Адкрыта, цёпла і па сутнасці: як прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй у БДУ

23 Apr, 2025.

29 сакавіка 2025 года факультэт журналістыкі БДУ адчыніў дзверы для абітурыентаў і іх бацькоў. У цёплы суботні дзень на Кальварыйскай, 9 сабраліся будучыя студэнты, выкладчыкі, выпускнікі, абітурыенты і іх родныя, каб пазнаёміцца, задаць пытанні і зразумець, як уладкавана жыццё на адным з самых прэстыжных факультэтаў краіны.

Сустрэчу адкрыла Ганна Басава – прафесар кафедры і намеснік дэкана. Спачатку яна распавяла пра гісторыю стварэння факультэта, пра першыя кафедры і выкладчыкаў. Толькі 5 красавіка 1946 года было створана аддзяленне журналістыкі пад кіраўніцтвам ваеннага журналіста і навукоўца М. С. Зярніцкага. А з 1948 года на пасаду загадчыка аддзялення быў запрошаны з РСФСР былы супрацоўнік газеты «Праўда» Г. С. Акулоў. З кожным годам факультэт набіраў абароты, ствараліся новыя кафедры, з’яўляліся новыя навуковыя напрамкі. У 1965 годзе на базе факультэта былі заснаваны дзве кафедры: гісторыі журналістыкі і тэорыі і практыкі журналістыкі, а пра некалькі гадоў – кафедра тэлебачання, радыёвяшчання, замежнай журналістыкі і літаратуры. Сёння факультэт працягвае развівацца і рыхтуе спецыялістаў з улікам сучасных медыяфарматаў, тэхналогій і запытаў індустрыі – менавіта гэта робіць яго запатрабаваным ужо столькі гадоў.

Пасля кароткай лекцыі прысутныя маглі задаць пытанні. Найбольш чаканай часткай сустрэчы стала абмеркаванне ўступных іспытаў: абітурыенты хацелі даведацца, што іх чакае ў гэтым годзе. Ганна Іванаўна падрабязна распавяла пра тры этапы творчага экзамену. Першы – сумоўе: кожны будзе асабіста адказваць на пытанні камісіі і распавядаць пра сябе, атрымліваючы адпаведныя балы за ўменне выказваць думкі. Другі этап – веданне моў. Абітурыентам прапануюць некалькі сказаў на рускай і беларускай мовах з памылкамі –трэба будзе іх выправіць. Трэці этап – партфоліа, інакш кажучы, вашы заслугі. Найбольш уважліва камісія ацэньвае навыкі, адпаведныя абранай спецыяльнасці – найчасцей гэта афіцыйныя артыкулы, публікацыі ў часопісах і газетах. Сума балаў усіх трох этапаў залічваецца да вынікаў экзаменаў або ЦТ.

Таксама былі закрануты побытавыя пытанні. Факультэт дае іншагароднім інтэрнат кватэрнага тыпу, у якім можна пражываць нават у перыяд уступных іспытаў.

На факультэце журналістыкі навучанне адбываецца па дзвюх спецыяльнасцях: «інфармацыя і камунікацыя» і «журналістыка». Спецыяліст у галіне інфармацыі і камунікацыі можа працаваць у рэкламных агенцтвах, прэс-цэнтрах, прэс-службах, СМІ (газеты, часопісы, тэлебачанне, радыё), а таксама ў заканадаўчых і выканаўчых органах дзяржаўнага кіравання. Спецыяльнасць «журналістыка» больш разнастайная і багатая на профільныя напрамкі. У рамках гэтай спецыяльнасці распрацаваны праграмы па трох прафілізацыях: «лічбавыя медыяплатформы і друкаваныя СМІ», «аўдыявізуальная журналістыка і блогінг», «глабальнае медыяасяроддзе і інфармацыйная бяспека».

Сапраўдным сюрпрызам мерапрыемства сталі нядаўнія выпускнікі факультэта. Яны скончылі навучанне чатыры гады таму. Яны падзяліліся студэнцкімі буднямі, умовамі інтэрната, а таксама распавялі пра сваю прафесію, з цеплынёй узгадвалі студэнцкія гады і любімых выкладчыкаў. «Паток у нас быў цудоўны, – падзялілася выпускніца, – з самага першага курса мы пасябравалі і падтрымлівалі адно аднаго як у вучобе, так і ў жыцці». Выпускнікі настойліва рэкамендавалі запаўняць партфоліа разнастайнымі граматамі і дыпломамі – гэта дадатковыя балы, бо камісіі важна ўбачыць усе дасягненні абітурыентаў.

У перадэкзаменацыйны перыяд Дзень адчыненых дзвярэй вельмі карысны для абітурыентаў і іх бацькоў. Госці змаглі даведацца ўсю цікавую інфармацыю, а таксама пазнаёміцца з выкладчыкамі і выпускнікамі. Факультэт журналістыкі гасцінна прыняў усіх ахвотных і рыхтуецца да сустрэчы з будучымі студэнтамі.

Лiзавета МІХНО

print

Вам таксама можа спадабацца: