Паслядоўнікі справы Вавілава. Вучэбна-вопытнай гаспадарцы «Шчомысліца» споўнiлася 50 гадоў

29 Apr, 2015.

  бгу щемыслица50 гадоў таму ў складзе БДУ з’явілася вучэбна-вопытная гаспадарка «Шчомысліца», якая на сёння пераўтварылася ў адно з самых паспяховых універсітэцкіх прадпрыемстваў.     Пачалося ўсё з перапіскі БДУ з дзяржкамітэтам па лясной, цэлюлозна-папяровай, дрэваапрацоў­чай прамысловасці і лясной гаспадарцы пры Дзяржплане СССР пра перадачу вопытнай станцыі «Шчо­мысліца» ад беларускага НДІ лясной гаспадаркі да БДУ. Дзякуючы энергіі тагачаснага рэктара БДУ акадэміка А. Н. Сеўчанкі, пастановай Савета Міністраў СССР і распараджэннем Савета Міністраў БССР эксперыментальная база «Шчомысліца» была перададзена БДУ. Акт здачы прыёмкі быў пад­пісаны 15 красавіка 1965 г. Адной з перашкод пры перадачы дадзенай гаспадаркі з’яўляла­ся наяўнасць гадавальніка, закла­дзенага яшчэ ў 1928–1932 гг. пры асабістым удзеле акадэміка Вавілава. За кошт дзейнасці гада­вальніка часткова фінансавалася навуковая дзейнасць беларускага НДІ лясной гаспадаркі. БДУ перанёс на тэрыторыю гаспадаркі «Шчомысліца» батанічны сад і зна­ч­ную частку навуковай працы і навучальна-вытворчых практык бія­лагічнага факультэта, захаваў­шы дзейнасць па гадоўлі дэкара­тыў­ных раслін і хмызнякоў. бгу щемыслица Са здабыццём універсітэтам у 1998 г. новага статусу органа дзяржаўнага кіравання вучэбная гаспадарка «Шчомысліца» была рэарганізавана ў Рэспубліканскае вучэбна-вопытнае ўнітарнае прадпрыемства «Шчомысліца» БДУ. Сёння РУП «Шчомысліца» з’яўля­ец­­ца адным з галоўных па­стаў­шчыкоў дэкаратыўных раслін і хмы­знякоў для азелянення горада Мінска. Дзейнасць прадпрыемства адзначана падзякамі старшыні Мінгар­выканкама і рэктара БДУ, дыпло­мамі розных выстаў. Пра сённяшнія рэаліі «Шчомыс­ліцы» нам распавёў дырэктар прад­прыемства Сяргей ЧАЙКУН. – У штаце прадпрыемства ўсяго 23 чалавекі і значна зменшаная плошча ворнай зямлі – з 75 да 50 га. За кошт чаго прадпрыемству атрымалася цалкам аднавіць аб’ём вытворчасці ўзроўню 1985 г. і няўхільна па­вялічваць яго з году ў год? бгу щемыслица – Скарачэнне колькасці работ­нікаў і скарачэнне ворнай зямлі прымусіла нас перагледзець схемы пасадак для максімальна эфек­тыўнага выкарыстання аўтатрак­тарнай тэхнікі і розных адмысловых механізмаў і прыстасаванняў. За кошт выкарыстання сучасных тэхналогій апрацоўкі зямлі, пасадкі, гадоўлі і абароны раслін паступова змяншалася доля ручной працы і павялічвалася прадукцыйнасць. – Спецыялісты якога профілю для Вас асабліва важныя? – Для ўкаранення сучасных тэхналогій патрэбныя былі і сучасныя спецыялісты, якія валодаюць тэарэтычнымі ведамі і, што самае галоўнае, маюць жаданне ўвесь час самаадукоўвацца, творча па­дыходзіць да працы. Адным з галоўных такіх спе­цы­ялістаў стаў першы намеснік дырэктара Калбанаў Дзмітрый Вік­таравіч, пад кіраўніцтвам якога працуюць усе агратэхнічныя службы прадпрыемства. Хочацца таксама адзначыць галоўнага агранома прадпрыемства Дуброву Ганну Іванаўну, якая са студэнцкай лавы біялагічнага факультэта БДУ ў 1975 годзе прыйшла на працу і працягвае працаваць дагэтуль, вось ужо 40 гадоў. Яе досвед, мэтанакі­раванасць і высокая працаздольнасць уносяць неацэнны ўклад у працу прадпрыемства. – Наколькі шырокі асартымент Вашай прадукцыі, і як адбываецца апрабацыя новых раслін і тэхналогій? – Прадпрыемства выгадоўвае больш за 20 відаў дэкаратыўных дрэў і 40 відаў хмызнякоў. Пошук новых гатункаў і разнавіднасцяў увесь час дыктуе рынак. Людзі прывозяць з-за межы шмат раслін, якія ў прынцыпе можна выгадоў­ваць і ў нас, прычым іх якасць пры гэтым будзе значна вышэйшая за кошт адаптацыі да прыродных умоў нашай краіны. Так, на прадпрыемстве за апошнія 5 гадоў з’явілася шмат відаў розных прышчэпленых фор­маў дрэў, штамбавых раслін, гі­б­рыд­ных хмызнякоў. Асаблівая увага надаецца гадоўлі шматгадовых і аднагадовых кветак, якія значна пашыраюць асартымент прадукцыі. – Чым адметнае Ваша прадпрыемства, і якія ў яго рынкі збыту? – Вядома, галоўным чынам прадукцыя арыентавана на азеляненне Мінска, хоць закупляць прадукцыю прыязджаюць асобныя арга­нізацыі з усіх рэгіёнаў рэспуб­лікі. У апошнія гады значна павялі­чылася доля прадукцыі, купленая прыват­нымі асобамі для азелянення ўлас­ных загарадных дамоў. Лідзіраваць на рынку нам даз­валяе ў першую чаргу колькасць і якасць прадукцыі, якую выпускаем, і даволі разнастайны асартымент. – Наколькі Вам дапамагаюць сту­дэнцкія сельгасатрады? – З 2007 года ў летні вакацыйны час на прадпрыемстве працуюць студэнцкія сельгасатрады, створаныя ўпраўленнем выхаваўчай работы і камітэтам БРСМ БДУ. Паколькі ў нашай вытворчасці, як і наогул у сельскай гаспадарцы, яшчэ застаецца значная доля ручной працы, якая тычыцца ў першую чаргу праполкі раслін, дапамога маладых энергічных студэнтаў для нас вельмі важная. Наколькі мы ведаем, папулярнасць такіх сель­гасатрадаў узрастае, бо студэнты зарабляюць грошы (праўда, не вельмі вялікія) і праводзяць час на свежым паветры ў адным з найпрыгажэйшых куткоў прыроды, размешчаным практычна на тэ­рыторыі Мінска, адначасова працуючы і загараючы. – Сяргей Анатольевіч, якія ба­чыце рэзервы для росту і пер­с­пектыўныя кі­рункі дзей­насці? – З 2010 года прадпрыемства ўзяло курс на мадэрнізацыю вытворчасці, што і працягваецца дагэтуль, вядома, з улікам рэальных фінансавых магчымасцяў. Сёння без сучасных тэхналогій немагчыма ўтрымацца на рынку з высокай канкурэнтаздольнасцю, і хоць мы пакуль яшчэ даволі далёкія ад аналагічных прадпрыемстваў у Еўрапейскім саюзе, але паступальныя рухі наперад дадаюць нам упэўненасці і аптымізму. Зразумела, што і супрацоўніцтва з наву­коўцамі біялагічнага факультэта прыносіць свой плён. Цяпер мы вядзём сумесную навуковую і практычную працу з кафедрай фізіялогіі і біяхіміі раслін, якая дазволіць нам распрацаваць і ўкараніць самыя сучасныя тэхна­логіі ўзнаўлення раслін. У нашых планах стварэнне цэнтра біяінжы­нерных тэхналогій, якія дазволяць нам знаходзіцца на самым вастрыі біялагічнай навукі і не толькі ўка­раняць існыя, але і ствараць свае ўнікальныя тэх­налогіі гадоўлі раслін. Гутарыў Сяргей ШАФАЛОВІЧ бгу щемыслица  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *