Важныя фактары — даследчая дзейнасць і паспяховасць. Гранты Wargaming атрымалі 24 студэнта БДУ

25 Nov, 2020.

Дзмітрый Кіроль, намеснік дырэктара па кадрах СТАА «Гейм Стрым», уручае дыплом і персанальную ўзнагароду Анатолю Кохану

Нядаўна сусветна вядомая кампанія Wargaming ужо ў трэці раз заахвоціла студэнтаў БДУ спецыяльнымі грантамі. Колькасць лаўрэатаў расце, як і кола факультэтаў. Мы даведаліся, на якія мэты будзе накіравана грашовая дапамога і як яе атрымаць.

Падтрымаць маладыя таленты і навуку Беларусі!
Ці мог больш за 20 гадоў назад студэнт фізічнага факультэта БДУ ўявіць, што стане адным з самых паспяховых прадпрымальнікаў ­Беларусі? Такая сіла захаплення. Віктар Кіслы паспяваў і вывучаць лазерную фізіку і спектраскапію ва ўніверсітэце, і распрацоўваць кам­п’ютарныя гульні. Першае анлайн-прыкладанне па матывах шахмат ён напісаў у 1996 г., а ўжо ў 1998-ым разам з сямю энтузіястамі заснаваў кампанію, якой давядзецца атрымаць глабальную вядомасць, адчыніць дзясяткі офісаў па ўсім свеце, заслужыць прэстыжныя ўзнагароды і некалькі разоў патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса.

Дапамога маладым талентам – важкі ўнёсак у будучыню. Таму кампанія ўжо некалькі гадоў праводзіць бясплатныя курсы па розных напрамках геймдэва. WG Forge – магчымасць заглыбіцца ў распрацоўку самых папулярных у свеце гульняў. Ніякага “набівання” – толькі прыклады з практыкі і насычаныя трэнінгі. Дзесяткі выпускнікоў адукацыйнай праграмы, у тым ліку з блізкага замежжа, Італіі і Бразіліі знайшлі сябе ў сферы IT, а некаторыя – атрымалі прапанову аб супрацоўніцтве з Wargaming.

У 2019 г. саўладальнікі кампаніі Wargaming задаліся пытаннем, як можна падтрымаць родную альма-матар. Адказ знайшлі разам з кіраўніцтвам БДУ – вылучыць спецыяльныя гранты для студэнтаў, якія вырашылі заняцца навуковымі даследаваннямі. Узнагароджанні тройчы право­дзілі сярод чатырох факультэтаў – хімічнага, фізічнага, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыё­фізікі і камп’ютарных тэхналогій.
У цяперашнім семестры колькасць стыпендый вырашылі павялічыць з 16 да 24, а да факультэтаў-­удзельнікаў дадалі біялагічны і
механіка-матэматычны.
Падаць заяўку можа кожны ахвотнік, акрамя студэнтаў выпускнога курса. Неабходна напісаць матывацыйны ліст, падрыхтаваць аўтабіяграфію і выпіску з пратакола пасяджэння савета факультэта. Важныя фактары – навукова-дас­ледчая дзейнасць і паспяховасць. Сярэдні бал павінен складаць не менш за сем з паловай. Вынікі конкурсу падводзяць на пасяджэнні камітэта стыпендыі. Журы аналізуе дакументы, вывучае навуковыя публікацыі, матывацыю студэнта, а затым прымае рашэнне з дапамогай таемнага галасавання.

– Зрабіць выбар няпроста, бо кожны ўдзельнік годны перамогі, – гаворыць Уладзімір Кіслы, ды­рэктар кампаніі Wargaming Group Limited. – Займацца навукай і атрымаць маштабную падтрымку ад універсітэта ў такім маладым узросце – значныя дасягненні. Пры прыняцці канчатковага рашэння пра стыпендыятаў мы арыентуемся на іх планы на будучыню. Якія мэты ставіць перад сабой студэнт? У якіх канферэнцыях ён хоча ўдзельнічаць? Як выкарыстоўвае сродкі? Жорсткіх абмежаванняў тут няма, але асноўныя напрамкі – падтрымка кафедры, публікацыя ў аўтарытэтных міжнародных ча­со­пісах.
Адмысловую ўвагу надаюць працам на стыку дысцыплін. Так, адно з самых цікавых даследаванняў – вывучэнне рэзанансу клеткі на ­ўздзеянне лекаў. Фізіка ў тандэме з медыцынай – яркае рашэнне.
Памер адной стыпендыі – дзве тысячы долараў на семестр. Прадстаўнікі кампаніі разлічваюць, што студэнты змогуць набыць на гэтыя грошы неабходныя рэагенты, тэхніку і спецыялізаваную літаратуру, менш турбавацца фінансавымі пытаннямі і цалкам канцэнтравац­ца на навуковай дзейнасці.

У Анатоля Кохана – персанальны прыз
Цяперашні пяцікурснік фізічнага факультэта Анатоль КОХАН атрымаў ад сузаснавальніка кампаніі Уладзіміра Кіслага персанальную ўзнагароду. Ён апублікаваў 12 навуковых прац за час навучання і тройчы станавіўся стыпендыятам Wargaming.
– Упершыню я даведаўся пра стыпендыю ад сяброў, якія хадзілі на першую прэзентацыю ў рэктарат, – распавёў Анатоль Кохан. – А калі быў на канферэнцыі ў Ма­скве, мне прапанавалі паўдзельні­чаць у конкурсе. Калі ты займаешся навукай і табе гэта падабаецца, ніякіх праблем з падрыхтоўкай дакументаў і апісаннем сваёй працы паўстаць не павінна.
Персанальная ўзнагарода стала прыемнай нечаканасцю. Дзякуючы дапамозе, якую я атрымаў у лабараторыі і на кафедры, мне ўдалося за 3 гады паспрабаваць шмат напрамкаў у біяфізіцы, вывучыць шмат методык, паўдзельнічаць у напісанні артыкулаў і ў працы канферэнцый, што ў выніку і склалася ў добрую навуковую працу.
У ёй я надаю ўвагу двум нап­рамкам, звязаным адзін з адным. Гэта электрафізіялогія трамбацытаў і ўплыў іонных каналаў мембраны на іх фізіялагічныя і патафізіялагічныя функцыі, а таксама біяфізіка бялкоў, якія ўдзельніча­юць у запаленчых працэсах. У далейшым я буду імкнуцца ўключаць у працу яшчэ і мадэляванне ўнутрыклетачных працэсаў.
Цяпер я рыхтуюся да паездкі ў Дрэздэн для ўдзелу ў распрацоўцы чыпа для электрафізіялогіі клетак крыві. У дадатак я купіў ноўтбук, які выдатна спраўляецца з мадэляваннем складаных біялагічных працэсаў, у прыватнасці, згортвання крыві.

Выдаткаваць стыпендыю на новыя веды
Студэнт другога курса хімічнага факультэта Глеб ПАЗНЯК упер­шыню пра стыпендыю Wargaming даведаўся яшчэ напачатку вучобы ад саміх прадстаўнікоў кампаніі, якія прыйшлі ва ўніверсітэт. – Я задумаўся пра тое, каб па­даць заяўку, але на той момант яшчэ не займаўся навуковай ­дзейнасцю, – успамінае Глеб. – На другім курсе я пачаў даследаванні на кафедры высокамалекулярных злучэнняў НДІ ФХП БДУ пад кіраўніцтвам кандыдата хімічных навук Яраслава Вячаслававіча Фалетрава. Увесну 2020 года падаў заяўку – і выйграў стыпендыю.
Галіна маіх навуковых інтарэсаў – сінтэз біяарганічных злучэнняў, якія валодаюць флуарэсцэнтнымі ўласцівасцямі і могуць выка­рыс­тоўвацца ў розных мэтах. Напрыклад, для адсочвання працэсаў, якія адбываюцца з пэўнай малекулай унутры арганізма.
Стыпендыю я планую выдаткаваць на закупку таго, што трэба для правядзення далейшых даследаванняў, а таксама на самаразвіццё. Вядома, усю суму адразу не выдаткую, буду купляць неабходныя матэрыялы падчас працы.
З камп’ютарам я на «ты», трохі захапляюся праграмаваннем на мове Python, але ў якасці асноўнай прафесіі IT-сферу не разглядаў. У сучасным свеце без камп’ютара ўжо не абысціся, і IT-тэхналогіі цесна кантактуюць з хімічнай навукай. Так што хто ведае, дзе буду працаваць праз пару гадоў.

Сучасныя даследаванні ў біяінфарматыцы
Студэнтка трэцяга курса факуль­тэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Вікторыя ШАМКІНА пра магчымасць атрымаць сты­пендыю War­gaming пачула ад сяброўкі, затым убачыла пост у групе факультэта і вырашыла па­спрабаваць.
– Для ўдзелу я падрыхтавала матывацыйны ліст і аўтабіяграфію, атрымала рэкамендацыю і, вядома, прадэманстравала сваю навуковую працу, – распавядае Вікторыя. – Я займаюся даследаваннем у галіне біяінфарматыкі. Распрацоўваю тэму «Нармалізацыя даных секвеніравання адзінкавых клетак пры дапамозе метаду незалежных кампанентаў». Напрамак набірае папулярнасць і мае вялікае значэнне для будучыні.
Грошы я хачу выдаткаваць на неабходныя для даследаванняў ­рэсурсы. Вядома, нядрэнна было ­б наведваць навуковыя канфе­рэнцыі, але, на жаль, сусветная сітуацыя ўнесла карэкціроўкі ў мае планы.
Дарэчы, акрамя біяінфарматыкі, мне цікавы напрамак data science. Таму ў будучыні я цалкам магла б паспрабаваць сябе ў IT-сферы.
 

На стыку хіміі і IT
Студэнтцы трэцяга курса хімічнага факультэта Вікторыі СТАРАВОЙТАВАЙ пра стыпендыю распавёў Яраслаў Вячаслававіч Фалетраў.
– Мне здаецца, самым важным і складаным стала напісанне аўтабіяграфіі і эсэ, у якім трэба было выказаць сутнасць навуковага праекта, – лічыць Вікторыя. – Канкрэтна ў гэтым конкурсе я ўдзельнічала ўпершыню, але за плячыма ў мяне ўжо шмат падобных. Тэма майго праекта – «Віртуальны пошук злучэнняў-інгібітараў некаторых ферментаў, якія іграюць важную ролю ў патагенезе пэўных відаў раку».
Мне цікавая біяінфарматыка, а дакладней распрацоўка праграмнага забеспячэння для правядзення даследаванняў у галіне біялогіі і хіміі. У дадзены момант я займаюся распрацоўкай ПЗ для правядзення і аўтаматызацыі малекулярнага докінгу. Для віртуальнага пошуку патрэбны магутны камп’ютар, які я і хачу набыць з дапамогай стыпендыі.
Сваю будучыню бачу на стыку IT і прыродазнаўчых навук. Зараз я заканчваю хімічны факультэт, паралельна вывучаю працу з базамі даных, а таксама некаторыя мовы праграмавання і біялогію.

Кацярына КАРДАШ

print

Вам таксама можа спадабацца: