Іншаземка змагла, а ты зможаш? Анхела Эспіноса вывучыла беларускую мову ў сябе на радзіме меньш за год і выдала свой першы беларускамоўны зборнік вершаў (+відэа)

25 Aug, 2016.

angela_espinosa_ангела эспиноза_испанка_красивая девушка_повернула голову

Пра родную мову можна сказаць шмат слоў, падабраць разнамасныя прыметнікі, але ўсё даўно сказана і падабрана. Таму, каб зірнуць на беларускую мову пад іншым вуглом, я вырашыла ўзяць інтэрв’ю ў дзяўчыны-замежніцы, якая вывучыла беларускую мову ў сябе на радзіме, у Icпаніі, за 9 месяцаў і нядаўна выдала свой першы беларускамоўны зборнік вершаў “Раяль ля мора”. Завуць яе Анхела Эспіноса.

Гэта дзяўчына – яскравы прыклад таго, што беларуская мова жыве і змагаецца за сваё існаванне. Анхела стварыла свой блог “Іншаземка, якая піша па-беларуску”, дзе днямі апублікавала пост “10 прычын, каб размаўляць на беларускай мове”. Некаторыя з іх я прывяду ніжэй.angela_espinosa_Ангела Эспиноса Руиз_стихи_ ангела эспиноза_испанка_красивая девушка

  1. У беларускай мове шмат архаізмаў, структураў і функцыяў, якіх няма ў іншых славянскіх моваў. І ўнікальная літара «ў». Яна таксама дапамагае лепш разумець этымалогію і граматыку іншых моў (паверце мне, я вывучаю славянскія мовы ўжо 5 гадоў).
  2. Па-беларуску граюць выдатную музыку. Асабліва рок. Спяваць весялей, калі разумееш тэкст. А спяваць любяць усе, нават калі толькі ў душы.
  3. На беларускай можна захоўваць больш таямніц, чым на іншых больш папулярных мовах.
  4. Беларуская мова вельмі, вельмі, вельмі эратычная )
  5.  Беларуская літаратура – выдатная (Купала, Багдановіч, Колас, Быкаў… І па-мойму, у беларускай сям’і Цётка лепей за Бацьку).

Я ўзяла гэтыя прычыны за аснову і задала наступныя пытанні.

angela_espinosa_Саюз Писателей_Вышыванка_Ангела Эспиноса Руиз— Ці ведала ты моўную сітуацыю да таго, як пачала вывучаць беларускую мову?

— Я б хацела расказаць пра тое, які шлях я пераадолела да таго моманту, як авалодала беларускай мовай. Калі мне было 15 гадоў, я атрымала дзяржаўную стыпендыю ад ЗША. Прыехаўшы на семінары для маладых спецыялістаў, якія праходзілі ў Паўднёвай Караліне, я ўпершыню пачула славянскія мовы. Тады я яшчэ не адрознівала іх, але яны мяне вельмі ўразілі і спадабаліся. Пазней, у школе, я пачала вывучаць самастойна рускую мову, а праз час паступіла ва ўніверсітэт на славянскую філалогію. На маё захапленне беларускай мовай аказаў уплыў мой сябар з Беларусі, які прыязджаў да мяне ў госці. Па збегу абставін, я выйграла конкурс у Варшаве, для якога мной быў напісаны артыкул на палітычную тэму. Падчас узнагароджання я пазнаёмілася з беларускімі журналістамі, і з іх дапамогай я ўбачыла адрозненне беларускай мовы ад іншых славянскіх. У той момант я ясна зразумела дзве рэчы: я палюбіла гэтую мову і беларускую культуру немагчыма прачуць, не ведаючы яе мовы. Пра моўную сітуацыю я ведала, але мяне гэта не спыніла, а толькі наладзіла на працу: я пачала замаўляць беларускія кнігі, больш мець зносінаў з сябрамі з Беларусі, чытаць творы ў арыгінале. Такім чынам я прыйшла да беларускай мовы.

angela_espinosa_Ангела Эспиноса Руиз

— На твой погляд, праз творчасць якога пісьменніка лепш за ўсё засвойваецца беларуская мова? 

— Паэзія будуецца крыху па іншым прынцыпе, таму я б хацела вылучыць для засваення мовы прозу Караткевіча, Быкава і асабліва Стральцова, пра якога я буду пісаць магістарскую работу.

— Ці суадносіцца вобраз беларускай мовы і беларуса ў тваім уяўленні? 

— На самай справе, у мяне не было канкрэтных уяўленняў. Я была ў Расіі, Польшчы, але я не хацела ствараць пэўныя стэрэатыпы і спадзяванні наконт беларусаў. Сябры хваляваліся, каб я не расчаравалася, але мне ўсё спадабалася.

— Што б ты пажадала людзям, якім застаўся адзін крок да таго, каб размаўляць па- беларуску?

— Ісці наперад! Не спыняцца і не баяцца! Чытаць больш кніг у арыгінале і разумець, што гэта вашы культура і гісторыя.

Іншаземка змагла, а ты зможаш?

Гутарыла Валерыя ЯКАЎЧЫКлера

Вершы са зборніка «Раяль ля мора»:

Горад

Легенда абвяшчае, што дзесьці ёсьць горад,
Восеньню золата і агню,
Дзе зіма разразае паветра, як тысяча нажоў,
Пакідаючы кроплі крыві, зь якіх будуць расьці кветкі
Вясны, якая заўсёды спазьняецца.
Горад, які абмываецца успамінам пра паўночнае мора
Ды старадаўныя сны.
Дзесьці ёсьць горад, дзе трэба прабачаць неба
За ягоную шэрасьць, за шчырасьць.
Горад, куды ўсмешкі ідуць на сьмерць,
Дзе хаваецца каханьне пад белай коўдрай,
А паэзія пад зямлёй.
Горад, які выжыў сто бітваў,
Верхам на першабытным кані.
Горад, дзе, быць можа, жыве той чалавек,
І губляецца сярод сумных, чужых твараў у мэтро,
І адначасова бачыш, і ня бачыш.
Горад, дзе хтосьці знаходзіць шчасьце…
А хтосьці, ну, ня тое, праўда, што шчасьце,
Але вельмі падобнае адчуваньне.
Гэтага дастаткова.

anhela29072-ytzouРаяль ля мора

У гэтую раніцу позьняе вясны, або раньняга лета,
Стаяў раяль на беразе нашага мора.
Хвалі тонка лашчылі ногі фартэпіяна,
Марская пена старалася пераймаць бель слановай косьці.
Ніхто ў рыбацкай вёсцы мог нават уявіць,
Адкуль узяўся прыгожы драўляны раяль,
Які таямніча стаяў на залатым пяску,
Ціхі й грацыёзны, велічны й самотны, ля мора.
Можа, калісьці сыйдзе зь неба на зямлю,
Анёл са спакойнымі, яркімі вачыма,
І зайграе старажытную, даўно забытую мэлёдыю,
Каб сьпяваў у захапленьні той раяль на беразе раю.

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: