Кіно на прыродзе

1 Jun, 2022.

 

З 27 па 29 мая прайшоў ХIII студэнцкі турыстычны злёт БРСМ БДУ «Высокі бераг–2022». Яго ўдзельнікамі сталі больш за 200 студэнтаў, аб’яднаных у 14 каманд.

Назва турзлёту цалкам адлюстроўвала тэму мерапрыемства – «XIII З’езд кінематаграфістаў». Кожная каманда праз жараб’ёўку атрымлівала адзін фільм з савецкага кінематографу, які павінна была прадставіць на з’ездзе. Студэнтам трэба было выканаць некалькі дамашніх заданняў – падрыхтаваць візітоўку, відэа, фота і творчы нумар. Фота і відэапрадстаўленні выкладалі ў групе мерапрыемства «УКантакце» на працягу дзесяці дзён. Крэатыўны падыход моладзі да гэтага конкурсу журы ацэньвала асобна. Намінацыю за найлепшае відэа атрымала каманда гістарычнага факультэта з іх нуарнай інтэрпрэтацыяй знаёмага ўсім мультфільма «Ну, пачакай!». А ўзнагароду за самае лепшае фота паводле мультфільма «Маляня і Карлсан» заваявала каманда фізічнага факультэта.

Праходзіў злёт у комплексе «Высокі бераг» Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Арганізатары адзначылі, што акцыя накіравана на захаванне і развіццё традыцый універсітэцкага жыцця, студэнцкага турысцкага руху і ўмацаванне здароўя маладога пакалення.

У першы дзень на адкрыцці турзлёту студэнты прадстаўлялі свае каманды з дапамогай візітовак, якія падрыхтавалі раней, і арганізавалі палатачны лагер. Для многіх злёт быў першым турыстычным досведам, таму ім даводзілася шмат чаму вучыцца з нуля, у тым ліку як ставіць палатку і разводзіць вогнішча.

 Пераможцамі ў конкурсе візітовак сталі навучэнцы эканамічнага факультэта – каманда нібыта прыехала з вёскі «Прастаквашына».

Акрамя таго, удзельнікам прапанавалі конкурс на тэматычныя дэкарацыі палатак у тэматыцы зададзенага фільма. З гэтым лепш за ўсіх справілася каманда біялагічнага факультэта, чый лагер быў упрыгожаны ў стылістыцы фільма «Службовы раман». Акрамя таго, можна было пахадзіць па вуліцах Масквы, якая не верыць слязам, праспяваць з брэменскімі музыкамі, пабываць на вяселлі ў Малінаўцы.

Каманды дэманстравалі свае стралковыя навыкі ў ваенна-тактычнай гульні «Лазертаг». Сапраўднымі байцамі паказалі сябе студэнты з каманды юрыдычнага факультэта. Пасля такой актыўнасці студэнтаў чакалі ўтульны вечар ля вогнішча і конкурс песень ваенных гадоў. На ім вылучыўся ваенны факультэт.

На другі дзень было запланавана шмат спартыўных конкурсаў. Па-першае, паласа перашкод. На канатнай дарозе трэба было прайсці тры выпрабаванні: прайсці па прамой, балансуючы на вяроўках, правільна перачапіць тросы і на страхоўцы прапаўзці па канаце. Усё гэта трэба было зрабіць як мага хутчэй. З улікам правільнасці выканання іспытаў і хуткасці ў гэтым спаборніцтве перамагла каманда юрыдычнага каледжа.

 

 

– Паласа перашкод мела вельмі эпічную назву – «Паласа выжывання». Яна была даволі цікавая і ўсім спадабалася. Многім нават хацелася прайсці яшчэ раз, – расказвае ўдзельнік каманды фізічнага факультэта Антон УЛАНАЎ.

З надвор’ем у гэтыя тры дні не вельмі пашанцавала: было дажджліва, таму часта студэнтам дапамагалі ратавацца парасоны і дажджавікі. На жаль, арганізатарам прыйшлося адмяніць спартыўнае арыентаванне. Але мокры пясок не перашкодзіў правесці спаборніцтва па валейболе.

– Нашай камандзе пашанцавала, мы па выніках жараб’ёўкі былі трэцімі і яшчэ паспелі пагуляць, калі было сонечна. Валейбол мне ўвогуле больш за ўсё запомніўся. Мы падтрымлівалі адзін аднаго за любы гол, было вельмі весела, і, нягледзячы на тое, што гэта спаборніцтва, з супернікамі ў нас былі добрыя ўзаемаадносіны, – распавядае капітан каманды факультэта журналістыкі Анастасія ПОЎХ.

Пасля такіх актыўных спаборніцтваў праходзіў агляд палатачных лагераў і конкурс паходных страў «Каша-Battle». Студэнты імкнуліся крэатыўна падысці да гэтага смачнага конкурсу, таму ў той дзень можна было пакаштаваць і салодкую кашу з варэннем Карлсана, і даволі экзатычны варыянт паходнай кашы, падобнай да кітайскіх страў.

– У нас была перавага – замежны студэнт, які падзяліўся рэцэптам са сваёй радзімы. Некаторым было страшна каштаваць нашу салёную кітайскую кашу. Для беларусаў яна вельмі спецыфічная, таму што гатуецца з мукі, памідора, агурка, соевага соўсу, а не з круп. Але тыя, хто ўсё ж такі адважыўся пакаштаваць, здзіўляліся цікаваму смаку, – расказала ўдзельніца каманды журфака Дар’я ЛЕАНОВІЧ.

Але, на думку журы, найлепшую кашу турзлёту зварылі студэнты хімічнага факультэта. «Нахімічылі», – жартуюць студэнты з іншых каманд і адзначаюць, што хімфак гэту намінацыю сапраўды заслужыў.

Кульмінацыяй дня сталі творчыя нумары, да якіх студэнты-турысты рыхтаваліся даўжэй за ўсё. На сцэне яны паказвалі тэатральныя нумары, жартавалі, спявалі песні. Зоркамі канцэрта, адзначанымі намінацыяй, сталі «Брэменскія музыканты» з філалагічнага факультэта. Студэнтка Дар’я ШАНЧУК з гэтай каманды нават атрымала прыз за «Найлепшую жаночую ролю». А сярод хлопцаў адпаведная дасталася Аляксандру ЯРМОЛІЧУ з юрыдычнага каледжа.

Вечары на прыродзе халодныя, таму пасля конкурсаў студэнты ўсе разам танцавалі пад кавер-бэнд на ўтульнай імправізаванай танцпляцоўцы.

– Нягледзячы на тое, што мы кожны дзень спаборнічалі, не абыходзілася і без традыцыйных рамантычных атрыбутаў: па вечарах гатавалі на вогнішчы вячэру, спявалі песні пад гітару, чыталі вершы. Мусіць, менавіта гэтыя моманты запалі ў душу больш за ўсё, таму што ў іх была асаблівая атмасфера, – дзеліцца эмоцыямі Анастасія Поўх.

Некаторыя студэнты не былі гатовыя сутыкнуцца з суровымі ўмовамі жыцця ў палатачным лагеры. Але на турзлёце былі і дасведчаныя турысты, якія дапамагалі навічкам. Працавалі ўсе на роўных. Турысты разам гатавалі стравы ў казане, насілі ваду (яе можна было набраць на тэрыторыі комплексу), мылі посуд. Але, як звычайна, юнакі часцей адказвалі за распальванне вогнішча і нарыхтоўку дроў.

– Я езджу ў паходы з татам з самага дзяцінства, і гэта вельмі весела – жыць у палатках, гатаваць на вогнішчы, сядзець ля агню і спяваць разам. Не кожны можа жыць у палатцы, калі холадна. Трэба грэцца, класціся побач у спальных мяшках, каб не мёрзнуць, апранаць на сябе па два-тры камплекты цёплага адзення. Але весці актыўны лад жыцця – крута, – дзеліцца сваім досведам удзельнік каманды журфака Дзмітрый ЯНУШКЕВІЧ.

У такіх жорсткіх умовах галоўным фактарам «выжывання» становіцца ўзаемадапамога. І, па расповедах юнакоў і дзяўчат, з ёй праблем не было.

– Памятаю, прачнулася а 5 раніцы ад таго, што вельмі змерзла. Не ведала, што рабіць. Але мяне пабачылі ўдзельнікі каманды ваеннага факультэта і прапанавалі пасядзець і пагрэцца каля іх вогнішча. Надвор’е падчас нашага злёту было кепскае, было вельмі сыра і холадна, але можна было не перажываць за тое, каб знайсці цёплы куток і паесці, – дзеліцца ўспамінамі студэнтка з каманды факультэта журналістыкі Лізавета АРЛОВА. – Вольнага часу не было шмат, але яго праводзілі разам. Спявалі ля вогнішча, размаўлялі, атрымлівалі асалоду ад мясцовых краявідаў.

Заключны дзень быў прысвечаны воднаму спорту. Студэнтаў чакала апошняе спаборніцтва, якое вызначыла пераможцаў турыстычнага злёту – сплаў па рацэ на байдарках. Каманды павінны былі на хуткасць пераправіцца па Нёмане з аднаго берага на іншы. Найлепшымі сталі студэнты каманды ФФСН.

Пасля гэтага моладзь збірала палатачныя лагеры і чакала ўрачыстага завяршэння з абвяшчэннем пераможцаў.

Па выніках усіх выпрабаванняў першае месца заняла каманда юрыдычнага каледжа, якая прадстаўляла адну з культавых кінакамедый савецкага кінематографу – «Брыльянтавая рука».

Другое месца заняла каманда хімічнага факультэта, іх фільм – «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка». Трэцяе месца ў каманды факультэта філасофіі і сацыяльных навук, яны паказалі сучасную інтэрпрэтацыю фільма «Дзяўчаты».

Без намінацый не застаўся ніхто. Адмысловы прыз у намінацыі «Ціхія ночы» атрымала каманда факультэта журналістыкі, якая прадстаўляла фільм «Масква слязам не верыць». Арганізатары адзначылі, што ў турыстычных умовах дысцыпліна і парадак вельмі важныя, і ў гэтым журналісты вызначыліся лепш за іншых. А «самай яркай камандай» сталі навучэнцы факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі з іх прадстаўленнем рамантычнай камедыі «Каханне і галубы».

Кожны студэнт, які пабываў на ХIII студэнцкім турыстычным злёце БРСМ БДУ «Высокі бераг–2022», забраў з сабой багата прыемных і вясёлых успамінаў, уражанняў і, канешне, новых уменняў. Усе як адзін кажуць, што турзлёт – тое мерапрыемства, на якім абавязкова трэба пабываць, каб выпрабаваць сябе.

 

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: