Сакавік 1945-га. Ішлі апошнія месяцы Вялікай Айчыннай вайны, а ў гарадскім пасёлку Наваельня, што на захадзе Беларусі, у сям’і Анішчыкаў нарадзіўся сын Віктар, будучы навуковец-фізік, прафесар, дэкан фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Бацька Віктара – Міхаіл Трафімавіч – быў адным з арганізатараў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1929 годзе сакратар Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ, у 1934 г. – сакратар Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ. Тройчы быў асуджаны за падпольную дзейнасць, 10 гадоў правёў у турмах Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР быў адным з арганізатараў працоўнай гвардыі на Слонімшчыне. Вайна заспела яго на пасадзе старшыні Слонімскага гарсавета. Жонка і двое дзяцей, якіх ён не змог эвакуяваць, былі расстраляныя фашыстамі. Пасля навучання ў дыверсійнай спецшколе ГРУ Міхаіл Трафімавіч у маі 1943 года прыехаў у родныя месцы як упаўнаважаны ЦК КПБ Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці. Яму было даручана ўзначаліць Слонімскі міжрайпартцэнтр, аб’яднаўшы ўсе патрыятычныя сілы ў раёне. Міхаіл Трафімавіч узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, 4 медалямі, ён ганаровы грамадзянін г. Слоніма, а яго імем названа адна з вуліц горада.
Маці Віктара – Алена Васільеўна Анішчык (Місько) – родам са Слоніма, член камсамольскай арганізацыі Заходняй Беларусі, таксама актыўны ўдзельнік падпольнай барацьбы, 3 гады правяла ў турме Слоніма. Падчас Вялікай Айчыннай вайны была ў складзе разведвальнай групы ГРУ Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Словам, Віктар Анішчык пазнаваў гісторыю нацыянальна-вызваленчага руху, Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху не толькі з кніг і кінастужак, а з першакрыніцы, ад людзей, якія знаходзіліся на вастрыі гэтай гісторыі.
Дарослае жыццё Віктара пачалося з завадской прахадной на пасадзе вучня токара. Адначасова ён паступіў на вячэрняе аддзяленне фізічнага факультэта БДУ, а ў 1967 годзе – у аспірантуру пры кафедры фізікі цвёрдага цела, і гэта стала выбарам на ўсё жыццё.
Загадчыкам кафедры тады быў прафесар Мікалай Фёдаравіч Кунін, спецыяліст у галіне матэрыялазнаўства, ён жа стаў першым навуковым кіраўніком. Пасля яго смерці навуковымі кіраўнікамі сталі Георгій Аляксандравіч Гуманскі і Валерый Іванавіч Пракошын.
Асноўным навуковым напрамкам кафедры тады была «фізіка дэфектаў крышталічнай рашоткі». І натуральна, што ўсталяваныя заканамернасці ўтварэння тэкстуры і змены электрычных уласцівасцяў пры пластычнай дэфармацыі крышталяў вісмуту склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, якую Віктар Міхайлавіч абараніў у 1971 годзе. Разам з ім тады працавала цэлая група маладых даследчыкаў: С. І. Жукава, В. В. Хадасевіч, В. Р. Шапялевіч, І. С. Ташлыкоў, і ўсе яны сталі ў далейшым паспяховымі навукоўцамі і выкладчыкамі. У 1974 годзе Віктар Міхайлавіч праходзіць стажыроўку ў Каліфарнійскім універсітэце (ЗША) і пачынае актыўныя даследаванні ў новым напрамку фізікі цвёрдага цела – іонна-прамянёвай мадыфікацыі крышталяў, якія прывялі да стварэння навуковай школы ў галіне фізікі ўзаемадзеяння зараджаных часціц з крышталямі, шырока вядомай у Беларусі і за мяжой. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле даследаваны працэсы, якія праходзяць у металах і сплавах пры ўздзеянні высокаэнергетычных іонных пучкоў. Адкрыты невядомыя раней структурна-фазавыя ператварэнні пры імплантацыі, якія кантралююць паводзіны механічных уласцівасцяў у тэхнічна важных металах і сплавах. Распрацаваны тэхналагічныя працэсы, укаранёныя на ПА «ГАЗ», ПА «УАЗ», ПА «Арсенал».
У 1982 годзе новая стажыроўка ўжо ў Манчэстэрскім універсітэце (Вялікабрытанія), а ў 1990 годзе Віктар Міхайлавіч становіцца загадчыкам кафедры фізікі цвёрдага цела, змяніўшы на гэтай пасадзе прафесара Усевалада Паўлінавіча Гольцава. Віктар Міхайлавіч вельмі шчыльна і эфектыўна працуе з вядучымі навукоўцамі як нашай краіны, так і замежжа. У Беларусі гэта прафесары Фадзей Фадзеевіч Камароў, Аляксей Уладзіміравіч Белы, Мікалай Міхайлавіч Аляхновіч, Уладзімір Уладзіміравіч Клубовіч, у Расіі – прафесар Муратдзін Абубекіравіч Кумахаў, акадэмік Генадзь Андрэевіч Месяц, прафесары Генадзь Германавіч Бандарэнка, Вячаслаў Аляксеевіч Шулаў, Генадзь Яфімавіч Рамнёў, Аляксандр Ягоравіч Лігачоў, у Літве – прафесар Людвікас Пранявічус, у Германіі – прафесар Эрхард Рыхтар, у Англіі – прафесар Вільям Грант, у Польшчы – прафесары Марэк Апеляк, Чэслаў Карват і многія іншыя.
У 2012 годзе Віктар Анішчык, у складзе калектыву аўтараў, за «выбітныя навуковыя вынікі, атрыманыя пры выкананні сумесных навуковых даследаванняў “Фазавыя і структурныя мадыфікацыі паверхневых пластоў і плёнак у тэхналогіі паўправадніковых прыбораў і ЗВІС“» ганараваўся прэміі нацыянальных акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы, а ў 2015 годзе, таксама ў складзе калектыву аўтараў, стаў лаўрэатам прэміі імя акадэміка А. Н. Сеўчанкі, якая прысуджаецца БДУ.
Да яго даследаванняў цалкам дастасоўнае паняцце «ўпершыню». Ён адным з першых стаў вывучаць працэсы, якія праходзяць у металах пры ўздзеянні іонных пучкоў. Аналіз эвалюцыі структурных дэфектаў падчас імплантацыі пры розных тэмпературах і хуткасцях радыяцыйных пашкоджанняў прызнаны адным з самых эфектыўных, як і разлічаныя ім метады размеркавання вакансій, міжвузловых атамаў і іх кластараў у каскадах і субкаскадах зрушэнняў. Упершыню даследаваны структурныя змены мішэні, як у межах, так і далёка за межамі прабегаў налятаючых іонаў. Упершыню вывучана кінетыка фазавых змен у пераходных металах, імплантаваных іонамі бору. З дапамогай камп’ютарнага мадэлявання праведзена даследаванне электроннай структуры і хімічнай сувязі барыдаў, якія сінтэзуюцца пры іоннай імплантацыі. Віктар Міхайлавіч з’яўляецца адным з першых, хто выявіў і вывучыў «эфект далёкадзеяння ў металах і сплавах» – змена структуры і фізічных уласцівасцяў на глыбінях, якія ў шмат разоў перавышаюць глыбіню пранікнення паскораных іонаў.
Навуковыя і практычныя вынікі былі абагульнены ў доктарскай дысертацыі Віктара Анішчыка «Структурныя і фазавыя ператварэнні ў металах пры імплантацыі іонаў сярэдніх энергій» (1990 г.).
Яго навуковы талент дапаўняецца такім жа шчодрым талентам арганізатара, педагога, кіраўніка. У 1986 годзе калектыў універсітэта абраў Віктара Міхайлавіча старшынёй прафсаюзнага камітэта БДУ. А з 1990 па 1991 год ён быў сакратаром партыйнай арганізацыі Белдзяржуніверсітэта.
У 1997 годзе Віктар Анішчык – на цэлы 21 год – становіцца дэканам фізічнага факультэта. Тут цалкам раскрываюцца талент і здольнасці нашага героя. На гэтай пасадзе ён адказваў за ўсё: за набор абітурыентаў, за адукацыйны і выхаваўчы працэс, за факультэцкую навуку і пазабюджэтнае фінансаванне і нават за тэхнічны стан корпуса. У прыватнасці, па яго ініцыятыве прайшоў капітальны рамонт корпуса фізічнага факультэта.
У тыя гады БДУ ўвайшоў у лік вядучых універсітэтаў свету па фізіцы і астраноміі. У сувязі з развіццём у Рэспубліцы Беларусь атамнай энергетыкі на факультэце адкрываецца спецыяльнасць «Ядзерныя фізіка і тэхналогіі», усталёўваюцца цесныя сувязі са спецыялістамі атамных станцый розных краін і МАГАТЭ.
У рамках Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Эталоны і навуковыя прыборы» ствараецца ўнікальны комплекс навучальна-навуковага абсталявання па фізіцы для ВНУ і сярэдніх школ. У цесным супрацоўніцтве з універсітэцкім прадпрыемствам «Актыў БДУ» арганізуецца яго прамысловая вытворчасць.
Віктар Міхайлавіч ствараў і быў першым навуковым кіраўніком унікальнага для краіны «Беларускага міжуніверсітэцкага цэнтра абслугоўвання навуковых даследаванняў».
Дзякуючы яго высілкам наладжана трывалае навуковае супрацоўніцтва з іншымі беларускімі ўніверсітэтамі і акадэмічнымі інстытутамі, а таксама з ВНУ і прадпрыемствамі Расіі, Польшчы, Украіны, Германіі, Манголіі, Літвы. Прафесар Віктар Анішчык з’яўляецца актыўным удзельнікам міжнароднага праекта ў галіне фізікі элементарных часціц «COMET», у якім удзельнічаюць 40 інстытутаў з 14 краін. У рамках гэтага праекта складзены дамовы пра навуковатэхнічнае супрацоўніцтва паміж фізфакам і вядучымі навуковымі і адукацыйнымі цэнтрамі Японіі – «SOKENDAI» і «КЕК».
За два дзесяцігоддзі фізфак прыняў велізарную колькасць гасцей і афіцыйных дэлегацый. Сярод іх вядомы навуковец і асветнік навукі прафесар Сяргей Пятровіч Капіца; сын Фідэля Кастра – фізікядзершчык Фідэль Анхель Кастра Дыяс-Баларт, але найбольш цеснае сяброўства склалася з выпускніком фізічнага факультэта, адным са стваральнікаў ядзернай зброі, лаўрэатам Ленінскай і Дзяржаўнай прэміі СССР, Героем Сацыялістычнай працы, прафесарам Аркадзем Адамавічам Брышам. Практычна да самай смерці ён штогод прыязджаў і праводзіў шматгадзінныя сустрэчы са студэнтамі і супрацоўнікамі факультэта.
Асаблівы гонар факультэта – «Дні фізфака». Тут улюбёны дэкан заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі і заўсёды падтрымліваў сваіх студэнтаў. Яно і не дзіва, бо Віктар Міхайлавіч вельмі рознабаковая асоба. Выдатна разбіраецца ў гісторыі Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны, мае дома багатую бібліятэку, добра пачуваецца ў кампаніі мастакоў і пісьменнікаў, ды і сам разам са сваім адданым сябрам – маскоўскай вартаўнічай аўчаркай Аргонам – здымаўся ў мастацкім фільме. Скончыў музычную школу па класе баяна, усё жыццё сябраваў са спортам. Яшчэ юнаком станавіўся пераможцам спаборніцтваў у лыжным спорце і лёгкай атлетыцы. У студэнцтве захапляўся цяжкай атлетыкай і быў шматразовым чэмпіёнам універсітэта. Спорт дапамагаў яму падтрымліваць добрую форму і спраўляцца з фізічнымі і псіхалагічнымі нагрузкамі. Доўгі час Віктар Анішчык быў прэзідэнтам федэрацыі паўэрліфтынгу Беларусі.
На працягу шматлікіх гадоў з’яўляўся старшынёй экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь, а ў наш час узначальвае савет па абароне доктарскіх дысертацый Д 02.01.16 пры БДУ. Працяглы час быў галоўным рэдактарам «Часопіса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Фізіка». Арганізатар 11 міжнародных канферэнцый «Узаемадзеянневыпраменьванняў з цвёрдым целам». З’яўляецца членам арганізацыйных і праграмных камітэтаў міжнародных канферэнцый: «Фізіка кандэнсаванага стану», «Прыборабудаванне», «Новыя электрычныя і электронныя тэхналогіі і іх прамысловае прымяненне» і інш. Віктар Міхайлавіч – член Дзяржаўнага экспертнага савета пры Мінпраме РБ і Мінскага гарадскога тэхнапарка. Член рэдкалегій шэрагу замежных часопісаў.
За паспяховую навукова-педагагічную працу, падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі Віктар Міхайлавіч Анішчык у 1995 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі», а ў 1998 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».
Адукаванасць, сумленнасць, зычлівасць і адказнасць – вось тыя якасці, якія калегі і студэнты заўсёды вылучаюць у прафесара Віктара Анішчыка. Ён працягвае актыўна працаваць. Чытае спецкурсы па актуальных праблемах фізікі цвёрдага цела. Застаецца адкрытым і даступным для любога дыялогу, лёгкім у зносінах з любой аўдыторыяй. Дае студэнтам свабоду, спадзеючыся на іх адказнасць!
Віктар Міхайлавіч Анішчык – дзейны член Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Расія), акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі і Беларускай інжынернай акадэміі. Ім выдадзены 12 манаграфій і навучальных дапаможнікаў, атрымана 43 аўтарскія пасведчанні і патэнты, апублікавана больш за 500 навуковых прац. Сярод яго вучняў – 4 дактары і 16 кандыдатаў навук.
Віктар Анішчык узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прэзідыума НАНБ, ДКНТ РБ, Белдзяржуніверсітэта. У 2001 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у 2006 годзе – Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Малая радзіма ганарыцца знакамітым земляком. Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна рэгулярна запрашае Віктара Міхайлавіча для ўдзелу ў знакавых і святочных мерапрыемствах, выступленняў перад мясцовай моладдзю.
Высокая навуковая кваліфікацыя, вялікія арганізатарскія здольнасці, энергія і настойлівасць у дасягненні мэты, патрабавальнасць і добразычлівае стаўленне да людзей здабылі Віктару Міхайлавічу заслужаны аўтарытэт і павагу сярод калегаў, вучняў, аспірантаў і студэнтаў. І ўсё, што зроблена гэтым чалавекам як навукоўцам, педагогам, арганізатарам, з’яўляецца несумненным гонарам нацыянальнай культуры.
Міхаіл ЦІВАНАЎ, дэкан фізічнага факультэта