Беларусь умацоўвае статус касмічнай дзяржавы

20 Dec, 2013.

Конференция ООН по космосуУпершыню ў Беларусі прайшла канферэнцыя ААН па космасе. Навуковы форум «Выкарыстанне касмічных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця краін» працаваў з 11 па 15 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Яго арганізатарам выступіла Упраўленне Арганізацыі Аб'ядна­ных Нацый па пытаннях касмічнай прасторы (UN-OOSA) пры падтрымцы фонду «За бяспечны свет» (SWF). Старшынёй праграмнага камітэта быў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка.
Урачыста адкрывалі канферэнцыю першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Аляксандр Жук, галоўны вучоны сакратар Прэ­зідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін, прадстаўнікі Упраўлення ААН па пытаннях касмічнай прасторы і фонду «За бяспечны свет» Сяргей Чэрнікаў і Агнешка Лукашчук адпаведна, а таксама начальнік Упраў­лення стратэгічнага планавання і мэтавых праграм Раскосмасу Юрый Макараў.
Прадстаўнік UN-OOSA Сяргей Чэрнікаў паведаміў, што Беларусь стане членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах з 2014 г. У снежні павінна быць падпісана адпаведная рэзалюцыя Генасамблеі ААН. Ён падкрэсліў, што «ў нас была вялікая цікавасць правесці канферэнцыю менавіта тут, таму што Беларусь і прылеглыя да яе краіны вельмі актыўна ўдзельнічаюць у касмічнай дзейнасці. Распрацоўкі беларускіх спецыялістаў выкарыс­тоў­ваюцца на Міжнароднай касміч­най станцыі, навукоўцы актыўна працуюць над стварэннем малых спадарожнікаў».
Як адзначыў галоўны навуковы сакратар НАН Беларусі Сяргей Кілін, членства Беларусі ў Камітэце ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах дасць рэспубліцы шырокія магчымасці зносін з тымі краінамі, якія ўжо ўваходзяць у клуб. Гэта галоўным чынам інфармацыя, магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з іншымі краінамі і выхад на іх рынак, падрыхтоўка маладых спецыяліс­таў па міжнародных праграмах.
Першы намеснік міністра адука­цыі Беларусі Аляксандр Жук у сваю чаргу адзначыў, што касмічныя тэхналогіі пранікаюць ва ўсе сферы нашага жыцця, і таму, натуральна, узнікаюць задачы, якім чынам выкарыстоўваць іх для паляпшэння дабрабыту нашых краін і развіцця эканомік. «Што да вострых пытан­няў, якія сёння будуць абмяркоў­вацца, то гэта фінансаванне, бо касмічныя тэхналогіі – справа досыць дарагая», – сказаў ён.
Правядзенне навуковага форуму такога высокага класа ў Бела­русі невыпадковае. Наша краіна паслядоўна займаецца асваеннем касмічнай прасторы. У 2012 г. на арбіту быў выведзены айчынны касмічны апарат. І зараз Беларусь атрымлівае і апрацоўвае інфарма­цыю з космасу, не прыцягваючы спецыялістаў іншых краін. Дарэчы, на пленарным пасяджэнні генеральны дырэктар Аб'яднанага ін­сты­тута праблем інфарматыкі НАН Беларусі прафесар Аляксандр Тузікаў распавёў пра стварэнне беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і канцэпцыю новай Нацыянальнай касмічнай праграмы да 2017 года.
Падчас працы 8 секцый з дакла­дамі выступілі каля 80 навукоўцаў і спецыялістаў у галіне касмічных навук з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Германіі, Іспаніі, Ірана, Ізраіля, Індыі, Лівіі, Турцыі, Кітая, Чылі, Егіпта, Малайзіі і інш. Усяго было прадстаўлена 25 краін.
Удзельнікі форуму абмеркавалі сацыяльна-эканамічныя перавагі, атрыманыя ад выкарыстання кас­мічных тэхналогій, абмяняліся інфармацыяй па даследчых і прыкладных працах. Таксама раз­гледзелі прынцыпы і механізмы кааперацыі ў распрацоўцы касміч­ных тэхналогій, прадэманстравалі прыклады выкарыстання гэтых тэхналогій для развіцця галін народнай гаспадаркі сваіх краін. У прыватнасці, прэзентацыі, даклады і дыскусіі былі прысвечаныя развіццю касмічных сістэм і абсталяванню, выкарыстанню тэхнікі для папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, маніторынгу Зямлі, навакольнага асяроддзя і інш. Акрамя таго, была праведзеная нарада па пытаннях пашырэння ўдзелу нашай краіны ў касмічных праграмах ААН.
Можна адзначыць шырокі ўдзел спецыялістаў БДУ ў абмеркаванні ўсіх тэм. На адным з семінараў, прысвечаным міжнароднай і рэгія­нальнай інтэграцыі, удзель­нікаў азнаёмілі з праектам стварэння беларуска-расійскага ўні­вер­сітэц­кага даследчага нанаспа­дарожніка (БДУ сумесна з Паў­днёва-заходнім дзяржаўным уні­­­вер­сітэтам (Курск, РФ)). Акрамя таго, ішла гаворка пра: ролю і месца касмічных тэх­на­логій у агульных геаманіторын­га­вых сістэмах (праф. М. Жураўкоў, праф. В. Краснапрошын, доктар геагр. навук В. Губін, А. Канавалаў); стварэнне касмічных сістэм вымярэння, апра­цоўку і метады абароны інфармацыі для маніторынгу прыродных і антрапагенных аб'ек­таў (праф. Б. Бяляеў, дактары фіз.-мат. навук П. Кучынскі, Л. Каткоўскі, канд. фіз.-мат. навук В. Сосенка з НДІ ПФП імя А. Сеўчанкі БДУ); аэра­касмічную адукацыю ў Рэс­публіцы Беларусь (акадэмік С. Аб­ламейка, канд. фіз.-мат. навук В. Па­нарадаў, праф. У. Саечнікаў, сумесна з Міні­стэрствам адукацыі Беларусі) і інш.
Упраўленне ААН па пытаннях касмічнай прасторы кожны год праводзіць шмат мерапрыемстваў у розных краінах. Гэта чацвёртая ў серыі канферэнцый па падтрымцы выкарыстання касмічных тэхнало­гій для сацыяльна-эканамічнага раз­віц­ця краін. Першая праводзілася ў 2010 г. у Стамбуле (Турцыя), другая ў 2011 г. у Ханоі (В'етнам), трэцяя адбылася ў 2012 г. у Сант'яга (Чылі). Дарэчы, менавіта на апошнім форуме акадэмік Сяргей Абламейка, які мае ў свеце значны навуковы аўтарытэт, выс­тупіў з ініцыятывай правядзення наступнай канферэн­цыі ў нашай краіне на базе БДУ, якая і была падтрыманая.

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *