Хачу вучыцца ў БДУ! Хімічны факультэт – гэта новыя матэрыялы і біямедыцынскія тэхналогіі

3 Apr, 2019.

Хімічны факультэт з’яўляецца вядучым вучэбна-­навуковым цэнтрам па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных
спецыялістаў-­хімікаў.

СТРУКТУРА ФАКУЛЬТЭТА
Дзейнічае 9 кафедраў. Навучаецца 750 сту­дэнтаў і звыш 30 аспірантаў.
Факультэт плённа супрацоўнічае з НДІ фізіка-­хімічных праблем БДУ, інстытутамі НАН Беларусі, дзе створаны філіялы кафедраў факультэта і арганізаваны спецыя­лізаваныя практыкумы. Там студэнты знаёмяцца з перадавымі даследаваннямі, вы­конваюць курсавыя і дыпломныя працы,
удзельнічаюць у выкананні навуковых тэм.

СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
Арганізавана падрыхтоўка па высокатэхналагічных спецыяльнасцях:
•    «Фундаментальная хімія»,
•    «Хімія высокіх энергій»,
    «Хімія лекавых злучэнняў»,
•    «Хімія»
па чатырох напрамках: навукова­-вытворчая дзейнасць, фармацэўтычная дзейнасць, навукова-­педагагічная дзейнасць, ахова навакольнага асяроддзя. У залежнасці ад абранай спецыяльнасці выпускнікі атрымліваюць адну з кваліфікацый: «Хімік. Даследчык», «Хімік. Iнжынер», «Хімік. Выкладчык хіміі», «Хімік. Хімік-­эколаг», «Хімік. Хімік­фармацэўт», «Хiмiк. Радыяцыйны хiмiк. Радыяхiмiк», «Хімік. Бiяфармахiмiк». Наву­чальны працэс на хiмiчным факультэце скіраваны на развіццё творчага патэнцыялу студэнтаў, уменне самастойна будаваць сваю адукацыйную траекторыю, пастаянна папаўняць і абнаўляць свае прафесійныя кампетэнцыі.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Навучальны працэс на хімічным факультэце адпавядае сусветным адукацыйным стандартам, у чым студэнты пераконваюцца, трапляючы на стажыроўку ў вядучыя замежныя ўніверсітэты і навучальныя цэнтры. Штогод дзясяткі студэнтаў хімічнага фа­культэта накіроўваюцца на стажыроўку за мяжу па праграмах «Эразмус+», Дзяржаў­най праграме падрыхтоўкі спецыялістаў для ядзернай энергетыкі і інш.
На хімічным факультэце на англійскай ­мове чытаюць лекцыі прафесары з Аўстрыі, Iталii, Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, а таксама ­за­прашаюцца лектары з вядучых універсітэтаў і навуковых інстытутаў Расіі. Падчас летніх вакацый студэнты ўдзельнічаюць у праграме летніх міжнародных студэнцкіх практык IAESTE (The International Association of the Exchange of Students for Technical Experience) і працуюць у даследчых цэнтрах і ўніверсітэтах Еўропы.
На хімічным факультэце ў навучальнай праграме ёсць адзіны ў краіне білінгвальны курс «Уводзіны ў зялёную хімію», які дазваляе студэнтам не толькі авалодаць стратэгіяй і тактыкай хімічных сінтэзаў, бяспечных для навакольнага асяроддзя і чалавека, але і ўдасканальваць навыкі валодання пісьмовай і гутарковай англійскай мовай.

СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Каб працэс навучання быў эфектыўным і займальным, для студэнтаў укаранёныя розныя інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі: кааператыўны метад навучання, лекцыйны падкастынг, дыстанцыйнае навучанне на платформе MOODLE. Студэнты спецыяльнасці «Хімія высокіх энергій» выконваюць лабараторныя працы ў інтэрнэт-лабараторыi ў рэжыме відэаканферэнцыі на даследчым рэактары, які размешчаны ў Францыі. Гэта адзіны сярод беларускіх ВНУ прыклад дыстанцыйнага навучання, у якім спалуча­юцца тэорыя і практычныя ­заняткі ў рэжыме анлайн.

СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
На факультэце штогод праводзіцца шмат мерапрыемстваў з удзелам студэнтаў, у тым ліку дні гісторыі навукі і студэнцкая алімпіяда, розныя конкурсы і канцэрты. І кожную вясну факультэт дружна святкуе сваё галоўнае свята – Дзень хіміка.

ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
Выпускнікі хiмфака маюць шырокія магчымасці ў выбары сваёй прафесійнай дзей­насці. Яны могуць працаваць у інжынерных
і даследчых цэнтрах прадпрыемстваў, інстытутах НАН Беларусі, хімічных лабараторыях буйных прамысловых аб’яднанняў фармацэўтычнай, хімічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, на Беларускай АЭС, у Нацыянальнай антыдопінгавай ла­бараторыі, Дзяржаўным камiтэце судовых экспертыз, навукова-­практычных меды­цынскіх цэнтрах, уключаючы Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ-цэнтр) – усюды, дзе выкарыстоўва­юцца хімічныя тэхналогіі. І не толькі ў Бе­ларусі. Тыя, хто схільны да выкладчыцкай дзейнасці, рэалізуюць сябе ў навучальных установах.
Нашы выпускнікі становяцца не толькі буйнымі навукоўцамі і арганiзатарамi выт­ворчасці, але і прадпрымальнікамі, дып­ламатамі, крыміналістамі, менеджарамі, а гэта значыць, што яны лёгка ўваходзяць у іншыя сферы дзейнасці і дасягаюць у іх значных поспехаў. Мы чакаем вас на хімічным факультэце. Вы не пашкадуеце, калі прыйдзеце вучыцца да нас!



Хімічны факультэт – адзіная арганізацыя ў нашай краіне, дзе рыхтуюць хімікаў­-універсалаў, здольных распрацоўваць і ўкараняць хімічныя тэхналогіі VI тэхналагічнага ўкладу, ствараць новыя матэрыялы і лекавыя рэчывы. Наш лозунг – «Here we create the future!».

ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ

Андрэй Рогач, дырэктар Цэнтра функцыянальнай фатонікі Універсітэта Ганконга, увахо­дзіць у дзясятку самых цытаваных навукоўцаў у галіне хіміі і фізікі нанакрышталяў. Выпускнік 1978 года.
– На хімфаку БДУ заўсёды працавалі бліскучыя выкладчыкі, якія далі нам выдатную, сапраўды ўніверсітэцкую, адукацыю і, галоўнае, фундаментальныя веды не толькі ў галіне хіміі, але таксама ў фізіцы і матэматыцы. Асабіста мне гэта дазволіла пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ з поспехам будаваць сваю навуковую кар’еру ўжо на фізічным факультэце Мюнхенскага ўніверсітэта, працуючы ў такой перадавой галіне даследаванняў, як фатоніка паўправадніковых нанаструктур.

Ксенія і Канстанцін Лябецкія, інжынеры-хімікі БелАЭС. Выпуск 2017 г.
Ксенія: «Выпускнікоў хімічнага факультэта на галоўным энергетычным прадпрыемстве краіны шануюць за выдатную падрыхтоўку ў галіне фундаментальных навук і ўменне ўжыць гэтыя веды на практыцы. Хімфак даў нам базавую і спецыяльную падрыхтоўку ў розных галінах хіміі, і таму цяпер, у адказны момант уводу станцыі ў эксплуатацыю, мы пачуваемся ўпэўнена».

Канстанцін: «Падчас навучання на хімфаку мы прайшлі стажыроўку ў навучальных цэнтрах Расіі, Славакіі, Балгарыі, Аўстрыі і сталі сапраўднымі спецыялістамі. Яшчэ больш важнае тое, што ў нас вучыліся самыя прыгожыя дзяўчаты – і тут я знайшоў сваё каханне».

print

Вам таксама можа спадабацца: