“Каменная казка”. У БДУ пройдзе міжнародная выстава мінералаў і вырабаў з іх (+ відэа)

31 Jan, 2015.

1327498198_f4e40940d4ad

Пад такой назвай у Беларускім дзяржаўным універсітэце ўжо ў 50-ы раз заіскрыцца каляровай палітрай выстава мінералаў і вырабаў з іх. Ладзіцца яна напрыканцы зімы, з 24 па 28 лютага.
Асноўная мэта выставы-кірмашу – паказаць прыгажосць, непаўторнасць камянёў і сапраўднае ювелірнае мастацтва высокай якасці, а таксама цудоўныя вырабы іншых майстроў, якія працуюць з прыроднымі матэрыяламі. Наведаўшы выставу, кожны зможа пераканацца, што камяні – сапраўды вялікая таямніца, магія і прыгажосць. Іх яшчэ называюць каляровымі вачыма Зямлі, якія глядзяць на нас і могуць распавядаць пра таямніцы скрытага ў ёй жыцця. Нездарма з даўніх часоў з камянямі звязаны разнастайныя легенды і паданні, яны станавіліся не толькі ўпрыгожваннем, але і талісманам, захоўваючы чалавека ад хвароб і бед.
Захапляльнае, радаснае здзіўленне, няспыннае жаданне пазнаваць дорыць чалавеку векавечная гармонія каменнага свету. Кожны чалавек, трапляючы ў “Каменную казку”, зачароўваецца прыгожай майскай зелянінай малахітаў, хрызапразаў, ізумрудаў, струменістым бэзавым туманам чараітаў, залацістымі промнямі астрафілітаў і іншых самацветаў. На выставе можна сагрэцца іскрыстым сонечным праменьчыкам бурштыну, пазнаёміцца з чароўнымі крышталямі, якія ўражваюць дасканаласцю, сувымернасцю формаў і сіметрыяй. 3005568_africa
У наведнікаў выставы заўсёды ёсць магчымасць атрымаць парады спецыялістаў, вызначыць сапраўднасць камянёў. Кожны дзень праводзяцца розныя мерапрыемствы: выступленні навукоўцаў, прэзентацыі і выставы, фотагалерэі і інш. Штодня працуе вучэбная гемалагічная лабараторыя. Акрамя таго, цікаўныя змогуць знайсці літаратуру па мінералогіі, петраграфіі, палеанталогіі альбо папулярныя выданні пра камяні – такія кнігі можна будзе набыць у прыватных калекцыянераў.
У гэтыя дні ва ўніверсітэце, як добрыя знаёмыя, могуць сустрэцца майстры ювелірнай справы, калекцыянеры, госці з Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краін.
Каменнае царства чакае вас, шаноўныя. Скарыстайце магчымасць сутыкнуцца са светам прыгожага, бліжэй пазнаёміцца з магічнымі “прынцамі” і “прынцэсамі”, і “Каменная казка” стане для вас, вашых знаёмых і дзяцей музыкай добрых успамінаў.
Знайсці выставу зусім не складана: яна будзе ладзіцца ў галоўным корпусе БДУ. Тут з 11 да 20 гадзін будуць рады бачыць кожнага.
На геаграфічным факультэце ў музеі землязнаўства чакае яшчэ сюрпрыз. Кожны, хто завітае сюды, зачаруецца дзівоснай гармоніяй і недасяжнай прыгажосцю таямнічых квітнеючых “каменных фіялак”—аметыстаў. Нагадаем, што 10 унікальных бразільскіх камянёў былі перададзены музею рашэннем спецыяльнай камісіі Міністэрства культуры нашай краіны па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Між іншым, у музеі ўжо былі падобныя мінералы, прывезеныя з іншых рэгіёнаў, але жэоды з Паўднёвай Амерыкі спецыялісты адносяць да самых прыгожых геалагічных знаходак.
Валянціна СМАЛЯКОВА,
загадчык музея землязнаўства БДУ

0a1eff27c5088fd496c3ff3a829e88c4

Гутарка з Валянцінай СМАЛЯКОВАЙ

стрелкa

print

Вам таксама можа спадабацца: