека ёсць нейкае захапленне, любімая справа, то ён ніколі ў жыцці не пакіне сваё хобі, нават пры ўмове цяжкай вучобы.

Сёння мы пагаворым пра студэнтку, якая знаходзіцца ў творчым саюзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спявае, малюе і ўжо ў свае васямнаццаць гадоў робіць выдатныя фатаграфіі. Знаёмцеся, Аліна МАЗАВЕЦ.  Гэта дзяўчына не толькі арганізоўвае фотасесіі ўсім ахвотнікам, але і з радасцю зробіць выдатныя здымкі на мерапрыемствах БДУ. Я задала Аліне некалькі пытанняў, якія тычацца яе хобі, звязанага з фатаграфіямі.

– Ва ўсіх фатографаў рана ці позна паўстае пытанне пра ўдасканаленне сваёй тэхнікі. Але кожны будзе памятаць свой першы фотаапарат, трымаючы які ў руках, любы фатограф успомніў бы пра свае першыя ўдалыя здымкі.  Які фотаапарат даў табе зразумець, што ты хочаш фатаграфаваць?

– Мой першы і адзіны фотаапарат мне падарылі на дзень нараджэння каля пяці гадоў назад, змяняла я толькі аб’ектывы, фотаапарат – не.

– Апішы свой стыль адным словам і растлумач, чаму менавіта гэта слова ты абрала.

– Я думаю, што ў мяне яшчэ няма пазнавальнага стылю. Але калі выказаць здагадку, то “каляровы”. Мне вельмі падабаецца падбіраць правільную каляровую гаму пад кожны здымак. І ў фатаграфіях адразу бачны адзін дамінантны колер.

– Аліна, скажы, ці змяняюцца з часам твае “густы” ў фатаграфіях?

– Думаю, што не вельмі моцна. Змяняюцца навыкі. Раней я вельмі рэдка рабіла дакладна такія ж кадры, якія бачыла ў сваёй галаве. Зараз жа мне рабіць гэта нашмат прасцей, але я ўсё яшчэ ўдасканальваюся.

– Змагла б ты фатаграфаваць кагосьці на замову з чужымі ідэямі, якія табе не падабаюцца, не натхняюць?

– Я наогул непераборлівая ў ідэях, таму цалкам магла б паздымаць з чужой задумкай. Я вельмі люблю эксперыментаваць у фатаграфіі, таму штосьці, да чаго я не прыйшла сама, але да гэтага прыйшла мая мадэль, з лёгкасцю можа стаць ідэяй для здымкі. Мне неяк прапанавалі паздымаць хлопца са свіной галавой, але з чыста эстэтычных прычын я адмовілася.

– Аліна, ці падабаецца табе наведваць універсітэцкія мерапрыемствы ў якасці фатографа?

– Так. Вельмі люблю працаваць на мерапрыемствах ад БДУ, там заўсёды можна ўбачыць самыя шчырыя эмоцыі, усе добразычлівыя і натуральныя. Заўсёды ёсць, што сфатаграфаваць і на што паглядзець. На такіх мерапрыемствах я набываю досвед.

Аляксандра ПЕРАВОЗНІКАВА
Фота Аліны Мазавец
print

Вам таксама можа спадабацца: