Каб выкарысталі веды для пераўтварэння свету. Студэнты БДУ атрымалі блаславенне ад мітрапаліта Паўла

4 Sep, 2018.

Па традыцыі 1 верасня царква ўзносіць малітвы пра ўмацаванне душэўных сіл навучэнцаў, пра дараванне ім набожнасці і мудрасці. У гонар Дня ведаў ў БДУ Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адслужыў набажэнства ў Мінскім кафедральным Свята-Духавым саборы.

На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі рэктарата на чале з рэктарам Андрэем Каралём, а таксама студэнты і выкладчыкі БДУ. Дарэчы, традыцыя віншаваць першакурснікаў у храме Божым з пажаданнямі на перыяд вучобы была распачата роўна 20 гадоў таму. Цікава, што і сам Андрэй Дзмітрыевіч доўгі час чытаў лекцыі ў Мінскай духоўнай акадэміі. 

Перад пачаткам набажэнства Мітрапаліт Павел звярнуўся з прывітаннем да выкладчыкаў і студэнтаў. Ён павіншаваў усіх з пачаткам навучальнага года і заклікаў Божае блаславенне на працу тых, хто вучыць і вучыца. Каб, як ён адзначыў, новы навучальны год адкрыў нашы сэрцы і розумы ўразуменню славы Божай, пазнанню свету, навукі, што могуць данесці навучэнцам дасведчаныя прафесары і выкладчыкі. “Каб гэтыя веды змаглі выкарыстаць у дарослым жыцці, карыстацца імі на славу айчыны, ператварэння свету”, – вылучыў Павел.

Па заканчэнні набажэнства са словамі віншавання да прысутных звярнуўся рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль.

З ўвагай да руплівай працы і на памяць Патрыяршы Экзарх уручыў выданне Новага Запавету ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы са старажытнагрэчаскай на сучасную беларускую мову кіраўніцтву БДУ.

У праваслаўі існуе шматвяковая традыцыя бласлаўляць навучэнцаў, вучнямі апякуюцца многія святыя. А спецыяльныя царкоўныя службы да Дня ведаў праходзяць у беларускіх праваслаўных храмах штогод вось ужо 14 гадоў.

Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму саслужылі: кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі архімандрыт Сергій (Брыч); рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў); першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Гордун; сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў; першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Уладзімір Даўгаполаў і клірыкі Свята-Духава кафедральнага сабора.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна

print

Вам таксама можа спадабацца: