Адзін за адным. Завяршылася літаратурная эстафета БДУ ў межах праекта “Чытаем па-беларуску” (+відэа)

23 Mar, 2018.

Студэнты геаграфічнага факультэта Аляксандр Саладуха, Ірына Зелянкова,Таццяна Карват, Алена Карпенка, Валерый Караян

Літаратурная эстафета БДУ, якую распачаў філалагічны факультэт, доўжылася з лістапада мінулага года. Апошняе відэа пабачылі ад ваеннага факультэта ў Міжнародны жаночы дзень. За ўвесь час 22 установы БДУ – факультэты, інстытуты, Фундаментальная бібліятэка – прадставілі 30 твораў беларускай літаратуры ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску».

У рэспубліканскім конкурсе «Чытаем па-беларуску з velcom», які скончыцца  толькі ў маі, удзельнічаюць школьнікі 7–8 класаў. Вучні запісваюць відэа, дзе чытаюць творы беларускіх класікаў. У падтрымку гэтай ініцыятывы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт запусціў сваю эстафету чытанняў, пачатак якой быў прымеркаваны да дня нараджэння Якуба Коласа, 3 лістапада. На першым этапе творы чытаў філалагічны факультэт. Далей па чарзе астатнія навучальныя структуры ВНУ далучыліся да гэтага праекта. У студэнтаў з’явіўся сапраўдны спартыўны азарт. Адзначым, што больш за 100 асоб прамільгнулі ў кадры за ўвесь час акцыі. Ролікі запісвалі студэнты самі альбо пры падтрымцы Медыяцэнтра БДУ ці Студэнцкага тэлебачання. Відэаролікі размяшчаліся ў сацыяльных сетках універсітэта.

У відэароліках можна сустрэць вершы такіх аўтараў, як Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Караткевіч, Алесь Разанаў, Аркадзь Куляшоў, Алесь Ставер.

Дар’я Андрэева і Лізавета Сідарцова, ФМА

Акрамя гэтага студэнты ФМА прачыталі выбраныя санеты Шэкспіра ў перакладзе Уладзіміра Дубоўкі, а слухачы ФДА – народную песню «Прыехала Каляда на белым кані...». Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла агучыў радкі з перакладзенага на сучасную беларускую мову Новага Запавета. Сярод тых, хто працаваў над перакладам, вызначаецца першы прарэктар Інстытута тэалогіі протаіерэй Сергій Гардун. На пераклад з арыгіналу – са старажытнагрэчаскага тэксту – пайшло 25 гадоў. Прэзентацыя Кнігі адбылася да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Марыя Арыніч, хімічны факультэт

Чытальнікам не толькі пашчасціла адчуць прыгажосць і мілагучнасць роднай беларускай мовы, але і ўдалося спасцігнуць тыя пра­блемы і пытанні, якія ўздымаліся ў творах. Прагучалі думкі пра сэнс жыцця, шчасця і кахання, паглыбіліся ў сямейную тэматыку, перадалі стаўленне аўтараў да прыроды, радзімы і гісторыі, сказалі, што значыць творчасць і сіла духу.

Святлана Салагубава, Мікалай Румаў, Яўгенія Красніцкая, ММФ

Адзначым, што сёлетні 2018 год аб’яўлены годам малой радзімы. Гэта тэма таксама гучала ў эстафеце. На гэты конт сваім меркаваннем дзеліцца студэнт фізічнага факультэта Дзмітрый Крэйдзіч:

– Мне спадабалася ідэя эстафеты. Лічу гэта вельмі цікавым праектам, бо такім чынам мы папулярызуем беларускую мову і літаратуру. Раней у такіх акцыях не ўдзельнічаў. Я прадстаўляў верш Алеся Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць». Чаму абраў гэты твор? Ён мне блізкі, таму што сам нарадзіўся на Палессі. На мяне нават накаціла настальгія. Яшчэ раз для сябе адзначыў, якая наша прырода асаблівая і як гэта правільна падкрэсліваецца ў вершы. Падчас рэпетыцый, запісу кадраў я прапускаў праз сябе гэтыя радкі зноў і зноў, і, мне здаецца, тады я і зразумеў сэнс гэтага верша. Пасля выхаду роліка мае знаёмыя выказвалі станоўчыя водгукі.

Лі Фан і Андрэй Ганчарэнка, факультэт даўніверсітэцкай адукацы

Некаторыя замежныя студэнты таксама прынялі ўдзел у чытанні. Да гэтага з беларускай мовай сутыкацца ім даводзілася рэдка. Напрыклад, студэнт МДЭІ імя А. Сахарава Абдала Давуд, чыя радзіма Саудаўская Аравія, кажа, што вельмі доўга рыхтаваўся да чытання вершаў на беларускай мове, яго падтрымлівалі блізкія людзі. Але падчас запісу роліка ён не хваляваўся, таму што вопыт выступленняў са сцэны ў яго быў.

Ганна Міхнюк, вядучы бібліятэкар:

– Мы, супрацоўнікі Фундамен­тальнай бібліятэкі, вырашылі далучыцца да акцыі адразу, як толькі пра яе пачулі. Марафон проста выдатны, ідэя вельмі добрая! Вядома, каму як не нам, бібліятэкарам, чытаць вершы? Вельмі доўга выбіралі твор. Браць лірыку нашых беларускіх класікаў або штосьці пранізліва патрыятычнае? Ці закрануць нашу прафесійную тэматыку? Пра любоў да кнігі, напрыклад? Усім сектарам бібліятэчнага маркетынгу чыталі ўголас, каб зразумець, якія вершы прыгажэй гучаць, калі іх будуць чытаць некалькі чалавек. Потым вылучылі верш П. Панчанкі «Родная мова» і падабралі каманду з 5 дзяўчат. Уражанні ад здымак роліка засталіся самыя станоўчыя, нам вельмі спадабалася! На памяць застаўся не толькі сам відэаролік, але і вясёлае відэа «бэкстэйдж». Лічу, што ўдзел у падобных праектах вельмі збліжае (мы супрацоўнікі розных аддзелаў бібліятэкі), таксама гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і выказаць любоў да сваёй роднай мовы, а яшчэ гэта дазваляе адчуць сябе часткай вялікай дружнай каманды БДУ.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

#чытаемзвэлком у БДУ

Удельнiкi акцыi:
1.
Філфак Я. Колас – урывак з «Новай зямлі»

2. Гістфак Я. Купала – «Вясна», «Летам», «У вырай», «Зімовая ноч»

3. Журфак – Ніл Гілевіч «Апошняе спатканне з Веранікай»

4. Геафак – М. Багдановіч «Па-над белым пухам вiшняў»

5. ФПМІ – Рыгор Барадулін «Трэба дома бываць часцей»

6. ІБМТ – Караткевіч «Дзе мой край!»

7. Хімфак - Ніл Гілевіч «Дзяўчына з хімфака»

8. ФФСН – «Паміж пяской Егіпецкай зямлі» і Барадулін «Пакуль жывеш развiтвайся з жыццём»

9. Мех-мат - Анатоль Вярцінскі «Рэквіем па кожным чацвёртым»

10. Юрфак – Н. Гілевіч «Маці»

11. ФМА – Максім Багдановіч «Слуцкія ткачыхі», абраныя санеты Шэкспіра ў перакладзе У. Дубоўкі і текст А. Разанава «Вобразы вабяць...».

12. Біяфак – А. Вярцінскі «Жыццё даецца каб жыццё тварыць»

13. ФРіКТ - Аркадзь Куляшоў «Бывай»

14. ФСК - Сяргей Грахоўскі «Як я жыў без цябе?..»

15. Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ – Якуб Колас «Будзь цвёрды»

16. Эканамічны факультэт – Рыгор Барадулін "Бацьку"

17. Факультэт даўніверсітэцкай адукацыі – Сяргей Грахоўскі «Чалавеку патрэбна не слава...» і «Прыехала Каляда на белым кані...»

18. Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут А. Сахарава – М. Багдановіч “Раманс”, Родная мова Панчанкі

19. Інстытут тэалогіі «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста»

20. Фізфак - Алесь Ставер «Жураўлі на Палессе ляцяць...»

21. Ваенны – П.Панчанка «Мала сказаць: ненавіджу…»

22. Фундаментальная бібліятэка – П.Панчанка «Родная мова».

 

print

Вам таксама можа спадабацца: