Жывая энцыклапедыя прафесара матэматыкі Пятра Забрэйкі [+cлайды і відэа]

15 Feb, 2019.

У GoogleScholar ён лідар па цытаванасці сярод навукоўцаў БДУ. Бліскучы матэматык, даступны і просты ў размове – такімі словамі характарызуюць калегі прафесара Пятра ЗАБРЭЙКУ, які 3 лютага адсвяткаваў 80-годдзе. Да гэтай даты быў прымеркаваны навуковы семінар, дзе ён распавёў пра свой шлях у навуцы. Павіншаваць з юбілеем прыйшлі яго вучні і калегі.

Пётр Пятровіч нарадзіўся ў Варонежы ў 1939 годзе. На яго дзяцінства выпалі цяжкія ваенныя гады і перыяд аднаўлення Савецкага Саюза пасля разбурэнняў. Як адзначае навуковец, яму пашанцавала з настаўнікамі. У школе настаўніца матэматыкі ўмела без лішніх слоў распавесці сутнасць таго ці іншага матэматычнага факта так, каб нават самыя гультаяватыя разумелі прадмет.

– Студэнцтва праходзіла ў Варонежскім дзяржаўным універсітэце, – распавядае П. П. Забрэйка. Там сустрэў людзей, якія, згаладаўшыся на вайне, імкнуліся навучыць моладзь усяму, што ўмелі самі. У Варонежы я пазнаёміўся з выбітнымі матэматыкамі, якія ў рознай ступені паўплывалі на мой лёс.

Ён прыгадвае, як па рэкамендацыі Анатоля Іванавіча Пярова, які вёў у яго матэматычны гурток, вядомы матэматык Марк Аляксандравіч Краснасельскі прапанаваў яму працу.

– Некалькі студэнтаў сядзелі ў Краснасельскага дома за сталом і запісвалі. Ён дыктаваў свае артыкулы ці кнігі. Пры гэтым Марк Аляксандравіч дамагаўся таго, каб маладыя людзі разумелі сутнасць яго слоў. Ён навучыў бачыць не толькі шкілет матэматыкі, які звычайна даюць у кнігах, а яе жывое цела. Так у мяне ў галаве пачало штосьці зараджацца. У выніку гэтай працы стаў адным з суаўтараў (з М. А. Краснасельскім, А. І. Пяровым, А. І. Павалоцкім) манаграфіі “Вектарныя палі на плоскасці”. Тыя ідэі, якія развіваліся ў кнізе, паслужылі асновай маёй кандыдацкай дысертацыі, – распавядае навуковец.

Пасля аспірантуры працаваў у ВДУ. У 1968 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, тым самым стаў адным з самых маладых дактароў фізіка-матэматычных навук у СССР. У гэтым жа годзе пачаў працаваць у Інстытуце праблем кіравання АН СССР.

Яраслаўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя П. Р. Дзямідава ён прысвяціў 10 гадоў сваёй кар’еры. Тут з 1971 да 1981 года прайшоў шлях ад загадчыка кафедры матэматычнага аналізу да прарэктара па навуковай рабоце.

– Аднойчы ў Яраслаўль прыехаў выкладчык БДУ Якаў Валянцінавіч Радына. Пасля нашага знаёмства я атрымаў запрашэнне ад рэктара БДУ Уладзіміра Аляксеевіча Белага папрацаваць у Мінску. Пагадзіўся, і вось у гэтых сценах працую амаль 40 гадоў, – дзеліцца Пётр Пятровіч. – У цэлым, не шкадую, што правёў гэты час менавіта ў БДУ. Тут я пазнаёміўся з мноствам цудоўных людзей, размаўляць з якімі мне заўсёды было прыемна. Удзячны ўніверсітэту і калегам.

Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ мехмат БДУ БГУ Дмитрий Медведев Дзмітрый Мядзведзеў[/caption]

Дэкан ММФ БДУ Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ:

– У маім разуменні Пётр Пятровіч – жывая энцыклапедыя. Калі інтэрнэт толькі ўваходзіў у нашу штодзённасць, Пётр Пятровіч ужо казаў пра розныя браўзеры і іншыя дэвайсы. Хоць і цяпер не ўсе маладыя супрацоўнікі факультэта сябруюць з камп’ютарам так, як гэта рабіў ён 20 гадоў назад. Нашаму факультэту пашанцавала, бо ў нашых шэрагах ёсць такі выбітны навуковец.

Мая МАЗЕЛЬ, дацэнт кафедры функцыянальнага аналізу і аналітычнай эканомікі, аспірантка П. П. Забрэйкі:

– Старалася хадзіць на ўсе яго лекцыі. Хоць мяне вучылі выдатныя выкладчыкі, але на лекцыях Забрэйкі я пачувалася нязнайкай. Ён распавядаў матэматыку з геаметрычнага пункта гледжання, у той час як нам яе падавалі, галоўным чынам, з пункта гледжання алгебраічных уласцівасцяў. І кожны раз мае вочы павялічваліся, я слухала з задавальненнем. Навучанне ў Пятра Пятровіча значна пашырыла мае веды і кола інтарэсаў.

Міхаіл ЖУРАЎКОЎ мехмат БГУ БДУ михаил журавков

Міхаіл Жураўкоў

Міхаіл ЖУРАЎКОЎ, загадчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі:

– Хачу адзначыць, што абмен навукоўцамі – унікальная з’ява. Наш факультэт сфарміраваўся дзякуючы такім асобам, якія ў свой час пераехалі ў Мінск. Выклікае павагу тое, як Пётр Пятровіч ставіцца да навукі. На адным пасяджэнні была прамоўлена фраза: “Няма калі займацца навукай”, – на што Забрэйка адказаў: “Калі хоць адзін дзень штосьці не напішу і не падумаю, лічы, ён пражыты дарма”. Гэта рыса сапраўднага навукоўца, адданага сваёй справе.

Валянцін ГАРОХАВІК Валентин Гороховик мехмат БГУ

Валянцін Гарохавік

Валянцін ГАРОХАВІК, член-карэспандэнт Акадэміі навук, прафесар кафедры функцыянальнага аналізу і аналітычнай эканомікі:

– Удзячны лёсу за тое, што мы знаёмыя 30 гадоў. У 1991 годзе ён прапанаваў мне перайсці да яго на кафедру. Пагадзіўся, і з тых часоў у нас склаліся блізкія адносіны і ў працы, і ў выкладанні. Забрэйка не толькі таленавіты матэматык, ён таленавіты ва ўсім. Выдатна ведае сусветную гісторыю, гісторыю Расіі і Беларусі. Шмат фактаў пра краіну я дазнаўся ад яго. Выявіў, што большасць кніг чытаю па яго рэкамендацыі. Гэта выключна разумны і цікавы чалавек!

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: