Правільна казаць: «падняўся да ўзроўню дзіцяці» (+відэа)

1 Jul, 2016.

2016-1

Сяргей Красоўскі разам з вядучай «Суперлато» падчас дабрачыннай акцыі «СуперКанікулы» ў САК «Брыганціна» 16 чэрвеня 2016 г.

Выдатным месцам адпачынку для дзяцей і ўнукаў супрацоўнікаў БДУ з’яўляецца САК «Брыганціна». У лагеры ў розныя гады працавала мноства выдатных выхавальнікаў і педагогаў. Верагодна, адным з самых вядомых і любімых дзецьмі лічыцца Сяргей КРАСОЎСКІ, які аддана працуе на першай змене ўжо на працягу 14 гадоў і перадае падапечным свой багаты жыццёвы вопыт. Сяргей Анатольевіч раней нам расказваў пра «школу Афганістана», а зараз распавёў пра асаблівасці выхавання маладога пакалення.

–  Па летніх лагерах я працую з 1986 года, ужо за трыццатку атрымліваецца. Заўсёды адказваю за першы старэйшы атрад. Толькі ў 1989-м у лагеры «Лясная казка» я быў старэйшым важатым. І вось з таго часу я адчуваю, што калі працуеш на атрадзе, у пачатку змены дзеці адныя, а ў канцы – ужо зусім іншыя. Заўсёды сам сябе цешу гэтым, і ўнут­раны голас хваліць, што малайчына, у нейкай ступені згуртаваў дзяцей, аб’яднаў, патлумачыў ім што-нішто. Я імкнуся ім пры­віць іншае стаўленне і да старых, і да ветэ­ранаў, і адзін да аднаго. І вынік жа адносіц­ца не толькі да пэўнага часу, ён адбіваецца на працягу жыцця. Я ведаю гэта, бо людзі потым знаходзяць мяне і дзякуюць.
Можа, дзеці мяняюцца так моцна таму, што яны зараз не такія, якімі былі раней. Тады дзеці, напрыклад, чыталі газеты, а зараз сядзяць у інтэрнэце. А інтэрнэт – такая памыйка. Там, хто хоча, той і піша. Спрабую неяк сканцэнтраваць увагу на гэтым, а таксама на стаўленні да напісанага – напрыклад, перш чым ганіць усіх, варта неяк думаць пра тое, што ты сам зрабіў па прадмеце абмеркавання. І дзеці гэта разумеюць – адпаведна, і вынік бачны.

2013-1
– Чым, на Ваш погляд, яшчэ сёння дзеці адрозніваюцца ад «тагачасных»? Ці ёсць нешта, у чым яны, можа, больш моцныя?
– Моцныя? Гледзячы са сваёй званіцы, я лічу, што адзінае, у чым яны мацнейшыя – яны больш прасунутыя. У плане тых жа гаджэтаў. Яны праз гугл могуць знайсці нешта хутчэй, чым нават больш дарослыя дзеці. Тое вельмі адчуваецца, бо яны з дзяцінства ўжо з гэтымі тэхналогіямі займаюцца – з тэлефонамі, планшэтамі, – таму і больш развітыя ў плане «хайтэка». Але душэўнасць і супольную мову адно з адным ім цяжэй знайсці. Я маю на ўвазе не тое, што вось сядзець «УКантакце» і перапіс­­вац­ца, а як дзесьці чалавеку саступіць, нешта з ім супольнае зрабіць. Вось у такім плане яны бездапаможныя. Для іх, чым стасавацца, лепш адасобіцца і пасядзець па­чытаць што-небудзь, паглядзець, пагуляць. Вось гэта вельмі дрэнна.
Але з іншага боку, у прынцыпе, дзеці лёгка вучацца. Калі зрабіць нейкі канкрэтны ўпор, напрыклад, на гульнявую тэматыку – але не ў плане «тэлефона», а рухомых гульняў ці гульняў, накіраваных на зносіны, ім гэта падабаецца! Яны проста самі таго не бачаць, не заўважаюць. Маё пакаленне пра­водзіла ўвесь вольны час на вуліцы – і, адпаведна, у нас былі іншыя гульні, ін­шыя ўзаема­ад­но­сіны, мы больш размаў­лялі адзін з адным. Цяпер гэтага няма, і дзеці вельмі ад гэтага пакутуюць. Па сут­насці справы, у лагеры я даю ім тое.

2014-4– Вы казалі пра прынцып «думаць і не пані­каваць», які перадаяце падапечным. Прычым, як адзначылі, складана вызначыць, што менавіта трэба ўкласці ў дзяцей, каб яны разумелі жыццё. А ці звяртаюцца да Вас дзеці, ведаючы, што Вы – чалавек, які прайшоў баявыя дзеянні, з далікатнымі пытаннямі, якія ім складана вырашыць у жыцці?
– Так, яны раяцца. Але я не афішую ў лагеры, што я прайшоў Афган і г. д. Дзеці звяртаюцца да мяне не як да ветэрана, а як да старэйшага таварыша. У маім атрадзе няма панібрацтва, дзеці нармальна, адэкватна падымаюць свае праблемы. Мы вырашаем іх, я падказваю нешта. Дзяўчаты звяртаюцца нават часцей, чым хлопцы – з любоў­нымі праблемамі ці нейкімі іншымі цяжкас­цямі ва ўзаема­адносінах. Хоць у хлопцаў свае нюансы, нават сямейныя пытанні ўз­ды­маюць. Мы часта разрульваем і гэта, і ўсе задаволеныя. Ні разу не было такога, каб я не змог нармальна пагаварыць з чалавекам.
– Якім чынам дзеці ўклю­чаюцца ў стасункі паміж сабою? Вы праводзіце з імі нейкія спецыяльныя гульні на згуртоўванне, або яны проста знахо­дзяцца ў такіх умовах, калі ім неабходна адзін аднаго трымацца?
– З самага пачатку, калі ў лагеры з’яў­ляюцца дзеці, першае, што я кажу: «Дзеці, самае галоўнае ў жыцці – гэта думаць і не панікаваць». А другое, што я кажу, тычыцца нашага атрада: у нашым атрадзе будзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. То бок, не бу­дзе такога, як у іншых атрадах: захацеў – пайшоў туды, захацеў – не пайшоў. Мы бу­дзем трымацца разам. 2014-5Мы займаемся ра­зам, ідзём куды-небудзь таксама разам – ці, прынамсі, вырашае большасць. Напрыклад, дзеці ўсталі зраніцы, паснедалі, і я кажу ім: у вас ёсць, дапусцім, 4 варыянты, што вы выбіраеце? Не могуць вызначыцца – галасуем. І вось большасць выбрала нешта, меншасць падпарадкавалася – і мы ідзём туды і туды і робім тое і тое – альбо гуляем, альбо займаемся нейкімі іншымі рэчамі.
Самая галоўная праблема для дзяцей – гэта адсутнасць жывых зносін. Яны не могуць адзін з адным стасавацца, яны сядзяць у тэлефонах. І калі раней было пакаранне, напрыклад, пазбавіць дыскатэкі ці яшчэ чагосьці такога, то цяпер яны на дыскатэку не ходзяць: ім бы ў планшэце пасядзець або ў тэлефоне, ці проста паслухаць сваю музыку – «мне тая музыка не падабаецца». Калі раней у атрадзе было 2-3 «тармазы», то цяпер наадварот, двое ці трое актыўных. Але дзякуй Богу, яны ёсць. І калі пачынаеш нешта агульнае з дзецьмі праводзіць – вось тыя ж першыя 2-3 дыскатэкі, – то спрытныя хлопцы пачынаюць «раскручваць» астатніх, і тыя, бачачы, як яны там запальваюць, далучаюцца. Актыўныя «запальваюць» астатніх на дыскатэцы, падчас іншых мерапры­ем­стваў заўзеюць за іх, падтрымліваюць, крычаць, пішчаць – і ў канцы змены дзяцей не пазнаеш. Бацькі прыязджаюць і дзівяцца: «Ах, як гэта так, ён такі спакойны, а тут такі жывы!» Таму што бацькі ўсяго гэтага не даюць ім. Бацькі ўсё разжоўваць, бацькі апя­куюць. А тут дзіця трошкі вырываецца.
А наконт гульняў, у мяне іх куча ў асартыменце: на знаёмства, на выяўленне лідара, на згуртоў­ванне. Мы пачынаем гуляць у першы ж дзень. Я даю ім зразумець, што мы разам, што мы адзін за аднаго – і вось спачатку яны гэта ўбіраюць у сябе, а потым ужо самі пачынаюць: «А давайце мы ў тое пагу­ляем, а давайце мы вось тое зробім!» Радуе, што ім усё гэта цікава.
– Наколькі я ведаю, Вы вельмі старанна рыхтуецеся да кожнай змены. А ў чым заключаецца гэтая падрыхтоўка?
– Зараз я рыхтуюся менш, таму што ёсць вопыт, і ў любой сітуацыі я ўжо гляджу не ў раздрукоўку ці ў гугл, а маёй галаве пра­кручваецца патрэбная інфармацыя. Так, нешта забываецца, таму перад тым, як ехаць у лагер, нешта пераглядаеш. Даведваешся, напрыклад, якія цяпер папулярныя песні, каб на аснове песні ці назваць атрад, ці прыдумаць нейкі дэвіз, ці зрабіць новае мерапрыемства, улічыць нейкія новыя павевы. Ажно да таго, што, напрыклад, праводзілі спаборніцтвы, у каго вібразванок магутнейшы. Кладзеш тэлефон – і ў каго хутчэй ён з’язджае. Для дзяцей гэта весела. І сам таксама даведваешся, што ёсць нешта новае, сочыш, не адстаеш – і сам ужо пачынаеш чымсьці карыстацца, тым жа Viber’ам, напрыклад. Вось дачцэ маёй 9 гадоў, прыхо­джу да яе ў школу – а яна мне: «А мы вось новую сетку спрабуем, нешта да Viber’а падобнае. Я не чуў пра тую сетку, а 9-гадо­вая дачка ўжо ведае. «А чаго ты не ў Viber’ы?» – пытаюся ў яе. – «Не, Viber – гэта горш». – «Ну ё маё!» – думаю. І сваім дзяўчатам-важатым, студэнтам кажу: ну што, вы там, у гэтай сетцы? «Не», – кажуць. Салагі! (Смяецца)

2014-1– Напэўна, лагер для Вас ужо нешта значна большае, чым праца?
– Гэта кавалак жыцця, і без лагера я сябе не ўяўляю. Для мяне гэта вельмі значна. Вось зараз вакацыі – і ў сацсетках мне дзеці пішуць: «Ну што? Мы сустрэнемся?» І дзяўчаты, хлапчукі прыходзяць сюды, і ўсё – чай, торцікі, сядзім, успамінаем, гуляем, смяёмся. І для іх гэта як наркотык – давайце, давайце яшчэ. Таму што гэта тое, чаго ім не хапае – сустрэцца дзесьці, пагуляць, пагутарыць, пасмяяцца.
– Скажыце, а з бацькамі Вы таксама маеце зносіны?
– Канешне.
– Калі бацькі атрымліваюць «абноў­ле­нае» дзіця – якая звычайна рэакцыя ў іх?
– Удзячныя. І самае цікавае, што бацькі самі тэлефануюць: «А як гэта? А што гэта? А што вы з ім зрабілі? Я ніколі не думаў, што ў мяне дачка ці сын такі актыўны. На сцэне каб выступаў? Ды ніколі такога не было! На дыскатэцы каб танцаваў? Ніколі не было!» Ну так ён у мяне і не танцаваў – першыя тры дні з усяго двух тыдняў лагера. Але ўсё ж пачаў «запальвацца».
...Вось яшчэ выпадак быў. Была ў мяне ў атрадзе дзяўчынка, у якой бабуля працавала ў санстанцыі горада. Паехала яна дадому, і ўжо наступная змена пачалася, і тут тэлефануе начальнік лагера, кажа: «Сяргей, падыдзі да мяне». Я кажу: «А што такое?» – «А ў мяне там нешта санстанцыя пытаецца». Ну я кажу: «Добра». Прыходжу. Сядзіць бабуля – а перад ёй і начальнік, і ўсе астатнія стаяць па стойцы смірна, таму што гарадская санстанцыя – гэта для лагера самае страшнае. «Дык гэта Вы Сяргей Анатольевіч?» – «Так, а што?» – «Дык гэта праз Вас маё дзіця начамі не спіць?» – «А я прычым тут?» – «Ды вось яна толькі пра Вас бацькам і кажа». Вось так – бабуля прыехала паглядзець, што там за Сяргей Анатольевіч такі, бо дзіця прыехала дадому і вось так з розуму выбіваецца.
Ці вось уваходжу ў корпус – і падыходзіць да мяне мужык, вусаты такі, немалады, з жыватом, і кажа: «Анатоліч!» Я: «Так, слухаю Вас». Думаю, бацька чыйсьці. Ён: «Ты што, не пазнаеш мяне?» Я кажу: «Так, пачакай, памятаю штосьці такое...» – «Так, правільна, я ў 1986 годзе быў у цябе ў лагеры «Энергетык». Я: «Так, быў у мяне такі раздзяўбай» – «А ў мяне ўжо малы ў цябе ў атрадзе!» Памятаюць, чэрці, памятаюць. (Усміхаецца).

2014-6– Што Вы параіце бацькам, якія не ведаюць, як з дзецьмі справіцца?
– Да кожнага дзіцяці трэба падыходзіць індывідуальна. Але самае галоўнае – трэба, каб дзеці ўжо з нараджэння былі адказныя і рабілі нешта самі: мылі посуд, прыбіралі і да т. п. І самае важнае – каб у іх было сваё кола сяброў, з якімі яны могуць выходзіць на вуліцу і «тусавацца». Калі будуць мець зно­сіны бацькі з дзецьмі, а дзеці – сябраваць паміж сабой, то ім прасцей будзе і ў жыцці ўладкавацца, і пабудаваць патрэбныя ад­носіны. А калі ўсе будуць сядзець кожны ў пакоі і гутарыць толькі ў сацсетках – нічога не будзе. І ўсё, вядома, трэба паказваць на сваім прыкладзе. Калі бацькі п’юць, паляць, лаюцца матам – каго яны выгадуюць? Яны выгадуюць такога ж чалавека. Трэба разумець, што ўсё, што генетычна ваша, сыдзе ў дзіця. Ну і, як кажуць, трэба не выпускаць дзяцей «на вуліцу». Калі пусціць дзіця туды адно – гэта вельмі дрэнна, таму што вуліца зводзіць дзяцей імгненна. Таму што цяпер «на вуліцы» толькі тыя дзеці, якія не патрэбныя бацькам. Тыя, хто патрэбны – яны ў сям’і займаюцца.
Калі вось я, напрыклад, выходжу на вуліцу з дачкой, яна тэлефануе сваім сяброўкам, сябрам, мы кудысьці разам ходзім, нешта робім – то атрым­ліваецца па-іншаму. Тут і сяброўства, і зносіны, і паходы адзін да ад­наго, і пошук новых кантактаў.
Акрамя таго, дзеці павінны разумець, што добра, а што не. Пра тыя ж паламаныя і ра­забраныя трэнажоры скажаш: «Вось бачыце, вы прыйшлі сюды – і як гэта ўсё ўспры­маецца» – і ў іх ужо ў падсвядомасці дзесь­­ці будзе спрацоўваць, што гэта ня­добра. Патрэбныя прыклады, патрэбныя зносіны, самае галоўнае – зносіны, гутарка. Бо некаторыя бацькі з дзецьмі нават не раз­маўляюць. Адзін настаўнік, з якім я гутарыў яшчэ ў часы Савецкага Саюза, сцвярджаў: няправільна казаць «апусціўся да ўзроўню дзіцяці» – правільна казаць «падняўся да ўзроўню дзіцяці». Ну і я ста­раюся ўздымацца да ўзроўню дзяцей – ра­зумець іх – а не апускацца. Хоць і свавольства ёсць, і ты з імі недзе забаўляешся, але ў патрэбны момант «цыц!» – і дзеці ўжо ра­зумеюць, што так сябе паводзіць не варта. Трэба паказваць, тлумачыць дзецям, што добра, а што дрэнна. Вось і ўсё.
Гутарыў
Сяргей МАЕЎСКІ

Відэа:

2014-2

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *