Як жывуць італьянцы? З 12 да 16 у іх “ціхі час” і могуць вызначацца з прафесіяй да 40 гадоў

13 Mar, 2017, усяго праглядаў: 144.

У межах праекта «Магчымасці з БДУ» студэнтка 5 курса факультэта міжнародных адносін Ядзвіга Навуменка распавяла пра сваю стажыроўку ў Італіі.

- Ядзвіга, па якой праграме вы патрапілі на навучанне ў Італію, і на які тэрмін яна была разлічана?

-Праграма называецца Erasmus Mundus. На сёння, наколькі мне вядома, ёй на змену прыйшла іншая праграма акадэмічнай мабільнасці, Erasmus +. Мая праграма была разлічана на паўгода, але можна было падавацца і на год. Мой універсітэт знаходзіўся недалёка ад Рыма, у горадзе Вітэрба (Università degli Studi della Tuscia).

-Распавядзіце падрабязней, з чаго ўсё пачыналася?

-Пра падобныя праграмы мне было вядома яшчэ з першага курса. Аднак у той момант падаваць заяву была яшчэ рана (для стажыроўкі неабходныя прынамсі два семестры навучання), рыхтаваць дакументаў я стала на другім курсе. На сайце ўпраўлення міжнародных сувязяў можна было знайсці ўсю інфармацыю, даведацца пра кожны ўніверсітэт; карысным быў сход, на якім супрацоўнікі УМС давалі падрабязную інфармацыю пра неабходныя дакументы і пра тое, на што варта звярнуць увагу пры іх зборы і складанні.

-Чаму Вы абралі Італію як краіну для стажыроўкі?

-Мне здаецца, Італія – краіна, якая мала каго можа пакінуць абыякавым. Больш за тое, на другім курсе я стала вывучаць італьянскую мову ва ўніверсітэце. Таму ўзнікла велізарнае жаданне пазнаць жыццё гэтай краіны знутры, убачыць на свае вочы яе неверагодную прыроду, архітэктуру, хацелася параўнаць нашу сістэму адукацыі і замежную, ну і, вядома, палепшыць веданне італьянскай мовы.

-Вы падарожнічалі падчас вучобы?

-Вучоба ва ўніверсітэце, у якім я праходзіла стажыроўку, пачыналася ў кастрычніку. Да снежня (зрэшты, як і ў нас) даводзілася шмат вучыцца. Да сакавіка мы рыхтаваліся здаваць тры-чатыры іспыты, а ў астатні час можна было займацца чым заўгодна. Я і іншыя ўдзельнікі праграмы імкнуліся ўбачыць у Італіі як мага больш. Прадстаўнікі боку, які нас прымаў, самі часцяком ладзілі выдатныя паездкі ў Рым, Неапаль, Амальфі, Геную, Падую і іншыя гарады. Што да Рыма, то туды мы ездзілі амаль кожныя выхадныя па атмасферу вялікага горада, бо Вітэрба – горад невялікі і спакойны.

Універсітэт у горадзе Вітэрба (Università degli Studi della Tuscia)

Універсітэт у горадзе Вітэрба (Università degli Studi della Tuscia)

-Якія рэкамендацыі, што могуць істотна палегчыць падрыхтоўку і знаходжанне ў іншай краіне, вы можаце даць нашым студэнтам?

-Для таго, каб добра падрыхтавацца, неабходна пачынаць падрыхтоўку загадзя. Многія мае знаёмыя не змаглі паехаць па праграме, таму што позна сталі збіраць дакументы і не паспелі іх аформіць. Яшчэ, на мой погляд, трэба больш кантактаваць з тымі людзьмі, хто ўжо ездзіў па падобнай праграме. Яны могуць даць каштоўныя парады па афармленні дакументаў і па знаходжанні ў іншай краіне. Мне, на жаль, не пашанцавала: мая праграма была адкрыта першы год і мне не з кім было параіцца. Затое ў наступным годзе ўжо я дапамагала іншым студэнтам, і некаторыя з іх паспяхова адправіліся на стажыроўку ў Італію. Так што мая парада – не саромецца задаваць шмат пытанняў, гэта можа надзвычай дапамагчы.

-Якія дакументы патрэбныя на першым этапе?

-Неабходна аформіць візу, і гэта можа стварыць нямала хваляванняў. Пакет дакументаў для атрымання візы студэнтам Erasmus невялікі (не трэба банкаўскіх гарантый, толькі даведка пра месца вучобы, пашпарт, квіткі на самалёт і запрашэнне ад арганізатара), аднак супрацоўнікі пасольства заўсёды доўга і старанна правяраюць дакументы, таму да моманту атрымання візы я вельмі перажывала, ці ўсё ў парадку.

Арганізатары  Erasmus Mundus самі афармляюць для вас страхоўку і набываюць квіткі. Ваша задача – іх захаваць і мець пры сабе. Пасля прыбыцця ў Італію неабходна на працягу 8 дзён аформіць permesso di soggiorno (від на жыхарства). У мяне ні разу не спыталі гэты дакумент ні ў адной установе, ні на адной з межаў. Але правілы ёсць правілы, іх трэба выконваць.

-Хто вам дапамагаў?

-Супрацоўнікі офіса Erasmus майго ўніверсітэта былі не проста тымі людзьмі, хто дапамагаў аформіць дакументы. За ўвесь час мы выдатна пасябравалі з многімі з іх, ездзілі ў сумесныя паездкі (пра якія я казала), часам проста сустракаліся, каб выпіць кубачак кавы. Так што атмасфера ў нас была, можна сказаць, сямейная. Дапамагалі і людзі, якія пасля сталі маімі сябрамі. Галоўным чынам, гэта армяне, грузіны, расіяне і ўкраінцы. Былі сярод іх і італьянцы.

-Як жывуць італьянцы?

-Яны не падобныя да нас. У інтэрнаце, у якім я жыла, сярэдні ўзрост студэнтаў быў каля 26 гадоў. Спачатку мяне гэта дзівіла. А іх дзівіла тое, што я вучуся ўжо на трэцім курсе, а не разважаю некалькі гадоў пра тое, кім я сябе бачу ў будучыні. Італьянцы – людзі вельмі гультаяватыя і расслабленыя. У горадзе, дзе я жыла, яны пачыналі працаваць у 9, а з 12 да 16 наставала "ціхая гадзіна". На ўніверсітэцкіх занятках гэта не адлюстроўвалася, але сам горад быццам выміраў тым часам. Працоўны дзень доўжыцца да васьмі вечара. Потым працуюць толькі бары. Чалавека з нашай краіны гэта дзівіць, нават злуе. Потым прывыкаеш. Шчыра сказаць, я зараз вельмі сумую па гэтым. Італьянцы нікуды не спяшаюцца, яны могуць вызначацца з будучай прафесіяй і жыццём да сарака гадоў, а могуць наогул не вызначыцца. Для нас гэта дзіўна.

-Ці ёсць розніца ў адукацыйным працэсе, ці адрозніваецца ад нашай сістэмы адукацыі?

-Вучыцца ў дзяржаўным універсітэце Італіі (пра прыватныя нічога сказаць не магу) адначасова і прасцей і складаней. Прасцей, таму што няма спісу наведвальнасці, калі ты з нейкіх прычын не прыйшоў на адну-дзве-дзесяць лекцый, цябе гэтым ніхто не папракне ў канцы семестра. Прасцей, таму што выкладчыкі вельмі мабільныя. З імі можна перапісвацца, яны могуць запрасіць цябе на каву абмеркаваць пытанне, якое цябе цікавіць, ці нават проста распытацца пра тваю краіну. Гэта вельмі дэмакратычна. Аднак ёсць і цяжкасці. Нягледзячы на тое, што колькасць прадметаў у семестры рэдка перавышае 4, гэта вельмі аб'ёмныя дысцыпліны. На іспыце няма квіткоў, цябе пытаюць па ўсім пройдзеным матэрыяле ад пачатку да канца. Немагчыма "вывучыць пару квіткоў". Затое я дагэтуль памятаю абсалютна ўсё тое, што я вывучыла ў Італіі, і гэтыя веды моцна дапамагаюць мне дома.

-Што можна было б дадаць у нашу сістэму адукацыі?

-Думаю, што ў нашу сістэму адукацыі можна дадаць пэўны працэнт прадметаў "на выбар". Аслабіць кантроль над студэнтамі. Мне здаецца, вышэйшая адукацыя павінна быць пабудавана пераважна на саманавучанні. Выкладчык сапраўды можа і павінен дапамагчы, растлумачыць і скіраваць. Але на дадзены момант навучанне ў беларускай ВНУ больш нагадвае школу. Саманавучанне павінна развіваць у студэнце здольнасць думаць аналітычна, самастойна.

-Ядзвіга, як Вы думаеце, якая асноўная мэта стажыровак за мяжу нашых студэнтаў?

-Падцягнуць (вывучыць) мову. Пазнаёміцца з культурай краіны. Абзавесціся новымі знаёмствамі і ўбачыць свет.

-Ці была дасягнута Ваша мэта за час стажыроўкі?

-Мне ўдалося палепшыць сваю італьянскую мову з a2 да b2 і нават атрымаць бестэрміновы сертыфікат. Магу яшчэ сказаць, што пасля свайго італьянскага досведу я навучылася "вучыцца" і падыходзіць да вывучэння матэрыялу глыбей і з розных пунктаў гледжання. Думаю, мне гэта дапаможа і ў будучай прафесійнай дзейнасці.

-Што для вас БДУ?

-БДУ – гэта ўніверсітэт, у якім я заканчваю атрыманне сваёй першай вышэйшай адукацыі. БДУ даў мне тую базу, ад якой я змагу адштурхоўвацца ў далейшым. Я вельмі ўдзячная свайму ўніверсітэту за магчымасць паўдзельнічаць у праграме Erasmus Mundus, за магчымасць вывучэння дзвюх замежных моў і за мноства цікавых мерапрыемстваў, у якіх я прыняла ўдзел.

Кацярына ШЭЙКО

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *