Прамоўца за навуку і адукацыю. Юрыст Юрый Смірноў паспрыяў росквіту беларускага інтэлектуальнага патэнцыялу ў часы СССР

7 Jul, 2015.

ПламенныйОраторПрапануем інтэрв’ю са славутым прадстаўніком юрыдычнай навукі БДУ Юрыем СМІРНОВЫМ – шматгадовым дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, памочнікам легендарнага П. М. Машэрава, загадчыкам аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, які да таго ж стаў першым у гісторыі юрыдычнага факультэта БДУ кандыдатам навук па працоўным праве. Ю. П. Смірноў – адзіны з юрыстаў, хто ўдастоены двух ордэноў Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Дружбы народаў. Гэтымі ўзнагародамі падкрэслены асабісты ўклад  у давядзенне беларускага інтэлектуальнага патэнцыялу да найвышэйшага ўзроўню, што прызнавалася ва ўсім Савецкім Саюзе.

Нарадзіўся 13.04.1929 у Валагодскай вобласці. У Мінскі юрыдычны інстытут (далей – МЮІ) прыняты ў 1947 г. па рэкамендацыі Генеральнага пракурора СССР К. П. Гаршэніна. Абіраўся сакратаром камітэта ЛКСМБ, а затым – вызваленым сакратаром партарганізацыі МЮІ. Там жа ў 1952 г. паступіў у аспірантуру і скончыў яе ў 1954 г. Выкладаў (1954–1955) працоўнае права на кафедры грамадзянскага права і працэсу юрыдычнага факультэта БДУ ў якасці асноўнага месца працы, а пасля на ўмовах пагадзіннай аплаты.
24 марта 1960 г. першым у гісторыі юрыдычнага факультэта БДУ (і трэцім у беларускай гісторыі пасля Э. В. Зайчыка і Г. А. Павецьева) абараніў у МДУ кандыдацкую дысертацыю па працоўным праве на тэму “Роля савецкіх прафсаюзаў у галіне аховы працы”.
22 гады (з 1963 г.) – у апараце ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, з іх шэсць гадоў памочнік першага сакратара П. М. Машэрава, а затым сем гадоў (1977–1985) загадчык аддзела навукі і навучальных устаноў. У 1985–1991 гг. займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
20 гадоў запар (1971–1990) з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
З 1992 па 2002 гг. працаваў на розных пасадах у юрыдычным аддзеле Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і дарадцам яе старшыні.
Адзін з заснавальнікаў і актыўны член грамадскага аб’яднання “Супольнасць працоўнага права”.

– Юрый Пятровіч, як Вы трапілі ў Мінск па юрыдычную адукацыю?
– Улетку 1947 г. паступіў на гістарычны факультэт Ленінград­скага ўніверсітэта, але вучыцца не атрымалася, бо не далі інтэрнат, а бацькі не маглі мяне ўтрымліваць. Пасля вяртання дахаты ўспомніў, як камсамольскім сакратаром арганізоўваў па даручэнні райкама партыі ў школе сустрэчы выбар­шчыкаў з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР ад Валагодскай вобласці Генеральным пракурорам СССР К. П. Гаршэ­ні­ным. Напісаў Канстанціну Паў­ла­вічу ў Маскву з просьбай дапамагчы з набыццём прафесіі і наступнай працы. На вялікае здзіўленне, адказ паступіў досыць хутка, прычым быў дадзены з асабістым подпісам і гербавай пячаткай.

– Цікава, што там было?
– Гаршэнін напісаў, каб я забіраў дакументы пра паступленне на гістфак ЛДУ і ехаў на вучобу ў толькі што адноўлены юрыдычны інстытут у Мінску, куды патэлефа­наваў і даў неабходныя даручэнні. Там жа заяўлялася ўпэўненасць у тым, што з годнасцю буду несці высокае званне юрыста.

ДипломКандНаук

– У хуткім часе Вас абралі камсамольскім лідарам інстытута. Якія пытанні разглядаліся на сходах? Чым жыў тады інстытут?
– Спачатку галоўным з’яўлялася будаўніцтва будынкаў навучальнага корпуса і інтэрнатаў замест разбураных у вайну. У адпаведнасці са спецыяльным рашэннем Мінскага гаркама партыі ўсе паўналетнія грамадзяне абавязваліся адрабіць адзін месяц на аднаўленні горада. Дырэктар МЮІ Г. А. Павецьеў дамогся, каб мы гэта рабілі ў асноўным на інстытуцкіх аб’ектах. Нашы студэнты-франтавікі прыцягваліся са зброяй у руках і да аховы нямецкіх ваеннапалонных, якія разбіралі руіны і ўзводзілі новыя будынкі.
Займаліся арганізацыяй суботнікаў і нядзельнікаў, вясновых і восеньскіх прац у калгасах і саўгасах, якія, апроч іншага, дапамагалі вырашаць актуальныя для многіх праблемы з харчаваннем.
Дакаралі малаактыўных і, наадварот, усяляк імкнуліся падтрымліваць працавітых і тых, хто адначасова паспяхова вучыцца. Ставілі іх у прыклад, хадайнічалі перад кіраўніцтвам інстытута аб іх заахвочванні. Апошняе, вядома, было галоўным чынам у выглядзе падзяк загадамі дырэктара, што заносіліся ў працоўныя кніжкі, але здаралася і матэрыяльная ўзнагарода, у прыватнасці, вырабамі лёгкай прамысловасці, якія ўдавалася “выбіць” дырэктару інстытута па дамоўленасцях з кіраўніцтвам адпаведных прадпрыемстваў. Адмысловым пунктам парадкаў дня часта ўключалі павышэнне паспяховасці, нярэдка з выклікам адсталых студэнтаў.
Разглядалі і “персанальныя справы”, уключаючы сямейныя і іншыя, якія сведчылі пра парушэнне “маральнага аблічча будаўніка камунізму”. Неяк разбіраўся выпадак з падробкай студэнтам-франтавіком подпісу выкладчыка са станоўчай адзнакай у заліковай кніжцы. Нярэдка выслухоўвалі “чыстасардэчныя прызнанні” і абяцанні выправіцца ў будучыні.
Наогул, адзначу, што ўсе без выключэння сходы адзначаліся актыўнасцю выступоўцаў, іх шчырым жаданнем спрыяць паляпшэнню спраў у інстытуце, горадзе, Беларусі і Савецкім Саюзе ў цэлым.

– Ахарактарызуйце Г. А. Павецьева як чалавека і кіраўніка Мінскага юрыдычнага інстытута і навукі БДУ, якога Вы добра ве­далі яшчэ са студэнцкай лавы.
– Па асабістых якасцях Гаўрыіл Аляксеевіч быў валявы, пасля­доўны, рашучы і разумны. Хоць яму напачатку нашай сумеснай працы не было і 40, але жыццёвы досвед назапасіў немалы і разнастайны: дзетдомавец, парабкаваў, вучоба, аспіран­тура і праца ў Ленінградскім юрыдычным інстытуце, пракурорства ў Туркменіі, служба ў Ваенным трыбунале войскаў аховы тылу Ленін­градскай вобласці і Народным камісарыяце юстыцыі СССР у вайну. Павецьеў добра разумеў людзей, умеў абраць талковых «паплечнікаў», адчуваў і пад­трым­ліваў адораных. Пра мяне перад абраннем сакратаром камсамольскай арганізацыі інстытута ён казаў: «Гэта – наш чалавек!». Таму і падтрымаў тады і потым, пры выбарах кіраўніка партыйнай арга­нізацыі, і далей. Спрэчак «да хрыпаты» ў нас ніколі не было. Хутка знаходзілі паразуменне.

СмирновЖенаКлараДиплМЮИ-3

З жонкай Кларай Міхайлаўнай

– Раскажыце троху пра Вашу жонку. Вы ж разам вучыліся ў МЮІ.
– Жонка Клара Міхайлаўна (энергічная, валявая, мэтанакіраваная, у дзявоцтве Сакалова) родам з Мсціслава Магілёўскай вобласці, а яе бацька 1897 года нараджэння – выхадзец вёскі Любавічы Смаленскай губерні.
Між іншым, у нас было падобнае абітурыента-студэнцкае мінулае: яна таксама паступіла спачатку ў Ленінградскі ўніверсітэт, толькі на біёлага-глебавы факультэт. Старанна адвучылася паўгода, але затым адлічылася, бо цяжка захварэла на плеўрыт і сям’я настаяла на вяртанні ў Беларусь.
Пажаніліся падчас вучобы. Клара была старастай нашай групы. Свайго роду прапановай да сумеснага жыццёвага шляху стаў ліст на абароце фатаграфіі з 1 курса, што я ёй падарыў, дзе “зняты” разам з іншым “аднокашнікам” Сцяпанам Гарэлавым:
“Клары Сакаловай ад Смірнова Юрыя. Калі Вы будзеце калі-небудзь шчаслівыя, то не забудзьце ўспомніць пра тое, што вакол Вас ёсць яшчэ шмат няшчасных, якім трэба чымсьці дапамагчы. Г. Мінск. МЮІ. I курс. 10.I.48 г.”.
Потым жонка, паспатыўшы юрыдычнай працы па размеркаванні ўпраўлення выпраўленча-працоўных лагераў МУС, расчаравалася ў ёй. І змяніла вектар жыцця: атрымала другі, “філфакаўскі”, дыплом універсітэта, прысвяціўшы новай спецыяльнасці ўсё далейшае жыццй. Спачатку працавала ў выдавецтве БДУ, а затым аж да пенсіі ў “Вышэйшай школе”, дзе загадвала рэдакцыяй па філалогіі, культуры і мастацтве.
Пры яе непасрэдным рэдагаванні вышлі, у прыватнасці, кнігі В. А. Малакова “Філасофія сучаснага праваслаўя” (1968), “Беларускi фальклор” (1977), Г. М. Ліўшыца “Крытыка ідэалізму і рэлігіі ў працах Г. У. Пляханава” (1981), У. I. Няфеда “Гiсторыя беларускага тэатра” (1982), “Гiсторыя беларускай лiтаратуры. Старажытны перыяд” (1985). На шматлікіх з іх змяшчаюцца надпісы аўтараў з падзякамі за істотную дапамогу ў паляпшэнні тэкстаў.
Дарэчы, Клара была афіцыйным карэктарам абедзвюх маіх публікацый, якія выйшлі ў выдавецтве БДУ у 1957 і 1959 гадах, якія ляглі ў аснову кандыдацкай дысертацыі.

– Па Вашай агульнай з жонкай Кларай Міхайлаўнай улю­бёнасці ў літаратуру непазбежныя былі сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьмен­нікамі і па­этамі. Каго хацелі б вылучыць?

– Па выдавецкай працы Клара блізка сышлася з жонкай Ніла Гілевіча Нінай Іванаўнай, і мы дужа сябравалі сем’ямі больш за 40 гадоў: амаль заўсёды адзначалі дні нараджэння, розныя святы, раз­маўлялі і інш.
Публікаваў нават успаміны пра тое, як П. М. Машэраў асабіста прыняў удзел у «справе» Ніла, на якога, тады яшчэ маладога літа­ратара, навесілі цэтлік нацыя­на­ліста. Пётр Міронавіч з маёй па­дачы сам узяўся чытаць Гілевіча, і яго меркаванне сыграла самую станоўчую ролю ў творчым лёсе пісьменніка.

– Некаторыя даследчыкі лічаць няправільным вылучаць якую-небудзь школу ў якасці пераважнай падчас аднаўлення навукі права ў Беларусі. Маё ж меркаванне іншае: такая школа ёсць – ленінградская. А якая Ваша пазіцыя?
– Перш за ўсё адзначу, што ў ЦК КПБ Белдзяржуніверсітэту нада­валася павышаная ўвага ў па­раўнанні з Акадэміяй навук, бо ён меў вялікую сувязь з права­ахоў­нымі, судовымі і гаспадарчымі ор­га­намі і арганізацыямі, куды на­кі­роўваліся для працы выпуск­нікі. Дык вось, у МЮІ, а затым у БДУ, вядучыя кіраўнічыя пасады займалі галоўным чынам выхаванцы горада на Няве. У першую чаргу гэта сам Павецьеў, які скончыў Ленінградскі інстытут савецкага права ў 1933 г. і спачатку ўзначаль­ваў 9 гадоў МЮІ, а затым 8 гадоў «усю навуку» БДУ ў якасці прарэктара.
Плячом у плячо з ім ішоў Васіль Аляксандравіч Дарогін, блізкі сябар і «аднакашнік», які быў на­меснікам дырэктара МЮІ па навуцы і навучальнай працы, а пасля гэтага 5 гадоў – дэканам юрыдычнага факультэта БДУ.
Адначасова яны кожны па два дзясяткі гадоў загадвалі дзвюма вядучымі кафедрамі: Павецьеў – грамадзянскага права і працэсу, а Дарогін – тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
Яшчэ на дзвюх кафедрах – кры­мі­нальнага права і працэсу і крымі­налістыкі – працяглы час вы­кладалі ў якасці дацэнтаў і пра­фесараў «ленінградцы»: І. І. Гарэ­лік, А. В. Дулаў; В. А. Шкурко, В. М. Шпілеў. Той жа Дулаў загад­ваў 18 гадоў кафедрай крыміна­лістыкі, а Шкурко на працягу сямі гадоў кіраваў юрыдычным факультэтам БДУ. Менавіта пад уплывам пералічаных асоб з’явілася плеяда беларускіх навукоўцаў-права­ве­даў, якія сталі дактарамі юрыдычных навук і вызначылі выгляд сённяшняй юрыспрудэнцыі: С. Р. Ві­хараў, С. Р. Драбязка, І. І. Марці­новіч, І. С. Цішкевіч, В. Ф. Чыгір, М. Р. Юр­кевіч і інш.

– Вам выпала амаль чвэрць стагоддзя працаваць у ЦК Кам­партыі Беларусі і на працягу 6 гадоў дапамагаць першаму сакратару Пятру Машэраву…УдостЦК КПБ

– Так. Сапраўдны кіраўнік, якога любіў. Паважлівы быў і меў вельмі вялікае разуменне беларускага народа. Вельмі прынцыповы, не баяўся спрачацца нават з вышэйшым кіраўніцтвам з ЦК КПСС. Дарэчы, і там карыстаўся немалым аўтарытэтам.
У інтэрв’ю «Ці ўзышлі азімыя?» у часопісе «Ветразь» (1989, № 10) я прыгадваў думкі і справы «шэфа» пра тое, што:
нам патрэбныя не «танныя», а культурныя, развітыя і добра адукаваныя працаўнікі;
выратаванне нашай дзяржавы ў інтэнсіўнай працы на будучыню;
ураўнілаўка згубная;
неабходна стварэнне школ і сіс­тэмы падбору таленавітых людзей, здольных выгадаваць і павесці за сабой сапраўдную навуковую інтэ­лігенцыю;
павінны быць маральныя праграмы, якіх неабходна трымацца і ў сферы гаспадарчай, і ў кадравай палітыцы, і ў сістэме навучання, і ў асабістых адносінах.

– Ці былі падчас замежных паездак прамыя ці ўскосныя звязкі з працоўным правам?
– Пётр Міронавіч нярэдка ўклю­чаў мяне ў склад дэлегацый для ўдзелу ў розных міжнародных форумах. Аднойчы ў Парыжы запра­сілі на фабрыку, дзе кіраваў сябар Камуністычнай партыі Францыі. Уразіла, што падчас праходжання па цэхах ніводны з працоўных нават не падняў галавы. Машэраў сказаў: «Глядзі, юрыст, якое стаўленне да працы і дысцыпліны. А ў нас бы пакідалі працу і арга­нізавалі гаварыльню-мітынг з нагоды прыходу важнага госця».
Тамсама, у Францыі (ужо на іншым заводзе), здарыўся эпізод з нагляднай агітацыяй. У прахадной вісела доўгая аб’ява з 18 пунктаў, дзе апошнім быў: “Кожны, хто дачытае гэтую аб’яву, можа атрымаць у бухгалтэрыі 300 франкаў”. Як нам сказалі, вісіць аб’ява больш за паўгода, але па грошы не звярталіся.
Машэраў адрэагаваў: “Вось, Юрый, гэта кошт нашых папер, якія мы развешваем як наглядную агітацыю, а іх ніхто не чытае”.

Ніл Гілевіч Смірнов

З Нілам Гілевічам

– 10 гадоў жыцця Вы аддалі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Якая падзея там было найбольш уражлівая?

– Удзел у стварэнні першага Працоўнага кодэкса пасля абвяшчэння суверэнітэту. Памятаю велізарнае напружанне. На першых этапах асноўную ролю ад Федэрацыі прафсаюзаў іграў загадчык аддзела па зака­на­даўчай ініцыятыве і прававых пытаннях Барыс Аляксеевіч Волкаў. Пасля яго пытаннямі кадыфікацыі прыйшлося займацца мне, калі да­ручылі ўзначаліць юрыдычны аддзел ФПБ. Адзначу, што ў праекце Працоўнага кодэкса апынулася адлюстраванай большасць з двухсот прапаноў ад фе­дэрацыі.
– На што хацелі б зарыентаваць будучыя пакаленні студэн­таў, выкладчыкаў і навукоўцаў?
– Галоўнае з пажаданняў – быць высокамаральнымі, працаваць «у поце твару свайго», увесь час удасканальвацца і імкнуцца да спазнання Праўды, не грэбуючы зробленым папярэд­ні­камі. Менавіта такі шлях прывядзе да сур’ёзных творчых здзяй­сненняў.
Гутарыў
Віктар КРЫВОЙ, доктар юрыдычных навук

print

Вам таксама можа спадабацца: