Прафесары пра праблемы навукі і адукацыі

18 Dec, 2013, усяго праглядаў: 624.

Навукова-метадалагічны семі­нар «Актуальныя праблемы развіц­ця навукі, адукацыі, культуры» запрасіў прафесараў, маладых выкладчыкаў і навукоўцаў БДУ на сваё першае пасяджэнне.

p34СЕМІНАР ЯК СВАБОДНАЯ ДЫСКУСІЯ
«Сёння вельмі важна асэнсаваць, на якім этапе развіцця мы знаходзімся і якой павінна быць адукацыя ў найбліжэйшы час. У аўдыторыях шмат размоў вядзецца пра тое, хто такі выкладчык ва ўніверсітэце, ці дастаткова для адукацыйнага працэсу яго асобы і якім чынам выкарыстоўваць IT-тэхналогіі на занятках са студэн­тамі. Таму мы і палічылі, што вельмі добра будзе, калі ў нашым уні­версітэце пачне функцыянаваць семінар, на якім будуць разглядацца актуальныя праблемы развіцця сучаснай навукі, адукацыі, культуры», – сказаў у сваім уступным слове старшыня савета навукова-метадалагічнага семінара першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў.
У функцыі савета семінара ўваходзіць распрацоўка тэматыкі яго пасяджэнняў, а таксама далучэнне да працы найбольш аўта­рытэтных і вядомых навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў як нашага ўніверсітэта, так і іншых навучальных і навуковых устаноў. Намес­нікам старшыні савета з’яўляецца загадчык кафедры філасофіі і метадалогіі навукі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Анатоль Зелянкоў, што даволі сімвалічна, бо ў папярэднія гады ў дзейнасці як нашага, так і іншых класічных універсітэтаў існавала сур'ёзная традыцыя філасофска-метадалагічнага асэнсавання найважнейшых праблем у прыро­дазнаўчых і гуманітарных навуках. Характэрна і тое, што ў склад савета семінара ўвайшлі аўтарытэтныя і вядомыя далёка за межамі нашай краіны навукоўцы і даследчыкі як у сферы прыродазнаўчых, так і гуманітарных навук. Сярод іх прафесары Уладзімір Рыгоравіч Бары­шэўскі, Пётр Іванавіч Бры­гадзін, Васіль Іванавіч Стражаў, Віктар Генадзьевіч Шадурскі, Вік­тар Васільевіч Самахвал і інш. Функцыі сакратара савета выконвае намес­нік дэкана па навуковай рабоце хімічнага факультэта Таццяна Савіц­кая. Савет навукова-метада­лагічнага семінара збіра­ецца працаваць у непасрэдным кантакце з прэзідыумам прафесарскага сходу БДУ, які аб’яд­ноўвае каля 300 прафесараў і дактароў навук нашага ўнівер­сі­тэта.
Паводле задумы арганізатараў семінара, адной з найважнейшых яго задач з'яўляецца распрацоўка прапаноў і рэкамендацый па рэ­фа­р­маванні і аптымізацыі навуковай і адукацыйнай сфер БДУ ў ад­па­веднасці з перадавымі і прыя­рытэтнымі напрамкамі развіцця сучаснай навукі, адукацыі, культуры. Аднак яны не настойваюць, што такога выніку можна дабіцца пасля некалькіх пасяджэнняў се­мінара, і выступаюць за мэта­на­кіраваную і сістэмную працу па вывучэнні і абагульненні сучаснага сусветнага вопыту падчас свабоднай акадэ­мічнай дыскусіі.
Трэба сказаць, што такія формы вольнага абмену думкамі ў рамках творчых нефармальных дыскусій з'яўляюцца традыцыйнымі ў дзей­насці вядучых універсітэтаў свету. У апошнія гады наш універсітэт значна актывізаваў сваю дзейнасць у сферы вывучэння перадавога вопыту і заняў годнае месца ў рэйтынгу найбольш вядомых універсітэтаў свету, таму ініцыя­тыва па арганізацыі навукова-метадалагічнага семінара многім навукоўцам падаецца запатрабаванай і своечасовай.

ФІЛАСОФІЯ – АДНА З ПРАЯЎ ЧАЛАВЕЧАГА ДУХУ
31 кастрычніка адбылося першае пасяджэнне семінара, на якім з дакладам «Дыялог філасофіі і навукі: ад класікі да сучаснасці» выступіў прафесар Зелянкоў. Асноўная ідэя даклада, які быў прадстаўлены ў форме разгорнутай прэзентацыі, заключалася ў тым, каб паказаць ролю і адвечнае значэнне філасофіі як у публічнай прасторы соцыуму, так і ў дзейнасці акадэмічнай суполь­насці навукоў­цаў, філосафаў, мы­сліцеляў. Пад­крэсліваючы тую акалічнасць, што філасофія ўзнікае і становіцца жыццёва неабходнай менавіта там, дзе ёсць патрэба ў свабодзе як неад'емнай характарыстыцы асобы, дакладчык паказаў, якія вобразы філасофіі ўзнікаюць і зацвярджаюцца ў масавай свядомасці розных супольнасцяў, які лёс філасофіі і філасофскай адукацыі ў нашым грамадстве на розных этапах яго гістарычнай эвалюцыі.
Прафесарам, якія чулі выступленне Анатоля Зелянкова, спадабалася, што асаблівую ўвагу ён надаў складанасцям дыялогу навукі і філасофіі як у гістарычным кантэксце, так і ў сучасную эпоху. Ім падалося цікавым, што ў дакла-дзе былі асветлены такія актуальныя пытанні, як філасофія і праблемнае поле сучасных навуковых дасле­даванняў, навука як эфек­тыўны рэсурс сацыяльнай мадэр­нізацыі, а таксама крытыка навуковай рацыя­нальнасці і міфа­лагіза­цыя сучаснай свядомасці.
Нягледзячы на радыкальную крытыку філасофіі і навуковай рацыянальнасці ў сучаснай пост­класічнай культуры, выснова даклада гучала стрымана аптымі­стычна. Лекцыя Анатоля Ізотавіча завяршылася спасылкай на знака­мітае выказванне вядомага філо­сафа і сацыёлага Макса Вебера: «У эпохі крызісаў грамадства, як правіла, падзяляецца на дзве няроўныя часткі. Большасць, не знаходзячы душэўных сіл і інтэ­лектуальнай энергіі, упадае ў адчай і аддае перавагу жудаснаму канцу. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія здольныя выносіць жах без канца, дэманструючы класіч­ныя ўзоры інтэлектуальнай муж­насці, вернасць маральнаму і пра­фесійнаму абавязку. Менавіта іх намаганні і канструктыўная праца адкрывалі грамадству новыя перспектывы і стваралі перадумовы для выхаду з крызісных сітуацый. Сама гісторыя наканавала навуковай супольнасці быць цэнтрам такой пазітыўнай працы».
Напрыканцы прафесар Зелян­коў рэзюмаваў, што «філасофія была, ёсць і застанецца адной з самых вялікіх і загадкавых праяў чалавечага духу». Ён адзначыў: «Нягледзячы на самыя нечаканыя і дзіўныя перыпетыі гісторыі, ёй наканаваны лёс птушкі фенікс – заўсёды адраджацца і знаходзіць сваіх прыхільнікаў нават у часы, калі сон Розуму становіцца перадумовай змяркання цывілізацыі».
Наступным з лекцыяй перад удзельнікамі семінара выступіць прафесар Васіль Стражаў. Тэма яго лекцыі – «Трансфармацыя сістэмы вышэйшай адукацыі ў краінах з пераходнай эканомікай (Беларусь, Кітай, Расія)». Гэтая праблема таксама вельмі актуальная, і хочацца спадзявацца, што яна прыцягне ўвагу не толькі членаў прафесарскага сходу БДУ, але і іншых прадстаўнікоў выкладчыцкага корпуса, аспірантаў і маладых навукоўцаў нашага ўні­версітэта.
Дарэчы, усе відэаматэрыялы з пасяджэнняў семінара будуць размешчаны на сайце bsu.by у рубрыцы «Відэагалерэі» і абмяркоўвацца ў рубрыцы «Інтэрнэт-семінар».
Ганна ЛАГУН
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *