Used Friendly новыя ўладальнікі галоўнага рокавага “перніка”

13 Dec, 2016.

 Used_ Friendly

Уладальнікі гран-пры фестывалю "Такія пернікі"

Раз у год прыхільнікі рок-музыкі атрымліваюць унікальную магчымасць перахапіць бясплатны пернік і паглядзець выступленні нашых маладых груп. 6 снежня ў клубе "Тытан" адбыўся 13-ы моладзевы музычны фэст "Такія пернікі".

Упраўленне па справах культуры БДУ, сумесна з адміністрацыяй Маскоўскага раёна г. Мінска і музычнай кампаніяй BOOM ізноў даюць магчымасць музыкам, многія з якіх – студэнты ці выпускнікі БДУ – знайсці сваю аўдыторыю, атрымаць прызы, ну і выступіць у прыстойным месцы у рэшце рэшт (жарт, іх усіх ужо ў такія пускалі).

Івэнт быў добры, але, магчыма, арганізатары трохі недапрацавалі. Паводле маёй інфармацыі, сярод студэнтаў былі распаўсюджаныя 2 тысячы запрашальных. Але як, каму і хто іх «распаўсюджваў»? Не было ніякіх аб'яў пра тое, што іх недзе раздаюць, акрамя дробнага шрыфта на афішы. Увогуле, сёлета гледачоў магло было быць значна больш тых трохсот шчасліўчыкаў, якія ўсё-ткі паспыталі жывой музыкі.

dsc_9940

А паглядзець было на што! Вядучыя, у складзе прамяністай Олі Шыбека і дзёрзкага Алега Шчуцкага, задавалі тон вечара, прымушаючы нерашучых музыкаў выконваць, нясмелых гледачоў танчыць, а сціплае журы ацэньваць. А экспертамі выступілі: Сяргей Сальнік (дырыжор аркестра БДУ «21 стагоддзе», мастацкі кіраўнік прадакшн-студыі МДТРК "Мір", удзельнік гуртоў «Маланка аркестра» і «Нагуаль»); Андрэй Бялоў (рэдактар ​​праграмы «Раніца. Студыя добрага настрою» на СТВ); Дзмітрый Цішко (рэжысёр народнага студэнцкага тэатра «На балконе» і нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы); Уладзімір Бельскі (канцэртны менеджэр кампаніі BOOM); Піт Паўлаў (удзельнік гуртоў N.R.M., KRÍWI, «Сястра», Flat).

"Апрыёры"

Гурт "Апрыёры"

Пераходзім да выступленняў. Альт-фатальнаму гурту "Апрыёры" дасталася задача разгайдаць публіку. Хоць інструментальна, мой погляд, гучаў троху няроўна (што цалкам магло быць проста тэхнічнай праблемай), іх музыка і тэксты сапраўды чаплялі, а саліст выглядаў гэтакай драйвовай версіяй “Спліну”. Дыплом за найлепшую песню належыць ім справядліва. Бог ты мой! Планета плача разам з табой! Дарэчы, 25 снежня ў  DoodahKing гурт адзначае канцэртам свой сёмы дзень нараджэння. Выдатная нагода з імі пазнаёміцца, калі вы яшчэ не.

Under_the_Roof

Under the Roof

Under the Roof выйшлі з цвёрдым намерам знесці нашы дахі і забраць іх дахаты.  Гурту ўсяго некалькі месяцаў, таму яны пакуль галоўным чынам спецыялізуюцца на каверах. SmellsLikeTeenSpirit сапраўды страсянула ўсіх (ну тых, каму гэта назва штосьці казала, сапраўды). Зрэшты, іх аўтарскі пост-гранж таксама задае дыхту. Трэцяе месца ў глядацкім галасаванні гэта пацвярджае.

"Рэбус Нялішніх"

"Рэбус Нялішніх"

"Рэбус Нялішніх" узышоў на сцэну як мацёры ветэран, гулец яшчэ з 2008. Журы нават выказала сумневы, што гэтыя хлопцы хоць аддалена падобныя да студэнтаў і могуць выступаць на моладзевым конкурсе. А яны могуць! Хоць і панаракалі, што гледачы ў сярэднім маладзейшыя за іх асноўную аўдыторыю. Іх фанк быў люта актуальным. Напоўніцу асвятліўшы тэму прафілактыкі і барацьбы са СНІДам (якая з'яўляецца для "Пернікаў" традыцыйнай), яны выканалі песню "Зусім ні з кім". Хтосьці (спадзяюся, што не я) не вытрымаў і крыкнуў з залы "Жыза!" пасля яе выканання. Іх басіст, Ян Саладуха, атрымаў свой заслужаны дыплом.

Ocean _Of _My_ Dreams

Ocean Of My Dreams

Калі на сцэну выйшлі Ocean Of My Dreams, я з усіх бакоў пачуў часты перастук. Гэта пачашчана забіліся дзявочыя сэрцы пры выглядзе іх саліста, які на працягу ўсяго выступлення пастрэльваў у залу зарадамі мужчынскай харызмы. Так-так, я ўсё бачыў! Гучанне ў іх годнае, а сыход у іх творчасці ад экстрым-вакалу да мелодык-року асабіста я магу толькі вітаць. Гледачы ацанілі іх другім месцам у галасаванні, а журы асобна вылучыла Алега Таптунова як найлепшага гітарыста гэтага вечара.

"ЧуVство полета"

"ЧуVство полета"

"ЧуVство полета", мабыць, самы тытулаваны гурт на конкурсе. Вось проста як утварыліся ў 2010, так кожны год і траплялі на розныя конкурсы. Здымалі кліпы, удзельнічалі ў адборы на Еўрабачанне, гралі на адной сцэне з "Бі-2". Іх дасягненняў было так шмат, што вядучыя проста страцілі спадзяванне зачытаць іх усё. Кажучы пра іх выступленне, хачу адзначыць, як тонка яны разумеюць запатрабаванні аўдыторыі. Іх павольная песня "Дождж" была на канцэрце адзінай. А музыкі гулялі і спявалі так пранікліва, быццам зазіралі кожнаму ў вочы. Дыплом "За найлепшае выкананне" яны заслужылі.

 Used_ Friendly

Used Friendly

І прыйшоў час Used Friendly. І выйшлі UsedFriendly на сцэну. І было добра. І сказала журы: "Вы наогул агонь. Вось вам за найлепшы вакал, вось вам за найлепшага барабаншчыка, ды і перамаглі таксама вы наогул. А, вы яшчэ і глядацкае галасаванне выйгралі?" Гурт ўтварыўся ўсяго ў 2015, але ўжо глядзіцца як дружная сям'я, дзе ўсе адзін аднаго цэлую вечнасць ведаюць і па-добраму строяць кепікі. Музыка, якую яны характарызуюць як "брудны груўкор" разгайдала ўсіх, хто яшчэ заставаўся недараскачаным. Спяваюць пакуль толькі на англійскай, але абяцалі ў будучыні звярнуцца і да роднай беларускай мовы.

Mission _Jupiter

Mission Jupiter

Абяцанае афішай MINDALEVIDNOETELO (леташняга пераможца) мы не ўбачылі, але калі я пачуў хэдлайнера фэсту Mission Jupiter то зразумеў, што нічога мне, у прынцыпе, ад жыцця больш і не трэба. На найбліжэйшы вечар дык праўда. Раней я не быў знаёмы як з іх творчасцю, так і з кірункам альтэрнатыў-дрым наогул. І вельмі дарма. Вытанчаны вакал, нестандартны саксафон, класны ўзровень музыкаў. Можна проста заплюшчыць вочы і плыць, як па хвалях. Карацей кажучы, вы зразумелі, што я вам рэкамендую.

Усё скончылася, але засталося пачакаць толькі год. Рабіце, што можаце, здабывайце запрашальныя любымі сродкамі, але сюды трэба прыходзіць.

Мікалай ІЗАІТКА

Фота Аляксандра Снапка

Яшчэ больш фота тут

dsc_9955

dsc_0215

dsc_9901

dsc_9842

 

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *