Камедыя “Вельмі жанаты таксіст”: як не разарвацца паміж двух адрасоў. Эксперымент тэатра “На балконе”

29 Apr, 2017.

Камедыя "Вельмі жанаты таксіст" для народнага драматычнага студэнцкага тэатра "На балконе" пэўнага кшталту эксперымент, гэта нязвыклы і новы для тэатра жанр. 21 красавіка ішоў другі паказ пастаноўкі. Асаблівы ён быў тым, што тэатр абараняў сваё званне "народны" перад атэстацыйнай камісіяй.

 Па сюжэце ўсё пачынаецца з банальнай выпадковасці. Самы звычайны таксіст з "масавым" імем Джон Сміт (яго іграе Уладзіслаў Наймарк) выратаваў бабульку ад хуліганаў. А тая, пераблытаўшы выратавальніка з нападнікамі, стукнула таксіста сумачкай па галаве. Пасля гэтага, патрапіўшы ў бальніцу з траўмай, Джон выпадкова называе два розныя хатнія адрасы.

Гледачы разумеюць, што гэты Сміт не так ужо просты. Ён дваяжэнец. У адным доме яго чакае Мэры (яе сыграла Дар'я Краснова), з якой ён распісаўся ў мэрыі, у іншым – Барбара (яна ж Паліна Шапавалова), з ёй ён абвянчаўся. Джон строга прытрымваўся графіка наведвання жонак, так што яны за некалькі гадоў нічога не западозрылі.

Джон Сміт з Барбарай

Але правальнае выратаванне бабулі выбівае глебу ў яго з-пад ног. Пасля бальніцы, апынуўшыся дома ў абдымках Мэры, Джон з жахам разумее, што збіўся з графіка і тым часам павінен быў знаходзіцца ў Барбары. Рызыкуючы быць выкрытым, пускаецца ў мудрагелістыя выдумкі. Ён спрабуе выправіць гэту накладку, але з кожнай хвілінай непаразуменне і хлусня лепяцца адно на адно, як снежны камяк. Да таго ж у справу ўжо ўмяшаліся паліцэйскія двух участкаў: інспектар Траўтан (яго грае Ягор Наймарк) і інспектар Партэрхаус (роля Кірыла Міхайловіча).

Інспектар Партэрхаус

Яшчэ агню ў масла падлівае рэпарцёр (ён жа Максім Пачапень) сваім здымкам Джона ў вячэрняй газеце. Тут і там неспадзявана развівае фабулу сусед Барбары – Бобі Франклін (ён жа Дзмітрый Емяльянаў). І ад самых найлепшых жаданняў Джону дапамагае сусед Мэры – Стэнлі Поуні. Гэту ролю выканаў Вадзім Гайдукоўскі, запрошаны акцёр з Новага драматычнага тэатра.

Сусед Мэры – Стэнлі Поуні і сусед Барбары – Бобі Франклін

Акцёры спрытна спраўляюцца з хуткай зменай сітуацый, якія даходзяць часам да абсурду. Жвавасць таксама падтрымлівае выбудаваная прастора, дэкарацыі. Гэта заслуга мастака-пастаноўшчыка Сяргея Кармазіна і мастака па касцюмах Ірыны Бародзіч. Злева – "кватэра Барбары", справа – "дом Мэры". Гэтыя светы сіметрычныя і блізкія. Здаецца, зрабі крок, і ты апынешся там, дзе табе трэба. Аднак адолець гэту адлегласць для галоўнага героя з шэрагу прычын вельмі складана.

Стэнлі Поуні і інспектар Траўтан

Як лічыць рэжысёр-пастаноўшчык Дзмітрый Цішко, камедыя паказвае вострыя характары, яркія персанажы. "Гэты жанр патрабуе хуткага тэмпу на сцэне, унутранай выкладкі энергетыкі. Камедыю сыграць складаней, чым драму, – распавёў Дзмітрый. – Для акцёраў тэатра гэта ў некаторай ступені этап навучання. Даўно хацелася паставіць для дзяцей штосьці новае".

Джон Сміт з Мэры

На дадзены момант у тэатры ідзе праца над спектаклем "Каханне людзей" Дзмітрыя Багаславскага, які, хутчэй за ўсё, будзе прадстаўлены на тэатральным форуме "Куфар". Таксама ў планах паставіць "Ператварэнне" Франца Кафкі.

Атэстацыйная камісія засталася задаволеная "Вельмі жанатым таксістам". Можна лічыць, што званне "народны" тэатр пацвердзіў. Агляд пастаноўкі камісіяй праходзіў у рамках Мінскага гарадскога фэсту народнай творчасці "Сузор'е". Вынікі самага фэсту пакуль не вядомыя. Гэта мерапрыемства накіравана на павышэнне ідэйна-мастацкага ўзроўню і майстэрства аматарскіх калектываў.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

Фота Алега Шапавалава

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *