Уладзімір Сувораў абраны старшынёй Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДУ

5 Dec, 2019.

У БДУ адбылася 36 справаздачна-выбарная канферэнцыя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДУ. У ёй прынялі ўдзел больш за 320 дэлегатаў. Былі агучаны даклады пра працу прафсаюзнага камітэта і рэвізійнай камісіі ППА работнікаў за перыяд з 2014 да 2019 года.

Падчас канферэнцыі адбыліся выбары старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў. Кіраўніком абраны Уладзімір Сувораў, дацэнт кафедры геаметрыі, тапалогіі і методыкі выкладання матэматыкі механіка-матэматычнага факультэта, яго намеснікам – Васіль Амялюсік, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту. Працоўны прэзідыум узначаліў Іван Янушэвіч, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ.

У рамках пасяджэння ўдзельнікі абмеркавалі дзейнасць прафсаюза работнікаў БДУ за мінулыя пяць гадоў. Як адзначыў Уладзімір Сувораў, прафкам прымае актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта. Праца ППА накіравана ў першую чаргу на абарону працы супрацоўнікаў БДУ.

Прафкам удзельнічаў у арганізацыі грамадскага кантролю над выкананнем патрабаванняў аховы працы і заканадаўства аб працы. За пяць гадоў ажыццёўлена распрацоўка і ўдасканаленне калектыўных дамоў. У выніку сумеснай працы па выкананні калектыўнай дамовы за справаздачны перыяд 108 сем’яў работнікаў БДУ пабудавалі кватэры па коштах, істотна ніжэйшых за рынкавыя.

За справаздачны перыяд была выпрацавана новая фінансавая палітыка арганізацыі, дзякуючы якой ППА набыла фінансавую ўстойлівасць і празрыстасць. Пры гэтым у дастатковай меры захавалася фінансавая самастойнасць цэхавых арганізацый.

Спартыўна-масавая камісія ППА (старшыня В. А. Амялюсік) сумесна з кафедрай фізічнага выхавання і спорту арганізоўвала працу груп “Здароўе”. Тут работнікі БДУ маглі займацца агульнай фізічнай падрыхтоўкай і ўдасканальваць сваё спартыўнае майстэрства (бясплатнае наведванне басейна, спартыўных, гульнявых, трэнажорных зал). На высокім узроўні праводзіліся ўжо традыцыйныя спартакіяды “Здароўе” і дні здароўя. Штогод ППА работнікаў БДУ займала прызавое месца ў аглядзе-конкурсе прафсаюза на найлепшую пастаноўку спартыўнай працы сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый ВНУ краіны.

Калі гаварыць пра аздараўленне работнікаў універсітэта, то тут выкарыстоўваліся ўласныя базы БДУ САК “Брыганціна”, дзе арганізоўваўся адпачынак сем’яў супрацоўнікаў (дзве змены ў жніўні). Работнікам, якія маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні і набываюць пуцёўкі за поўны кошт, аказвалася матэрыяльная дапамога.

Актыўна працавала культурна-масавая камісія прафкама (старшыня А. У. Кінчыкава). За справаздачны перыяд было арганізавана і праведзена больш за 20 экскурсійных праграм, у якіх прынялі ўдзел 2500 турыстаў з ліку работнікаў універсітэта, арганізоўвалася калектыўнае наведванне канцэртных зал, тэатраў, праводзіліся ўрачыстыя мерапрыемствы.

Камісія па ахове працы і тэхніцы бяспекі прафкама (старшыня А. Ф. Нікіценка) рэгулярна ўдзельнічала ў планавых праверках, якія праводзяцца сумесна з упраўленнем па ахове працы і надзвычайных сітуацыях БДУ.

Таксама на пасяджэнні адзначалася тое, што прафсаюзным камітэтам праводзілася значная ўнутрысаюзная праца. Арганізацыйная структура ППА была прыведзена ў адпаведнасць са Статутам галіновага прафсаюза. У выніку прафсаюзныя арганізацыі МДЭІ імя А. Д. Сахарава і НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі рэарганізаваны ў цэхавыя арганізацыі ППА работнікаў БДУ.

Падводзячы вынікі мінулага перыяду, прафкам паставіў перад сабой і шэраг задач. А менавіта: наладзіць інфармацыйна-аналітычную працу, арганізаваць эфектыўную працу па падборы нарматыўных дакументаў, распрацоўцы мерапрыемстваў, накіраваных на садзейнічанне дасягнення мэт развіцця БДУ, на працу са зваротамі работнікаў, распрацоўку працэдуры разгляду праблемных сітуацый, арганізацыю ўнутрысаюзнага кантролю. А яшчэ ў планах распрацоўваць і рэалізоўваць сумесныя падыходы да працы з ветэранамі БДУ і моладдзю, мерапрыемствы да прафесійных свят, фарміраваць архіў, летапіс.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: