Працаваць над складанымі пытаннямі. Мікалай Рашчэня ў праекце «Новы погляд»

14 Mar, 2019.

Мікалай Рашчэня Николай Ращеня НИИ ПФП БГУ БДУ НІІ ПФП

Мікалай Рашчэня

Лабараторыя аптычных уласцівасцяў паўправаднікоў НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі занятая ў сферы абароны інфармацыі, дзе працуе не шмат арганізацый. Даводзіцца сутыкацца з няпростай апаратурай. Герой праекта «Новы погляд» – Мікалай РАШЧЭНЯ, загадчык лабараторыі.

У НДІ прыйшоў яшчэ студэнтам
Мікалай Рашчэня скончыў сярэднюю школу Салігорска з залатым медалём. Выпускнік ведаў дакладна, што вучыцца хоча ў БДУ. Абраў прыдатны для сябе факультэт ра­дыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Сваё працоўнае месца ён таксама знайшоў у структуры ўніверсітэта.
– На 3 курсе пры размеркаванні па спецыялізацыях абраў кафедру сістэмнага аналізу. Тады надышоў час пісаць курсавую працу, маім кіраўніком стаў Генадзь Фёдаравіч Астапенка, выкладчык і па сумяшчальніцтве супрацоўнік лабараторыі аптычных уласцівасцяў паўправаднікоў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі. Ён спецыяліст у сферы абароны ін­фармацыі, якую я вызначыў для сваёй навуковай працы. Такім чынам, ён фактычна прывёў мяне ­ў НДІ ПФП. На 5 курсе я прыйшоў праца­ваць у лабараторыю на паўстаўкі, – узгадвае Мікалай Аляксандравіч.
БДУ скончыў з адзнакай. У дыпломе напісана спецыяльнасць «фізічная электроніка». Пасля вучобы ў магістратуры прыйшоў у лабараторыю на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Тут удалося пабудаваць кар’еру: у 2010 годзе стаў загадчыкам лабараторыі. На гэтай пасадзе ён змяніў Пятра Васільевіча Кучынскага, які стаў дырэктарам інстытута.

Мікалай Рашчэня НІІ ПФП БДУ Николай Ращеня НИИ ПФП БГУ

Разам з Пятром Кучынскім

– БДУ – гэта альма-матар, штосьці роднае, – разважае кіраўнік. – Студэнцкія гады захаваліся ў памяці як самыя яскравыя ­ўражанні. Усё было побач: інтэрнат, факуль­тэт, а зараз і працую тут жа. Я застаўся ў сістэме БДУ, прывязаўся да ўніверсітэта. Часта даводзіцца затрымлівацца пасля ­працоўнага дня ў лабараторыі, таму магу сказаць, што гэта маё жыццё. Яшчэ для ­мяне БДУ ўспрымаецца як брэнд: ён як быў найлепшай ВНУ краіны, так ёй і застаецца.

Пра навуку, вытворчасць і рамонт спецыяльнай апаратуры
У лабараторыі працуе 15 супрацоўнікаў, ра­зам з сумяшчальнікамі. Калектыў зладжана працуе над няпростай тэмай.
– Лабараторыя ў савецкі час займалася аналізам устойлівасці паўправаднікоў да выпраменьванняў (у прыватнасці, радыяцыйнай устойлівасці матэрыялаў), – распавядае кіраўнік. – Пасля распаду Саюза паў­стала неабходнасць знайсці прымяненне ў іншых галінах. Калектыў абраў нішу сістэмы абароны інфармацыі, што і зараз з’яўляецца нашым асноўным кірункам. У гэтай сферы працуе не так шмат арганізацый. Наша дзейнасць трапляе пад ліцэнзаванне, у нас ёсць ліцэнзія Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, КДБ. Працуем і ў навуцы, і ў вытворчасці. Заказчыкамі выступаюць як дзяржаўныя, так і камерцыйныя арганізацыі.
Загадчык робіць акцэнт на тым, што ў лабараторыі ёсць фундаментальны навуковы складнік – праводзяць даследаванні, каб развівацца, а ў далейшым знайсці ідэям практычнае прымяненне. У тым ліку выконваюць праекты даследаванняў па дзяржаў­ных навукова-тэхнічных праграмах.
Лабараторыя арыентавана на атрыманне прыбытку. Таму апроч усяго іншага зай­ма­юцца дробнасерыйнай вытворчасцю спецы­яльных сродкаў, якія выкарыстоўва­юцца ў сферы абароны інфармацыі. Напрыклад, гэта распрацоўка генератара выпад­ковых лікавых паслядоўнасцяў (ВЛП) гарантаванай якасці ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Абарона агульных інфармацыйных рэсурсаў Беларусі і Расіі». У наш час ніводная крыптаграфічная сістэма не абыходзіцца без генератараў ВЛП. Атрыманне ВЛП гарантаванай якасці асабліва важнае для працэдур генерацыі ключоў, фарміравання параметраў для крыптаграфічных ­алгарытмаў і пратаколаў.
У сценах лабараторыі выконваюцца навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія работы. У прыватнасці, праводзяць даследаванні, дзе ацэньваюць створаныя іншымі ўстановамі прадукты па абароне і апрацоўцы інфармацыі. Заказчыку цікава даведацца погляд на абароненасць тэхнікі.
Яшчэ ў лабараторыі выконваюць працы ­па рамонце апаратуры спецыяльнага прызначэння, за якія акрамя НДІ ПФП больш ніхто не бярэцца. Часта ажыццяўляць рамонт бывае няпроста з-за адсутнасці схематэхнічнага рашэння і інструкцый па карыстанні. Часам тэхніка трапляе ў лабараторыю без дакументацыі, даводзіцца яе вывучаць і асвойваць.
– Як палепшыць структуру? Думаю, усё вырашаюць кадры,разважае Мікалай Аляк­сандравіч. – Хоць у нас калектыў стабіль­ны, аднак мы знаходзімся ў пошуку добрых супрацоўнікаў. Акрамя таго ў электроніцы без сучаснага абсталявання цяжка. Калі матэры­яльна-тэхнічная база будзе паляпшацца, то павысіцца і эфек­тыўнасць працы.

Чым трэба валодаць маладому супрацоўніку?
Як кажа загадчык, лабараторыя падтрымлівае сувязь з ФРКТ і фізфакам, ад­куль маладыя людзі прыходзяць па прак­тыку. У дадатак ёсць студэнцкая лабараторыя пры НДІ ПФП, дзе можна паглядзець збоку, што атрымліваецца ў студэнтаў, каб запрасіць кагосьці на працу. Таксама ў ла­бараторыі працуе некалькі маладых выпускнікоў БДУ. На пытанне пра тое, што трэба ўзяць маладому супрацоўніку ад першага працоўнага месца ў любой галіне, Мікалай Рашчэня адказвае так:
– Усё залежыць ад маладога чалавека і яго стаўлення да працы. Калі ідзе плынь ­людзей, спрабую перасцерагчы, што ў нас складана: трэба ведаць мовы праграма­вання, асвоіць сістэмныя рэчы. Некаторых гэта палохае. Аднак у нас склаўся калектыў, га­товы дапамагчы ў цяжкія моманты. «Разжоўваць» і прымушаць працаваць нідзе не будуць. Лічу, ёсць вялікія шанцы, працуючы над складанымі пытаннямі, сфарміраваць моцныя бакі характару і дасягнуць прафе­сійных вышынь. Мікалай Аляксандравіч кажа, што хочацца ўбачыць у маладым су­п­рацоўніку здоль­насць да самаадукацыі і захопленасць працай, каб ён быў гатовы разам з калектывам паляпшацца, імкнуцца да выніку.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна
print

Вам таксама можа спадабацца: