VI міжнародны летні ўніверсітэт ў БДУ: жаночая служба ДПС, абарона правоў мужчын і “Блакітныя джынсы”

2 Jul, 2016.

IMG_0743

Уявіце сабе: спякотным летнім днём у абед сотні людзей збіраюцца ля будынка рэктарата БДУ. Сярод іх студэнты, выкладчыкі, прафесары. Ля лавак галоўнага корпуса ўсе яны сядзяць і размаўляюць на нямецкай, англійскай, французскай мовах. І ўсе яны ведаюць, што 22–24 чэрвеня 2016 года БДУ збірае VI міжнародны летні ўніверсітэт для ўдзельнікаў з Беларусі, Германіі і Францыі на тэму: “Прававое становішча жанчын у сучасным свеце: змест і спосабы абароны».

Тэма прававога становішча жанчын стала галоўнай у сувязі з цікавасцю да Беларусі і яе гендарнай палітыкі. У БДУ, напрыклад, на факультэце журналістыкі з’явіўся курс па гендарнай тэматыцы.

Копия IMG_0673

Ведаючы гэта, вырашыла ўдзельнічаць у міжнародным летнім універсітэце–2016. Пасля рэгістрацыі ў холе на Бабруйскай, 5а раскрыла праграму мерапрыемстваў. І ўбачыла, што сёлета чытаць свае даклады будуць спецыялісты ў галіне юрыспрудэнцыі з БДУ, універсітэтаў Патсдама, Тарту і іншых навучальных устаноў. Усяго больш за 120 слухачоў і дакладчыкаў.

Я баялася, што юрыдычныя тэрміны наўрад ці дапамогуць зразумець сутнасць дакладаў, але сумненні не спраўдзіліся. Першы, хто здзівіў, быў Томас Крусман, каардынатар праграмы “Нетворк Жан Манэ Developing European Studies in the Caucasus”.

Копия IMG_0752

Ён прачытаў даклад “Жанчыны на перадавой глабальных змяненняў” на рускай мове, таму што “для большасці слухачоў гэта лягчэй”. Хоць сінхронны пераклад быў на трох мовах. Усе ўдзельнікі атрымалі навушнікі і свабодна слухалі любыя лекцыі.

«Не трэба быць феміністам, каб канстатаваць, што ў працэсе развіцця мы пакідаем за «бортам» палову чалавецтва… Ці можна ставіць жанчын на фронт глабальных пераменаў?» – пачаў даклад Томас Крусман.

У прыклад было прыведзена стварэнне жаночай службы ДПС.

«У шмат якіх краінах гэты орган з’яўляецца адным з самых карумпаваных», – адзначыў Томас Крусман.

І хоць няма такіх даследаванняў, якія б пацвярджалі, што жанчыны менш схільныя да карупцыі, аднак гэты прыклад паказаў, што жаночая служба ДПС працуе пры меншых паказчыках хабараў.

Здавалася б, пытанне «жанчын у фронце глабальных зменаў» павінна быць асновай усіх дакладаў міжнароднага ўніверсітэта. Але прафесар БДУ Васілевіч Рыгор Аляксеевіч вырашыў расказаць пра «ўдасканаленне статусу жанчын у кантэксце абароны правоў мужчын».

Копия IMG_0680

Рыгор Аляксеевіч сказаў, што «трэба казаць аб падцягванні правоў мужчын да таго ўзроўню, якімі валодаюць жанчыны». І выкарыстаў статыстыку Белстата.

Напрыклад, працягласць жыцця. У Беларусі жанчыны жывуць у сярэднім 78,9 гадоў, а мужчыны – 68,6. На гэтым фоне пенсійны ўзрост выглядае больш прывабным менавіта для жанчын, бо выходзяць на пенсію яны раней і жывуць даўжэй. Ці, напрыклад, часцей атрымліваюць вышэйшую адукацыю жанчыны, чым мужчыны.

Па гэтых і іншых паказчыках Рыгор Аляксеевіч зрабіў выснову: «Мужчын “дыскрымінуюць” толькі ў чатырох не самых прэстыжных прафесіях: сацработнікі, выхавальнікі ў дзіцячых садках, сярэдні медперсанал і школьныя настаўнікі».

Копия IMG_0701Гэта не ўсе навіны VI міжнароднага летняга ўніверсітэта. У 2016 годзе ўпершыню адкрылі фармат воркшопаў на трох мовах: англійскай, французскай і нямецкай. На другі дзень, 23 чэрвеня, можна было наведаць іх усе.

Я абрала воркшоп на англійскай «Гвалт, заснаваны на гендарных адрозненнях, у святле міжнароднай і еўрапейскай прававой і палітычнай сістэм».

Больш за ўсё здзівіла тое, як быў пабудаваны воркшоп: менш тэорыі – больш практыкі. А менавіта: кожнай групе ўдзельнікаў трэба было разабраць «прыклады з жыцця» па дыскрымінацыі жанчын у пэўных сітуацыях.

Некаторыя з іх былі заснаваны на рэальных падзеях. Напрыклад, ці ведалі вы, што ў Італіі існаваў закон: жанчына не можа падаваць у суд аб тым, што яе згвалтавалі, калі на ёй былі надзеты джынсы? Аргументавалі гэта тым, што яны вузкія, і толькі сама жанчына можа іх зняць. У гэтым прыкладзе пад назвай «Блакітныя джынсы» трэба было даць адказ на тое, як можна даказаць факт згвалтавання.

У трэці дзень міжнароднага летняга ўніверсітэта слухачы зноў сустрэліся ў будынку рэктарата БДУ. Пасля ўсіх дакладаў актыўныя слухачы змаглі атрымаць сертыфікаты ўдзельніка. А таксама сфатаграфавацца разам з ганаровымі гасцямі з Беларусі, Францыі і Германіі.

Фаіна НАКАНЕЧНАЯ

Копия IMG_0687

 

print

Вам таксама можа спадабацца: