У БДУ аспірантаў больш, чым у НАН

24 Sep, 2020.

Наш універсітэт – найбуйнейшая ў Беларусі ўстанова пасляўніверсітэцкай адукацыі: тут навучаецца прыкладна кожны пяты аспірант краіны. План прыёму ў БДУ на бюджэт у 2020 годзе склаў 193 чалавекі (1052 чалавекі ў краіне ў цэлым). Гэта значна больш, чым ва ўсе інстытуты, цэнтры і ўстановы НАН Беларусі (148 чалавек). Пра тое, каго чакаюць у аспірантуры, навошта маладым людзям ісці ў навуку і як іх заахвоціць, распавядае намеснік начальніка ГУН Аляксандр ЗАХАРАЎ.

Кантынгент аспірантаў
– У комплексе БДУ за апошнія пяць гадоў колькасць аспірантаў перавышала 960 чалавек, пры гэтым увесь час замежнікаў становіцца больш. Калі ў 2016 г. навучаўся 81 чалавек, то на канец 2019 г. было ўжо 109 ­замежных аспірантаў, а зараз іх 120. Такім чынам, іх колькасць узрасла ў 1,5 раза. Пэўная частка замежных грамадзян навучаецца ў рамках міжурадавых дамоў.
Калі гаварыць пра статус аспіранта, то гэта разумны, матываваны на дасягненне выніку малады чалавек, які мае схільнасць да творчай працы, ужо сфарміраваў пэўны навуковы зачын (артыкулы, удзел у канферэнцыях, выкананыя эксперыментальныя даследаванні і г. д.) на этапе вышэйшай адукацыі (НДРС).

Імпэт да навуковай дзейнасці
– Ва ўніверсітэце пабудавана сістэма, накіраваная на прыцягненне студэнтаў да навуковай, творчай дзейнасці. Пры гэтым яна арыентавана як на студэнтаў, так і на іх навуковых кіраўнікоў. Праца па выяўленні і стымуляванні здольных студэнтаў праводзіцца менавіта на этапе НДРС і шмат у чым залежыць ад кваліфікацыі навуковых і навукова-педагагічных работнікаў нашага ўніверсітэта. У БДУ сфарміраваны комплекс навуковых універсітэцкіх мерапрыемстваў (конкурсаў, канферэнцый, выстаў); ажыццяўляецца прэміраванне; падрыхтоўка публікацый у электронных і друкаваных рэсурсах БДУ і Беларусі; распрацавана нарматыўная база; вылучаецца значнае фінансаванне на развіццё НДРС; ажыццяўляецца падрыхтоўка метадычных прац; узнагароджваюцца пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і многае іншае. Падрабязную інфармацыю пра сістэму НДРС БДУ можна атрымаць на сайтах nirs.bsu.by і research.bsu.by.

Тры формы навучання
– Навучанне аспірантаў вядзецца ў трох формах: дзённай, завочнай і ў форме суіскальніцтва. Яны адрозніваюцца, па-першае, тэрмінам навучання: у дзённай аспірантуры – да трох гадоў, у завочнай – да чатырох, а ў суіскальніцтве – да пяці. Па-другое, асаблівасцямі паступлення: у аспірантуру неабходна здаваць уступны іспыт і мець вынікі агуль­наадукацыйных кандыдацкіх іспытаў, а ў суіскальніцтва – не. Па-трэцяе, патрабаваннямі да працоўнага стажу. Для паступлен-ня ў аспірантуру ў завочнай форме і форме суіскаль­ніцтва ён павінен складаць не менш за два гады на па­садах, якія патрабуюць вышэйшай адукацыі. Для дзённай жа формы працоўны стаж неабходны толькі для педагагічных і медыцынскіх спецыяльнасцяў, у астатніх выпадках (пры адсутнасці двухгадовага працоўнага стажу) патрабуецца рэкамендацыя савета (навуковага савета) УВА ці факультэта. Па-чацвёртае, спосабам сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў: аспіранты дзённай формы навучання атрымліваюць стыпендыю, а завочнікі і суіскальнікі – не.

Заказчыкі кадраў
– План прыёму ў аспірантуру для навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па канкрэтных спецыяльнасцях фарміруецца па заяўках ад падраздзяленняў БДУ, а таксама арганізацый, якія маюць запатрабаванне ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Мы штогод атрымліваем заяўкі ад арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці. Як правіла, ім патрабуюцца кваліфікаваныя юрысты і эканамісты.
Апроч нашага ўніверсітэта заказчыкамі кадраў часта выступаюць такія арганізацыі, як ААТ «Інтэграл», ААТ «Лесахімік», ДУ «РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава», ААТ «БПС-Ашчадбанк», Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў і да т. п.

Эфектыўнасць аспірантуры
– Аспірантура БДУ не толькі самая вялікая, але і высокаэфектыўная. Напрыклад, паводле дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і моладзевая палітыка», паказчык «удзельная вага выпуску з абаронай дысертацыі ў межах усталяванага тэрміну навучання з аспірантуры» на 2019 г. быў у памеры 6,7 %. У БДУ ж па выніках года ён склаў 24,8 %.
У апошнія гады меры стымулявання аспірантаў і іх навуковых кіраўнікоў актыўна развіваюцца як на дзяржаўным узроўні, так і ў БДУ. Напрыклад, увесь час павялічваецца памер стыпендыі аспірантаў. Цяпер яна складае 641,34 руб., а прэзідэнцкая стыпендыя для аспіранта – 926,38 руб. Не так даўно ў два разы павялічаны памер аплаты працы навуковых кіраўнікоў.
У БДУ распрацаваны і рэалізаваны комплекс мер па стымуляванні эфектыўна працуючых аспірантаў і іх навуковых кіраўнікоў:
– ажыццяўляецца прэміраванне за абароны дысертацый, эфектыўнае кіраўніцтва замежнымі аспірантамі;
– укаранёная рэйтынгавая сістэма ПВС, пры якой памер прэміравання (надбавак) у канкрэтнага супрацоўніка БДУ ў значнай ступені вызначаецца эфектыўнасцю яго працы ў сферах падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі;
– усталёўваюцца надбаўкі да стыпендый аспірантам (новая версія адпаведнага палажэння зацверджана 01.07.2020);
– вылучаюцца гранты рэктара для завяршэння падрыхтоўкі і абароны дысертацый (новая рэдакцыя палажэння зацверджана 13.01.2020);
– ажыццяўляецца прэміраванне за перамогу ў конкурсе на найлепшага кіраўніка НДР студэнтаў і аспірантаў;
– ажыццяўляецца прэміраванне за кіраўніцтва аспірантам, чый даклад адзначаны аргкамітэтам штогадовай навуковай канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў, і г.д.

Галоўныя прычыны паступаць у аспірантуру:
1. Цікавая творчая праца, калі менавіта Вы можаце стварыць штосьці дакладна новае і карыснае. Пры­чым існуе зусім не нулявая верагоднасць атрымаць
ад гэтага істотныя матэрыяльныя дывідэнды.
2. Вельмі істотна, у разы, павышаецца Ваш прафесійны ўзровень (у тым выпадку, калі Вы прайшлі працэс падрыхтоўкі дысертацыі да канца).
3. Вы працуеце ў калектыве БДУ, а значыць, сярод разумных, крэатыўных, культурных – увогуле, най­лепшых людзей нашай краіны, што непазбежна пашырыць Ваш агульны кругагляд, з’явіцца магчымасць пашырыць і наладзіць карысныя прафесійныя (і не толькі) сувязі.
4. Гэта ўзмоцніць Вашы стартавыя пазіцыі пры працаўладкаванні і кар’ерным прасоўванні як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі.

Валерыя БАНДАРЧЫК

Даведка
Падрабязная інфармацыя наконт плана і правілаў прыёму на сайтах БДУ (http://www.research.bsu.by; http://www.bsu.by) ці праз тэлефоны:+375 17 209-51-73, +375 17 209-50-24.
Прыём дакументаў ажыццяўляецца да 30 верасня 2020 года па адрасе: г. Мінск, вул. Бабруйская, 9, к. 414, 419.

print

Вам таксама можа спадабацца: