А мы лічым. І памятаем кожнага… 15 мая ў БДУ зладзіцца свята «Мая сям’я ў гады вайны»

11 мая, 2015.

Копия pobeda1 Па традыцыі 15 мая ў БДУ будзе адзначацца Міжнародны дзень сям’і. Сёлета свята мае назву «Мая сям’я ў гады вайны». Супрацоўнікі псіхалагічнай службы, фундаментальнай бібліятэкі, а таксама прафсаюзных арганізацый супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ выступілі з ініцыятывай напісання студэнтамі эсэ, у якіх хлопцы і дзяўчаты звярталіся да сваіх продкаў, шчыра дзякавалі ім за Перамогу і распавядалі нам пра ўдзел іх родных у Вялікай Айчыннай вайне. Матвееў Канстанцін, студэнт 4 курса ваеннага факультэта: ЯНЫ ЗАУСЁДЫ БУДУЦЬ ГЕРОЯМІ Што мы ведаем пра вайну? Мы ведаем, што была Вялікая Айчынная вайна, у якой наш народ абараніў сваю Радзіму. Радзіма – гэта не проста лапік зямлі, на якой мы нарадзіліся, а гэта тое, за што нашы продкі пралівалі пот і кроў, развітваліся з жыццём, аддавалі сваю душу. Тыя людзі, якія тады, у 41-м, узялі ў рукі зброю, каб не сядзець дома і не рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, а мужна прыняць рэальнасць, усвядоміць страшэнную небяспеку, якая пагражае іх дому. Адным з такіх людзей быў мой дзядуля палкоўнік Пётр Якаўлевіч. Яму ўжо 87 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1927 годзе і ў 17 гадоў пай­шоў на вайну (71 год таму, ў 1944 годзе). Яго размеркавалі ў войскі ППА, якія дыс­лакаваліся ў Прыбалтыцы. Там жа ён і сустрэў Перамогу.image description Я часта ў дзяцінстве па прыездзе ў Маскву да бабулі і дзядулі разглядаў яго медалі, ордэны. Сярод шматлікіх узнагарод вылу­чаліся дзве: медаль «За адвагу» і ордэн удзельніку Вялікай Айчыннай вайны. Ведаю, што дзядуля годны гэтых узнагарод. Ён зра­біў свой унёсак у перамогу народа, выявіў мужнасць у цяжкі час, не пабаяўся. Распавядаў, як уставалі па трывозе, як гула авіяцыя суперніка і як падалі ўніз самалёты, падбітыя агнём іх гармат. Але самае радаснае, што здарылася за ўсю вайну, – гэта, вядома ж, Перамога. Дзядуля распавядаў, што калі даведаліся, то пасыпалі на вуліцу... цешыліся... абдымаліся... Яны ведалі, што нарэшце скончыўся хаос, нарэшце вернуцца да сваіх блізкіх жывымі... Але я не хацеў бы забыцца распавесці і пра сваю бабулю Марыю Іосіфаўну, жонку майго дзядулі. Ёй было 11 гадоў, калі пачалася вайна. Яна з сям’ёй цяжка перажывала акупацыю і была бязмерна рада, калі ў іх горад Койданава заехалі савецкія танкі. Яна дзялілася гісторыяй, як усе кідалі кветкі вызваліцелям і бабуля з захапленнем глядзела на салдата, які вылез з люка баявой машыны і горача вітаў натоўп, што стаяў наўкол. Пасля вызвалення яна пайшла працаваць на палі, каб падтрымаць войска, якое ішло на Берлін. Бабуля працавала для таго, каб людзі на фронце не забывалі смак роднага хлеба. Хто ведае, можа, і дзядуля еў той хлеб... Для мяне яны заўсёды будуць героямі, якія абаранілі, не засталіся ўбаку! Вейдэ Ганна, студэнтка 1 курса біялагічнага факультэта: ЯК УСЁ ПАЧАЛОСЯ... Хацелася б сказаць некалькі слоў пра маю выдатную прабабулю, Героя Савецкага Саюза і проста выбітную жанчыну і маці, Осіпаву Марыю Барысаўну. Яе я амаль не памятаю, бо яна памерла, калі мне было тры гады, але гэта не нагода не ведаць пра яе жыццё і подзвігі. Марыя Сакавец, а гэта было яе дзявоцкае прозвішча, нарадзілася ў 1908 годзе ў адной з вёсак Ві­цебскай вобласці ў сям’і працоў­ных і сама працавала з ранніх гадоў. Скончыла юрыдычны інсты­тут г. Мінска. На момант пачатку вайны ў яе было двое дзяцей: старэйшая дачка Тамара і малодшы сын Юрый. Сына эвакуявалі ў тыл, а дачка засталася ў сваякоў у Асіповічах. Раніцай 22 чэрвеня яна выйшла павесіць памытую бялізну, па радыё выступаў Молатаў, абвясціў пра пачатак вайны, і адразу ўсё перавярнулася. Напэўна, у той момант было толькі адно пытанне: «Што рабіць?» Трэба было тэр­мінова дзейнічаць. Мая прабабуля не з баязлівага дзясятка. У сту­дэнцкім інтэрнаце юрыдычнага інстытута яна разам з некаторымі выкладчыкамі і студэнтамі аргані­завала адну з першых падпольных груп у Мінску. Ганна Чорная – такое было яе падпольнае імя. Пад­поль­шчыкі хавалі ўцёкшых з лаге­раў для ваеннапалонных і яўрэй­скага гета людзей, складавалі выкрадзеную ў немцаў зброю і ме­дыкаменты і перапраўлялі ўсё партызанам. Першым поспехам было выз­ва­ленне 30 ваеннапалонных з канцлагера «Масю­коўшчына». У 1943 годзе прабабуля ўдзель­нічала ў аперацыі «Адплата» пад кіраўніцтвам Фёдара Фядотавіча Кузняцова, падчас якой быў лікві­даваны генеральны камісар Бела­русі Вільгельм Кубэ. З велізарнай рызыкай для жыцця, праз шчыльную сетку гітлераўскіх пастоў, у кошыку з брусніцамі яна даставіла ў Мінск з партызанскага атрада адмыслова зробленую міну з хімічным дэтанатарам і перадала яе Алене Мазанік, якая працавала ў той час пакаёўкай у Кубэ. Ужо ў Маскве, пасля доўгіх высвятленняў таго, па чыім уласна даручэнні была праведзена аперацыя, ёй было пры­своена званне Героя СССР. Яна была таксама ўзнага­ро­д­жана ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі. Але больш за ўсё яна ганарылася дакументам, які сведчыць, што яна кіравала падпольнай групай. Калі пасля вайны аднаўлялі Мінск, усім былі выдадзены карткі ўдзель­нікаў грамадскіх прац. Бабуля па ўлас­ным жаданні адпрацавала ў 3 разы больш гадзін, чым было ўка­зана ў картках. Ёй было няцяжка, бо ўсё ішло на карысць горада. Дзівосным чалавекам была мая прабабуля, шмат працавала, мала адпачывала, для сям’і час зна­хо­дзіла і ў грамадскім жыцці ўдзель­нічала. Не любіла прывілеяў, якія забяспечвалі ёй яе ўзнагароды, пэўна, саромелася. Мабыць, такім і павінен быць сапраўдны чалавек. Шашкова Лізавета, студэнтка 1 курса фізічнага факультэта: РАДКІ, АПАЛЕНЫЯ ВАЙНОЙ image descriptionМы, моладзь 21 стагоддзя, ганарымся Вамі, шаноў­ныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і кажам Вам дзякуй за так нялёгка атрыманую перамогу і мірнае неба ў нас над галовамі. Мы асцярожна за­хоўваем памяць пра ўдзельнікаў тых гераічных падзей, адным з якіх быў мой прадзядуля, пра яго я хачу распавесці. Мой прадзед гвардыі пад­палкоўнік Шпітальны Аляксей Лазаравіч пражыў выдатнае, гераічнае жыццё. Скончыўшы ў чэрвені 1941 года Ваенна-палітычную акадэмію Чырвонай Арміі імя У. І. Леніна, ён прымаў непасрэдны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. У нашай сям’і захаваліся ваенныя дзённікі, у якіх прадзед апісвае ўсе падзеі, удзельнікам якіх ён быў. Дзённікі майго прадзеда – гэта свое­асаблівы летапіс вайны, гэта інфар­мацыя, якая паступіла да нас непасрэдна з месцаў бітваў. Ідэалагічная праца, якая праводзілася ў дзяржаве ў даваенныя і ваенныя гады, сыграла вя­лікую ролю ў перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адзін з загадаў, якія падымалі дух патрыятызму, захаваўся сярод дакументаў майго прадзеда. Па стылі і характары апісання па­дзей, якія адбываюцца падчас бітваў і ў перапынках паміж імі, выразна прасочваецца любоў да савецкай Радзімы і яе кіраўніка, гатовасць самаахвяравання і вера ў перамогу. Мой прадзед ваяваў на Заходнім і Цэнтральным франтах на пасадзе начальніка палітычнага аддзела, на Паўднёва-заходнім фронце – ваенным камісарам штаба 21 войска, на Варонеж­скім – намеснікам начальніка штаба 23 корпуса, на 1 Украінскім – камандзірам палка. У канцы 1941 года тры месяцы ён правёў у партызанскім атрадзе Героя Савецкага Саюза С. А. Каўпака ва Украіне. Пра гэты перыяд ім быў напісаны нарыс, які, паводле за­пісу ў дзённіку, у 1944 годзе быў апублікаваны ў газеце. У ім да­дзены апісанні першых месяцаў існавання партызанскага атрада пад кіраўніцтвам С. А. Каўпака і першая сутычка з ворагам. Пасля гэты партызанскі атрад стаў адным з самых вядомых, якія пры­нялі актыўны ўдзел у барацьбе з нямецкімі акупантамі на тэрыто­рыі Украіны. Чарнавік нарыса захаваўся ў нашым сямейным архіве. За гады вайны мой прадзядуля браў удзел у вызваленні Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, удзельнічаў у легендарнай бітве па вызваленні Сталінграда і ў ліквідацыі нямецкага наступу на «Курскай дузе». За баявыя заслугі мой прадзядуля быў узнагаро­джаны ордэнамі «Чырвоны Сцяг», Суворава 3 ступені, двума ордэнамі «Чырвоная Зорка»; медалямі «За адвагу», «За абарону Ста­лінграда», «За перамогу над Германіяй у Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За баявыя заслугі», медалём польскага камандавання «За Одэр, Нісу, Балтах». За ўдзел у разгроме нямецка-фашысцкіх захопнікаў мой пра­дзед мае падзяку Вярхоўнага галоўнака­мандуючага. Я вельмі ганаруся сваім пра­дзядулем. Час праходзіць, і кожнае наступнае пакаленне ўсё далейшае і далейшае ад падзей, якія адбываліся на франтах Вялікай Айчынна войны. Дзякуючы ўспа­мінам ветэранаў і пэўным запісам, якія захаваліся ў ваенных дзён­ніках нашых дзядоў і прадзедаў, мы памятаем пра падзеі тых нялёгкіх для ўсяго савецкага народа часоў і асцярожна захоўваем іх памяць. ХАДЗЬКО Наталля, студэнтка 1 курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ ЗВАРОТ Мой любы дзядуля!.. Ведаеш, мне цябе вельмі не хапае! Вельмі!... Ты быў тым чалавекам, які вучыў разам са мной урокі, які ціхенька клаў у маю кішэню грошы на прысмакі, які расказваў мне розныя цікавыя народныя мудрасці і гісторыі са свайго жыцця... Напэўна, зараз, у прадчуванні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, цябе не хапае асабліва, бо я не змагу ў чарговы раз сказаць табе асабістае «дзякуй!» за тое, што я з’явілася на свет без вайны. Канечне, ты не быў адным з тых салдат, якія прымалі не­пасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях, і не быў «героем» у тым сэнсе, які прывыкла ўкладаць у гэтае слова сённяшняе грамадства. Але ведаеш, яшчэ наш Васіль Быкаў пісаў: «Колькі ў нас герояў? Скажаш, дзіўнае пытанне? Натуральна, дзіўнае. Хто ж іх лічыў»... I як кожнаму, каму мы абавязаны ця­перашнім мірным жыццём, я (хаця б і не ў вочы) хачу сказаць табе: «Вялікае дзякуй!» Дзякуй за тое, што тады, у 8 гадоў, ты, седзя­чы ў жахлівай смяротнай багне канц­лагера, трываў да канца. Дзякуй за тое, што нават пасля таго, як ты стаў сведкам жорсткіх забойстваў дзяцей, старых і цяжарных, не раззлаваўся на жыццё, не стаў замкнёным і адчужаным. Дзякуй за тое, што нават у тыя хвіліны ты, сам маючы патрэбу ў падтрымцы і ахове, дапамагаў сваёй маці, брату і сястрычцы-немаўлятку. Дзякуй за тое, што расказваў мне пра ўсе жахі вайны, табой перажытыя: гэтыя аповеды дапамагаюць мне і зараз ні на хвіліну не забываць, які крохкі спакой і мір. Дзякуй за тое, што кожны раз перад сном ты чытаў малітву за згоду ў сям’і і за тое, каб наша жыццё, жыццё тваіх унукаў, было лепшым, шчаслівым. Я табе так удзячна, дзядулечка!.. I, ведаеш, мне цябе вельмі не хапае. Вельмі.  
print

Вам таксама можа спадабацца:

2 каментара

  1. Сергей Шафалович says:

    Шаноўная Галіна, дзякуй і Вам за прыхільнасць. Абдрукоўку ў прозвішчы выпраўляем. На жаль, так яно гучала ў арыгінале, які мы атрымалі, і памылка не ў перакладзе. Спадзяемся, што ў канчатковым варыянце буклета прозвішча Лізы напісана правільна.
    З павагай, рэдакцыя

  2. Галина says:

    Проект замечательный, организаторами проделана огромная работа, в т.ч. По переводу конкурсных работ. Спасибо за воспитание патриотизма в подростающем поколении. Однако, допущена ошибка, пропущена буква “Ш” в фамилии одного из авторов — “Шашкова”. В результате в бел.яз. получлась — Шакава. Вы бы хоть в электронной версии исправили. Человек расстроился. С уважением, бывшая студентка БГУ и мама Шашковой Лизы.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *