Калыска характару. Віктар Шадурскі: “Малая радзіма чароўным чынам дапамагае аднавіць сілы пасля напружанага пра­цоўнага года”

5 Jul, 2019.

"Калыска характару" – гэта серыя матэрыялаў газеты “Універсітэт”, дзе кіраўнікі структурных падраздзяленняў БДУ дзеляцца тым, які куток краіны стаў для іх малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў іх жыцці. Яшчэ мы папрасілі назваць 5 фраз ці слоў, якія асацыіруюцца з малой радзімай.

Цяпер сваю гісторыю распавядае Віктар Генадзьевіч ШАДУРСКІ, дэкан факультэта міжнародных адносін.

– Мая малая радзіма – вёска Сар’я Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Я перастаў быць яе пастаянным жыхаром, калі пасля сярэдняй школы ў 1979 г. стаў студэнтам гістарычнага фа­культэта БДУ. Але сваю родную вёску ніколі не забываю, кожнае лета імкнуся правесці там тры тыдні адпачынку. На жаль, усё менш застаецца аднавяскоўцаў, якіх я добра памятаю і з якімі можна шчыра пагаварыць. Што асацыіруецца ў мяне з малой радзімай? Магу назваць такія словы:

1. Дарагія родныя

Успамінаеш бестурботнае дзяцінства, маці, у якой заўсёды можна было знайсці падтрымку ў сваіх перажываннях. Я шчаслівы, што жывы мой бацька Генадзь Сяргеевіч, які спраўна даглядае вялікі агарод. Жыве мая родная цётка Еўдакія Мікалаеўна, якая ў сакавіку 2019 г. адзначыла сваё 90-годдзе (я напісаў пра яе маладосць у кнізе, якая выйшла да стагоддзя ВЛКСМ). Яны даюць мне няхітрыя заданні па гаспадарцы, якія выконваю з вялікім задавальненнем, уяўна вяртаючыся ў дзяцінства.

На фота Віктар Шадурскі разам з бацькам Генадзем Сяргеевічам.

2. Крынічная вада ракі Сар’янкі

З гадамі прыйшло ўсведамленне: малая радзіма чароўным чынам дапамагае аднавіць сілы пасля напружанага пра­цоўнага года. Рака Сар’янка, што працякае ў цені дрэў і жывіцца вадой з крыніц, свежае паветра, простая, знаёмая з дзяцінства ежа, фізічная праца… Сыходзяць трывожныя думкі, забываюцца непатрэбныя спрэчкі.

3. Сар’янскі касцёл, які цяпер належыць праваслаўнай абшчыне

Сар’і пашанцавала з гісторыяй і сучаснасцю. Заснаваная ў 1506 годзе ў якасці маёнтка дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага Іванам Сапегам, яна пераходзіла ад аднаго ўласніка да іншага. Найбольш вядомым яе ўладальнікам у XIX стагоддзі быў Ігнат Лапацінскі. Ён пачаў будаўніцтва ў Сар’і каменнага храма ў неагатычным стылі (архітэктар Густаў Шахт), які асвяцілі прыкладна ў 1857 годзе. Яго першапачатковае аблічча можна ўявіць па малюнку выбітнага асветніка Напалеона Орды.

У савецкі перыяд храм з чырвонай цэглы выкарыстоўвалі як складское памяшканне. Энергічны дырэктар мясцовага саўгаса Уладзімір Скробаў прыклаў нямала высілкаў для рамонту архітэктурнага помніка і фактычна выратаваў яго ад разбурэння. У 1990 г. храм перадалі праваслаўнаму прыходу Прачыстай Найсвяцейшай Багародзіцы. У 2011 г. тут усталявалі помнік нябесным заступнікам шлюбу святым Пятру і Фяўронні.

4. Гай

Ад маёнтка памешчыкаў Лапацінскіх да сёння захаваліся парк («гай») з ажурнымі каванымі варотамі на ўваходзе, рэдкімі для Беларусі пародамі дрэў і некалькі будынкаў для прыслугі. Люблю там гуляць, а калі быў маладзейшы, то штораніцы бегаў у парку.

Віктар Шадурскі ў дзяцінстве.

5. Партызанскі край, трагічныя старонкі гісторыі ў гады Другой сусветнай вайны

У гады Вялікай Айчыннай Сар’я, як і дзясяткі вёсак у наваколлі, была знішчана фашысцкімі карнікамі. Попел з 14 вёсак, спаленых разам з жыхарамі, пахаваны на сімвалічных могілках у Хатыні. Сар’і пашанцавала больш: вёску цалкам аднавілі. Сёння ў ёй некалькі сотняў жыхароў, 10 гадоў назад яна атрымала статус аграгарадка. Пра ваенную трагедыю нагадваюць два помнікі ў цэнтры парку.

Выступ на мітынгу ля помніка ў вёсцы Сар'я, узведзенага на брацкай магіле, 2016 г.

Шматвяковая гісторыя Сар’і мае патрэбу ў больш актыўным даследаванні. Гэта тычыцца не толькі яе сярэднявечных старонак, ваен­нага часу, але і паваенных падзей. Жывыя яшчэ сведкі, якія могуць распавесці, як аднаўлялі на папялішчы вёску, як рупліва працавалі, як вучылі дзяцей паважаць сваю зямлю, пераадольваць перашкоды.

Удзячны бацькам, настаўнікам, аднавяскоўцам. Менавіта ў зносінах з імі я вызначыў для сябе, «што такое добра і што такое дрэнна».

Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ

Фота з асабістага архіва В.Шадурскага

Чытайце таксама: "Усё добрае і станоўчае я звязваю менавіта з гэтым мястэчкам”, — Ала Мелех пра малую радзіму;

“Гэта маладосць, той перыяд, калі ўсё было выдатна”, — Іван Янушэвіч пра малую радзіму;

"Вольны час быў як свята", - Пётр Брыгадзін пра малую радзіму;

"Я ганаруся сваёй сям’ёй", - Таццяна Гаеўская пра малую радзіму;

Анатоль Тозік: "Мая малая радзіма – гэта перш за ўсё наш універсітэт".

print

Вам таксама можа спадабацца: