Корпус Інстытута бізнеса на вул. Маскоўская адкрыўся пасля рамонту (+відэа)

18 Nov, 2019.

У абноўленай атмасферы працаваць і вучыцца будзе камфортна, упэўнены навасельцы Інстытута бізнесу БДУ. Завяршылася мадэрнізацыя будынка плошчай 3 660 квадратных метраў па вуліцы Маскоўская, 15а. Пра тое, якія пераўтварэнні адбыліся, даведалася газета “Універсітэт”.

Перад тым як перарэзаць чырвоную стужачку, на адкрыцці будынка рэктар БДУ Андрэй Кароль павіншаваў калектыў і студэнтаў інстытута з радаснай падзеяй. Самым важным вынікам праведзеных прац, вылучыў рэктар, з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання студэнта новай фармацыі, бо тут ёсць укамплектаваныя сучасным абсталяваннем навучальныя аўдыторыі, а таксама пляцоўкі для творчай дзейнасці і нэтворкінгу. “Студэнт, які тут вучыцца, – шчасліўчык. Я перакананы, яму не будзе хацецца сыходзіць дахаты“, – падагульніў рэктар вядучай ВНУ.

Дырэктар Інстытута бізнесу Пётр Брыгадзін адзначыў: “Гэта знакавая падзея для нашай установы, паколькі ўсе, хто прысутнічае на адкрыцці, уклалі мноства працы, энтузіязму ў тое, каб рамонт быў выкананы ў поўным аб’ёме ў вельмі сціслыя тэрміны. У цэлым 8 месяцаў сышло на капітальны рамонт і мадэрнізацыю корпуса“.

Зараз будынак на Маскоўскай не толькі выглядае стыльна, але і аснашчаны самым сучасным абсталяваннем. У выніку рэканструкцыі будынак атрымаў 22 навучальныя аўдыторыі на 30–120 пасадачных месцаў, 4 камп’ютарныя класы, 20 кабінетаў для выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Таксама пасля перапланіроўкі ў корпусе з’явіліся службовыя і тэхнічныя памяшканні. А смачна паесці і адпачыць ва ўтульным інтэр’еры можна ў студэнцкім кафэ на 40 пасадачных месцаў з уласным вытворчым цэхам.

Вам таксама можа спадабацца: