Арганізатар ці выканаўца? Пакажа тэст

27 Feb, 2014.

Слухачы сёлетняй школы лідара змаглі прайсці комплексную дыягностыку адміністрацыйнага патэнцыялу ў «Рэспубліканскім цэнтры праблем чалавека» БДУ. У чым яна заключалася, мы папрасілі расказаць загадчыцу лабараторыі псіхафізіялогіі і прафесіяграфіі гэтага цэнтра Святлану САГАЙДАК. – Святлана Станіславаўна, наколькі запатрабаваны метадычны інструментарый, які выкарыстоўвае ваша лабараторыя? – Наш калектыў псіхолагаў і праграмістаў за апошнія 20 гадоў плённа супрацоўнічаў з рознымі заказчыкамі: Міністэрствам адука­цыі, Дырэкцыяй будаўніцтва атамнай станцыі Міністэрства энерге­тыкі, Дэпартаментам па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі, Міністэрствам юстыцыі, Міністэр­ствам спорту, Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і іншымі. OLYMPUS DIGITAL CAMERAДля кожнай прафесійнай групы мы выкарыстоўвалі спецыфічныя сродкі, свой набор прафесійна важ­ных якасцяў. Галоўная праб­лема кадравых службаў для адказных відаў дзейнасці: прагноз прафе­сійнай надзейнасці. Яе ба­завымі прыроджанымі задаткамі з’яўля­юцца працаздольнасць, стрэса­ўстойлівасць, здольнасць да навучання. Мы выяўляем інды­відуальны стыль дзейнасці ў сіту­ацыі вострага стрэсу, пры доўгай напружанай рабоце, у манатонных руцінных умовах. Выяўленне адміністрацыйнага патэнцыялу – таксама найважнейшая задача кіраўнічай іерархіі любой арганізацыі. Ініцыятарам правядзення комплекснай псіха­дыягностыкі адміністрацыйнага па­тэнцыялу ў БДУ стала ўпраў­ленне кадраў. Менавіта ў яго абавязкі ўваходзіць забеспячэнне падбору і рацыянальнай расста­ноўкі кадраў у нашым універсі­тэце. Задаткі адміністрацыйных здоль­насцяў мы ацэньваем пры дапамозе комплексу спецыяль­ных тэстаў. – Што такое адміністрацыйны патэнцыял? Ён напрацоўваецца з гадамі, ці трэба, каб чалавек валодаў пэўнымі якасцямі ўжо з нараджэння? – Адміністрацыйны патэнцыял – гэта сукупнасць прыроджаных якасцяў і напрацаванага вопыту камунікацый, сацыяльных сувязяў і г. д. Вопыт, зразумела, прыходзіць з цягам часу, а вось прыроджаны рэсурс не мяняецца. Надзвычай важна выявіць гэты рэсурс, таму што часцяком рэальныя рамкі прыроджаных здольнасцяў не ўсве­дамляюцца нават самім чалавекам. У пастаянных стрэсавых умовах недахоп адміністрацыйнага патэнцыялу можа дорага абысці­ся і адміністратару (страта здароўя ад нервовага напружання), і ар­га­нізацыі ў цэлым (нядбайнасць у працы ўсяго калектыву і інш.). Адметна, што адміністрацыйны патэнцыял ва ўстанове вышэйшай адукацыі звычайна цесна пераплятаецца з высокімі інтэлектуальны­мі характарыстыкамі асобы. – Якімі асабістымі характа­рыстыкамі павінен валодаць адміністратар ВНУ? Ці ёсць, згодна з вашым тэстам, будучыя кіраўнікі сярод кадравага рэзерву БДУ? – Хачу пачаць з сутнасці псіхадыягностыкі адміністра­цый­нага патэнцыялу. У нашым дыягнастычным класе прыкладна за 2,5–3 гадзіны можна прайсці каля паў­тара дзясятка тэстаў. Па выніках такой комплекснай дыягностыкі ацэньваецца 14 якасцяў, якія са­дзейнічаюць эфектыўнай адміні­страцыйнай дзейнасці. Сярод іх – камунікатыўныя здольнасці, гнут­касць у зносінах, захаванне эфек­тыўнасці працы ў стрэсавых аб­­­ста­вінах, высокая працаздольнасць пры доўгай напружанай працы, здольнасць вылучаць істотную інфармацыю, бачыць узаемасувязі паміж падзеямі і г. д. Акрамя гэтага, выяўляюцца і 9 якасцяў, якія ўскладняюць адмі­ністрацыйную дзейнасць: напрыклад, высокая імпульсіўнасць пры стрэсавых абставінах, агрэсіўны, канфліктны стыль узаемадзеяння ў зносінах, цяжкасці ў прыняцці рашэнняў у сітуацыі, якая хутка мяняецца, і іншыя. Кожная якасць ацэньваецца па трохбальнай сіс­тэме. Прычым, калі прыроджаных перадумоў для пэўных якасцяў не выяўлена, то і ацэнак па ім можа не быць. Вынік выглядае наступным чынам: пералік 14 станоўчых і 9 адмоўных якасцяў з ацэнкамі, ніжэй – абагульненыя паказчыкі адміністрацыйнага патэнцыялу ў балах. Аднак сярод набору якас­цяў ёсць пераважна арга­ні­за­тарскія і пераважна выканаўчыя. Напрыклад, пра 46 супрацоўнікаў БДУ, якія пратэсціраваліся ў нашым дыягнастычным класе, можна сказаць што ўсе яны валодаюць адміністрацыйным патэнцыялам. Толькі хтосьці больш прыдатны для арганізатарскай дзейнасці, а камусьці лепш падыдуць выка­наўчыя функцыі. Таму мы абавязкова даём і прагноз накірава­насці на арганізатарскую ці выканаўчую сферу дзейнасці ў працэнтных суадносінах. – Добры адміністратар цэніцца ва ўсіх арганізацыях. Ці варта адчайвацца, калі тэсты гавораць, што табе наканавана быць у падначаленых? – Тэрмін «падначалены» ў першую чаргу адлюстроўвае сацыяльную ацэнку службовых аба­вязкаў супрацоўніка. Быць пад­началеным, або «пад чынам», многім не падабаецца. Таму ў гэтым выпадку лепш выка­ры­с­тоўваць тэрмін «выканаўца», гэта значыць чалавек, які даво­дзіць задачу, пастаў­леную арганізатарам, да лагічнага завяршэння. Якасны падбор кадраў якраз і заключаецца ў тым, каб удала скласці пару «арганізатар – выканаўца», якая будзе затым зладжана працаваць. У кожнага дэкана заўсёды ёсць надзейны і талковы намеснік, здольны на высокім узроўні выконваць яго распа­раджэнні. Тут важна, каб кожны з іх быў на сваім месцы і мог выкарыстаць свой індыві­дуальны прыроджаны патэнцыял. Гутарыла Ганна ЛАГУН
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *