Турызм без межаў: пра новую спецыяльнасць на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ

11 Jul, 2022.

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ адкрываецца ўнікальная для Беларусі спецыяльнасць «геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць». Яе міждысцыплінарны характар аб’ядноўвае ў адной праграме навучання адразу тры напрамкі – геаграфію, турызм і геаінфармацыйныя сістэмы. Пра моцныя бакі і кар’ерныя магчымасці новай спецыяльнасці распавёў дэкан факультэта Дзмітрый КУРЛОВІЧ і намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Алена КАЛЬМАКОВА.

– У факультэта ёсць пяцідзесяцігадовы вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў па гэтым напрамку, – расказвае Дзмітрый КУРЛОВІЧ, – бо яшчэ ў 1972 г. была адкрыта спецыялізацыя ў рамках спецыяльнасці «геаграфія», яна называлася па-рознаму, адна з апошніх назваў – «геаграфія турызму і экскурсійная дзейнасць». Мы першыя ў краіне пачалі рыхтаваць спецыялістаў па гэтым напрамку, пэўны час на базе факультэта была развіта вышэйшая школа турызму, якая пасля трансфармавалася ў вышэйшую школу турызму БДУ. Пасля яе перадалі эканамічнаму ўніверсітэту. Таму мы вырашылі актуалізаваць наш шматгадовы вопыт падрыхтоўкі пад запыты сучасных працадаўцаў, якім патрэбныя супрацоўнікі з ведамі тэндэнцый турызму ва ўмовах глабалізацыі, інфарматызацыі і лічбавізацыі. Географ з гэтай спецыялізацыяй будзе запатрабаваным на рынку працы, і нават больш, чым спецыялісты, што выпускаюцца па напрамку «турызм і гасціннасць», якая існуе ў краіне каля дваццаці гадоў, бо ахвотней бяруць географа, які мае базавае ўяўленне пра геаграфію, геаграфію турызму. Менавіта таму многія дырэктары турыстычных фірмаў з’яўляюцца нашымі выпускнікамі.

У чым асаблівасці міждысцыплінарнага характару?

– У нас тры блокі дысцыплін: геаграфічны, турыстычны, геаінфармацыйны, – знаёміць з вучэбным планам Алена КАЛЬМАКОВА. – Асноўны звязаны з геаграфіяй – гэта, напрыклад, комплексныя дысцыпліны, звязаныя з ландшафтамі, з фізічнай геаграфіяй, краіназнаўствам, сацыяльна- эканамічнымі ўмовамі краін (арыентацыя на знешні турызм). Іх у нас традыцыйна чытаюць самыя лепшыя спецыялісты ў краіне, і гэта зразумела, бо мы вядучы геаграфічны факультэт Беларусі. Другі складнік вучэбнага плана – дысцыпліны, звязаныя з інфармацыйнымі і геаінфармацыйнымі тэхналогіямі, напрыклад, «Лічбавыя тэхналогіі ў турызме», «ГІС-аналіз і мадэляванне ў турызме», «Анлайн-рэсурсы ў турызме», «Асновы web-праектавання і web-аналітыкі», «Мадэлі дадзеных у СУБД у турызме» і г. д. За геаінфармацыйны блок у нас адказвае профільная кафедра глебазнаўства і ГІС, якая сёння ў адукацыйнай прасторы Беларусі з’яўляецца лідарам па геаінфармацыйных сістэмах. Трэці складнік – дысцыпліны, звязаныя з эканомікай турыстычнай дзейнасці, арганізацыяй прадпрыемстваў, маркетынгам у турызме («Экскурсійная дзейнасць у турызме», «Экскурсійны менеджмент», «Аграэкатурызм», «Культурная спадчына», «Рэклама ў турызме», «Тураперэйтынг». За турыстычны блок будзе адказваць кафедра эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі, якая больш за паўстагоддзя рыхтуе спецыялістаў у галіне турызму і экскурсійнай дзейнасці. Гэта значыць дзве вядучыя кафедры, якія будуць фарміраваць дадзеныя блокі, менавіта на нашым факультэце забяспечаць якасць адукацыйных паслуг. Вопыт такога міждысцыплінарнага падыходу ў плане судакранання эканомікі, інфармацыйных тэхналогій, гісторыі ўжо быў рэалізаваны ў рамках іншых спецыяльнасцяў на нашым факультэце, таму ў нас ёсць пазітыўны досвед, што квінтэсэнцыя геаграфічных навук з выхадам на сумежныя дазваляе падрыхтаваць рознабакова адукаванага спецыяліста, што пацвярджаецца анкетаваннем, водгукамі як працадаўцаў, так і выпускнікоў.

– Таксама мы, безумоўна, будзем запрашаць практыкаў, сярод якіх і нашы выпускнікі, што з’яўляюцца дырэктарамі фірмаў, вядучымі менеджарамі, вядучымі спецыялістамі ў розных арганізацыях, – дадае Дзмітрый Міраслававіч. – Такая практыкаарыентаванасць у выкладанні таксама павінна забяспечыць якасць падрыхтоўкі, а супрацоўніцтва з прадпрыемствамі дазваляе студэнтам не толькі праходзіць практыку падчас вучобы, але і працаўладкоўвацца пасля атрымання дыплома ў гэтыя арганізацыі.

Куды будуць размяркоўваць маладых спецыялістаў?

– Рыхтуючы вучэбныя планы для новай спецыяльнасці, мы паралельна вывучалі рынак працы, праводзілі маркетынгавыя даследаванні, – расказвае Дзмітрый Міраслававіч. – Сярод месцаў для працаўладкавання будуць як дзяржаўныя прадпрыемствы, так і прыватны сектар, прычым апошні прэвалюе. Працадаўцы атрымаюць не толькі экскурсаводаў, менеджараў па падборы тураў і афармленні дакументацыі, але і спецыялістаў у новай нішы – інфармацыйнай падтрымцы працы турыстычнага прадпрыемства, вядзенні і запаўненні баз дадзеных і стварэнні новых лічбавых, інфармацыйных і картаграфічных прадуктаў.

– Важна, што ў студэнтаў, якія атрымаюць адукацыю па гэтай спецыяльнасці, будзе двайная кваліфікацыя, – адзначае Алена Генадзьеўна, – то бок гэта будуць не толькі спецыялісты па геатэхналогіях турызму і экскурсійнай дзейнасці, што, дарэчы, дасць магчымасць працаваць пасля атрымання дыплома і экскурсаводам. У назве кваліфікацыі ёсць слова “географ”, таму нашы выпускнікі змогуць працаваць у любой арганізацыі геаграфічнага профілю.

Ці магчымая навуковая кар’ера?

– Для тых, хто захоча працягнуць свой шлях у навуцы, ёсць пяць праграм магістратуры, і ў рамках адной з іх, «Геаграфіі», ёсць прафілізацыя «Інавацыйныя геатэхналогіі». Ёсць магчымасць стаць кандыдатам навук, паспяхова скончыўшы праграму аспірантуры «Эканамічная, палітычная, сацыяльная і рэкрэацыйная геаграфія». А яшчэ з гэтага года ў нас адкрыта новая спецыяльнасць магістратуры, якая звязана з геаінфармацыйнымі тэхналогіямі, што выклікала цікаўнасць у кітайскіх студэнтаў, бо яна англамоўная.

Як уплывае на турыстычныя спецыяльнасці вопыт пандэміі каранавіруса?

– Я б не сказаў, што гэта пытанне вострае, – дзеліцца сваім меркаваннем Дзмітрый Міраслававіч. – Калі ў першы год быў поўны лакдаўн і турызм прасеў, то ўжо зараз ён узнаўляецца, а праз пэўны тэрмін часу дзякуючы вакцынацыі турыстычная дзейнасць зноў будзе актыўнай. Да таго ж, шмат людзей «засядзеліся» і чакаюць значных зрухаў па ліквідацыі эпідэміялагічных абмежаванняў. Вяртаючыся да нашай новай спецыяльнасці, адзначу, што новы напрамак, звязаны з гэтай галіной, гэта дыстанцыйныя экскурсіі – той пункт росту, што дазволіць геаінфармацыйным сістэмам развівацца інтэнсіўней. Актуальнасць яшчэ і ў тым, што падчас навучання акцэнт ідзе на прыродаахоўныя аб’екты, а дзе, як не ў Беларусі, з імі знаёміцца? Таму нават калі турызм будзе толькі ў межах нашай краіны, ён будзе прыбытковым.

Ксенія СІТНІК

print

Вам таксама можа спадабацца: