Прафесары пра дзяржаўнасць

26 Feb, 2014.

Бригадин Петр

З дакладам “Беларуская дзяржаўнасць: міфы і рэальнасць” 30 студзеня перад прафесарамі выступіў іх калега, доктар гістарычных навук, дырэктар Інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Пётр Брыгадзін.
Яго выступленне прайшло ў рамках чарговага пасяджэння навукова-метадалагічнага семінара “Актуальныя праблемы развіцця навукі, адукацыі, культуры”. Гэты семінар быў арганізаваны ў кастрычніку мінулага года пад эгідай прафесарскага сходу БДУ.
Пётр Іванавіч адзначыў, што сённяшняе існаванне набывае сэнс толькі з мінулым і будучым. Ён пашкадаваў, што цяпер прыходзіцца назіраць пэўную разарванасць гістарычнай свядомасці ў беларускім грамадстве. “Я бяруся сцвярджаць, што з нашай гісторыі вымараны сэнсаўтваральныя і канцэптуальныя пабудовы: нацыянальныя традыцыі, дзяржаўнасць, значныя нацыянальна-гістарычныя сімвалы”, – сказаў навукоўца. Ён пацвердзіў, што на сёння ў гістарычнай навуцы існуюць розныя канцэптуальныя падыходы да пэўных часавых межаў фарміравання этапаў развіцця беларускай дзяржаўнасці. Метадалагічна іх можна структураваць на некалькі навуковых школ. Першая навуковая школа, якая была сфарміравана ў Савецкім Саюзе, адлік фарміравання беларускай дзяржаўнасці вядзе з утварэння БССР. Другая канцэпцыя, якой многія прытрымліваюцца, сцвярджае, што толькі сучасная Беларусь паклала пачатак нашай дзяржаўнасці. Трэцяя школа спрабуе звязаць беларускую дзяржаўнасць з усёй гісторыяй у такую паслядоўнасць: пачынаючы ад Полацкага княства, затым Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Беларускай Народнай Рэспублікі, БССР і заканчваючы сённяшняй Рэспублікай Беларусь.
Пётр Брыгадзін не пайшоў па шляху крытыкі гэтых канцэпцый, а выказаў свой погляд на беларускую дзяржаўнасць. Прынёс ён на сустрэчу і кнігі пад яго аўтарствам, прысвечаныя праблемам дзяржаўнасці. Адна з іх – “Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай гісторыі: курс лекцый”, якая выйшла тыражом 3 тысячы экзэмпляраў і ўжо раскуплена. Другая – “Паміж Усходам і Захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 – 1939 гг.)”, якую таксама няблага было б пачытаць. На думку гісторыка, у тэму дзяржаўнасці варта паглыбіцца, каб асэнсаваць сваё мінулае ў прасторы і часе.

Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца: