Уся праўда пра “Брыганціну”. Чаму туды імкнуцца дзеці

28 Jul, 2017.

Добра, калі ў сям’і з’яўляюцца добрыя традыцыі і высокія мэты. Адной з іх у вялікай дружнай сям’і БДУ стаў спартыўна-аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў летні час. Куды з велізарным задавальненнем імкнецца трапіць кожнае дзіця, нават калі там прыходзіцца вучыцца.

САК «Брыганціна» размешчаны за 7 км ад г.п. Радашковічы (Маладзечанскі р.), за 45 км ад Мінска ў лясным маляўнічым масіве на беразе штучнага возера, ва ўрочышчы ракі Удра.

Дзіцячы аздараўленчы лагер працуе ў тры змены, прычым 3-я – навукова-даследчая, у якую трапляюць адораныя навучэнцы. Уласна, усю праўду пра “Брыгу” мы можам даведацца ў саміх дзяцей. Трэці атрад, 8 клас (14 гадоў).

Сабіна Сідаровіч

— Сабіна, раскажы, адкуль ты і чаму ты цяпер тут?

— Я з Мінска, вучуся ў чацвёртай гімназіі. Сюды прыехала не ў першы раз, таму што мне тут вельмі атмасфера падабаецца, гэта самая цікавая змена. У мяне з’яўляецца вельмі шмат знаёмых, з якімі мы сябруем і пасля лагера. Да таго ж я заўсёды сустракаю тут старых знаёмых. Тут вельмі шмат разумных дзяцей. Самыя лепшыя дзеці на ўсім белым свеце!

— Які ты кірунак абрала і для чаго?

— Я абрала фізіку, таму што для мяне яна цікавейшая за матэматыку. Не ведаю дакладна, кім хачу стаць, магчыма, нанаінжынерам. У любым выпадку, выкладанне прадметаў у “Брызе” вельмі адрозніваецца ад гімназіі і дае магчымасць лепш разабрацца ў пройдзеным матэрыяле альбо атрымаць добры зачын ведаў на будучы год.

Аліса Гужова з Масквы

— Аліса, як ты трапіла сюды з Масквы?

— Я там вучуся ў ліцэі другой школы, адной з самых лепшых школ Масквы. У лагерах такога тыпу я не ў першы раз і нічога асаблівага ад змены не чакала. У кожнага лагера свая атмасфера, ты ў яе трапляеш і жывеш у ёй. Але ў “Брызе” ёсць асаблівасці, да прыкладу, ранішнія лінёркі. Гэта крута, калі ты з раніцы ведаеш свой графік на дзень. Выкладчыкі цікавыя. Хтосьці чытае лекцыі, а хтосьці дае задачы. І калі ў нас не атрымліваецца, яны кажуць: «Верце ў сябе і не думайце, што гэта дрэнны адказ!)» У наступным годзе абавязкова паспрабую прыехаць.

Саша Палякоўскі

— Саша, якім ветрам цябе сюды занесла?)

— Браслаўскім!) Пераможца раённай браслаўскай алімпіяды па матэматыцы. Вучуся ў школе нумар адзін. І вядома, мне тут вельмі падабаецца, асабліва ўзровень выкладання. З-за таго, што вучобы не так шмат, як у звычайны час, і яна камбінуецца з іншымі відамі дзейнасці, увесь працэс даецца лёгка і з настроем.

— Нешта ўсё пра вучобу атрымліваецца, а спорт у лагеры прысутнічае ці іншыя лагерныя забавы? Няўжо і пастай нікога не мажуць?

— Вядома, спорту вельмі шмат: плаванне, футбол, тэніс, валейбол. Ды і без пасты не абыходзіцца) Ладна паста, часам і ручка з маркерам ў ход ідуць)

Андрэй Шыраканаў

— Андрэй Юр’евіч, а чаму Вас тут па імі па бацьку? Адкуль Вы такі важны?

— Я з Мінска, з 41-й гімназіі. З асяроддзя матываваных дзяцей, якія рвуцца па веды. Наша задача не толькі добра вучыцца, але і ўдзельнічаць у алімпіядах. Тут разбіраюцца задачы рэспубліканскага ўзроўню алімпіяд, і гэта нам проста неабходна. Я тут ужо трэці раз. Вельмі добрыя важатыя, увесь час нешта новае. Да таго ж у “Брызе” сябры –гэта назаўсёды! Вельмі лёгка знаёмішся і потым нясеш праз жыццё. Ды і наогул весела: важацкі канцэрт і апошняя дыскатэка незабыўныя.

— Скажы, а любімы важаты ў цябе ёсць?

— У мяне шмат любімых) Павел Алегавіч, Ірына Юр’еўна, Юлія Сяргееўна, Аляксандр Віктаравіч. Але самыя лепшыя – важатыя нашага трэцяга атрада. Яны заўсёды разумеюць і падтрымліваюць цябе. Я хачу пажадаць усім, хто яшчэ не ў гэтым лагеры, каб яны вучыліся, дасягалі поспехаў і далучаліся да нас, каб расці над сабой і ўдасканальваць свае веды.

А што нам раскажуць бацькі? Як усё гэта адбываецца на самай справе?

Наталля Шуляк

— Наталля, скажыце праўду, вы настаялі, каб сын на матзмену паехаў?

— Рашэнне прыехаць у лагер прымаў сам сын і вельмі чакаў гэтай паездкі. Ён вучыцца ў Бараўлянскай гімназіі. Сёлета атрымаў дыплом трэцяй ступені на вобласці па матэматыцы. Звычайна ён ездзіў у “Зубраня”, але зараз вырашыў паспрабаваць “Брыганціну”. Застаўся вельмі задаволены. Спадабалася больш. Я за яго рада і хачу пажадаць усім навучэнцам поспеху, добрых сяброў і выдатнага настрою.

Котавы Ірына, Валянціна і Вольга

— Ірына Мікалаеўна, не сорамна вам дзяцей летам прымушаць вучыцца?

— Валянціна ездзіць у “Брыганціну” ўжо сёмы год і заўсёды з вялікім задавальненнем. Воля першы год, але таксама вельмі задаволеная. Мноства мерапрыемстваў. Вучоба праходзіць лёгка і цікава. Кормяць смачна. Супер! Вельмі добры лагер, вельмі добры выкладчыцкі склад, усе важатыя – дзеці шчаслівыя. Сама прыязджаю на канцэрты, вельмі ўражвае, да мурашак. Выдатна! Гэта, вядома ж, і адміністрацыя і кіраўніцтва. Дзякуй ім за цудоўную арганізацыю. Дзеці едуць у лагер, як да сябе дадому. Крута!

Цікава пагутарыць з важатымі. Што гэтых гераічных людзей прымушае ісці на подзвігі ў летні час ціхамірнага адпачынку?

Юлія Ярашэня

— Юлія Сяргееўна, што трэба, каб трапіць важатым у “Брыганціну”?

— Я не толькі важаты, але і выкладчык. Я вучылася на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, вяла актыўнае студэнцкае жыццё і ўдзельнічала ў даследчай дзейнасці. Я сама школьніцай ездзіла ў гэты лагер тройчы, таму звярнулася да Барыса Валянцінавіча з просьбай, і ён падтрымаў. Цікава працаваць з інтэлектуальнымі дзецьмі, яны больш дарослыя, свядомыя. У мяне наогул самыя лепшыя дзеці: добрыя, мілыя, разумныя, цікавыя, спагадлівыя і развітыя ва ўсіх сферах.

Ірына Шэўко

— Баюся выказаць здагадку, што вы таксама не толькі важаты, але і выкладчык)

— Так. Я працую ў “Юніцэнтры” ў Барыса Валянцінавіча. Таму я і тут вяду заняткі і курырую навукова-практычную канферэнцыю. Але ў нас не толькі вучоба, у іх вельмі шмат талентаў і спорт у тым ліку. Амаль кожны дзень праводзяцца гульні і спаборніцтвы паміж атрадамі, канцэрты, фестываль мастацтваў. Я другі год прыязджаю, важацкі склад той жа. А з хлопцамі і дзяўчатмі мы ладзім атрадныя сустрэчы і пасля лагера ўжо ў Мінску.

Валерый Калянчук

— Валерый Мікалаевіч, што Вас прымушае займацца дзецьмі?

— Я ў гэтай школе працую ўжо 16 гадоў, з іх 12 гадоў у “Брыганціне”. Дзеці тут разумныя і таленавітыя. Неяк быў выпадак. Мы толькі сюды пераехалі. Ціхая гадзіна. На лесвіцы сустракаю двух дзяўчат баявой размалёўкі, ціхенька крадуцца да нашых хлопцаў. Я пытаюся: «Вы куды? Адпачываць трэба, нельга. Да таго ж хлопчыкі зараз на лекцыі па фізіцы». Яны, вядома, не паверылі. Прыйшлося завесці, паказаць. Бачылі б вы іх твары, калі яны ў ліпені глядзелі з-за кута , як займаюцца хлопцы, і выкладчыка, які выпісвае на дошцы зубаскрышальную формулу. Гэта цяжка забыць.

Тамара Махнач

— Тамара Усеваладаўна, Вы сімвал лагера, а герояў павінны ведаць у твар. Колькі гадоў Вы ўжо на гэтай ніве?

— Вось ўжо чатырнаццаты сезон. Педагог-арганізатар спартыўна-аздараўленчага комплексу “Брыганціна”. Гэта сорак другая змена.

— Г. зн. кожнае лета ўсе тры змены Вы тут. Як вы вытрымліваеце? Дзе сілы бераце?

— У дзяцей. Кожны раз прыязджаюць новыя дзеці з новымі эмоцыямі і ідэямі. Ёсць вельмі добры верш пра важатага, дзе ў апошніх радках ён клянецца, што больш ніколі не пойдзе працаваць важатым. Але змена прыходзіць, і ён становіцца ў строй. Так і мы. Хлопцы прыязджаюць, чакаюць ад цябе пазітыву і новых уражанняў, а ты іх падмануць, расчараваць не маеш права. Мы жывем, пакуль рухаемся.

— Я ведаю, што Вы працуеце з усімі ўзростамі. А з якім складаней за ўсё?

-У кожным узросце ёсць свае мінусы і плюсы. Малыя – гэта тыя, хто вельмі хутка адбіваюцца, кладуцца спаць, але чамусьці вельмі хутка ўстаюць. Сярэднім здаецца, што яны дарослыя, але ўсё яшчэ глядзяць табе ў рот. Вельмі шкодлівыя. Самыя складаныя. Ну а са старэйшымі трэба знайсці агульную мову і тады ўсё атрымаецца.

— Скажыце, а змены простая і матэматычная адрозніваюцца? Вось калі па дзецях меркаваць.

— Іх нельга нават параўноўваць. І ў простай змене дзеці прыязджаюць і прывозяць з сабой заданні, самі выконваюць іх. Мэты ў дзяцей розныя. Проста ў матэматычнай змене дзеці настроеныя не толькі на адпачынак, але і на вучобу. Мы да абеду іх не бачым. Вельмі цяжка перабудоўвацца. Таму што ў звычайнай змене ты ўвесь час з дзецьмі з раніцы да ночы. Спорт, гурткі, рэпетыцыі. А прыязджаюць фізікі, інфарматыкі, астраномы, матэматыкі, псіхолагі, і разумееш, што дзесяць гадзін – і дзяцей не стала. І толькі да абеду яны выпаўзаюць са сваіх аўдыторый. Але гэта не замінае ім ўдзельнічаць у канцэртах, спаборніцтвах і гэтак далей напоўніцу.

— Тамара Усеваладаўна, ці трэба праходзіць нейкі адмысловы адбор, каб трапіць да вас у “Брыганціну” выхавальнікам?

— Ніколі ў жыцці ты не зразумееш чалавека, пакуль не ўбачыш яго ў працы з дзецьмі. Адзін час у нас быў сур’ёзны адбор. Патрабавалі педагагічную адукацыю. Цяпер прыходзяць са студэнцкіх атрадаў праз БРСМ БДУ. І паверце мне, калі ў цябе ляжыць душа да дзяцей, то і з юрыдычнага, і з факультэта журналістыкі могуць быць выдатнымі выхавальнікамі. Галоўнае, каб дзеці іх любілі і яны любілі дзяцей.

Дырэктар аздараўленчага спартыўнага комплексу «Брыганціна» БДУ Уладзімір Палякоў

— Уладзімір Аляксандравіч, раскажыце пра свой лагер, калі ласка.

— Лагер існуе ўжо больш за трыццаць гадоў. У 1985 годзе прынялі першых наведнікаў. Тады лагер належаў Мінскай птушкафабрыцы імя Н. К. Крупскай. Было 12 атрадаў. Працавала тры спальныя карпусы. І больш за 500 дзяцей адпачывалі кожную змену. Змены былі доўгія, па 24 дні. Раней не было абмежаванняў на адпачынак, таму адны і тыя ж дзеці маглі адпачываць цэлае лета. У нас ужо шмат выпускнікоў, якія прывозяць да нас адпачываць сваіх дзяцей.

У нашай краіне лагер займае лідзіруючую пазіцыю. У 2016 годзе мы занялі першае месца на конкурсе ў “Зубраняці” як найлепшы педкалектыў. Сёлета роўна 15 гадоў, як мы ўвайшлі ў склад БДУ, і калектыў работнікаў на сёння склаўся менавіта з гэтага моманту далучэння да ўніверсітэта. І роўна 30 гадоў у гэтым годзе было маёй працоўнай дзейнасці ў “Брыганціне”.

Асноўны прынцып працы нашага калектыву: дзеці ўвесь час павінны быць занятыя. Таму ў нас вельмі шмат гурткоў, спартыўных секцый і г. д. кожнаму дзіцяці па інтарэсах. Дзеці вяртаюцца да нас з году ў год, а гэта паказчык.

— Ці адрозніваюцца змены простая і матэматычная, на Ваш погляд?

— Я вам скажу па дзецях. На звычайнай змене адно і тое ж дзіця за дзень можа павітацца з табой дзесяць разоў. А на профільнай змене дзіця можа ісці насустрач і не заўважыць цябе. У іх у галаве нешта ўвесь час пракручваецца. І дзеці на гэтай змене сталейшыя. Вядома, змена гэтая вельмі своеасаблівая і цікавая. Мы доўга думалі, як упісаць навучанне ў звычайны адпачынак, і прыйшлі да таго, што камбінаваць змены нельга, школу трэба вылучаць асобна. На сёння вельмі вялікі конкурс на фізіка-матэматычную змену. Дзеці ўсе матываваныя. Гэта не проста – наведваць лекцыі ў летні час, рыхтаваць і абараняць даклады, прычым на годным узроўні. Да таго ж, навучанне ў іх разводзіцца баталіямі ў басейне, на спартпляцоўках, нават шахматны турнір рэспубліканскага значэння ў нас праводзіцца імя выкладчыка, якога, на жаль, няма ў жывых, Вільчынскага. Ну а канцэрты, вы бачылі, годныя яркія нумары. Зараз у адказ на дзіцячы канцэрт мы рыхтуем важацкі канцэрт. Таму што нашы педагогі таксама вельмі таленавітыя, і ёсць чым падзяліцца.

— Скажыце, а што б хацелася палепшыць, якія перспектывы развіцця ў “Брыгі”?

— Вядома, трыццаць два гады без капітальнага рамонту. Хацелася б абнавіць начынне корпуса, тэрыторыю. Але я разумею, што мы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, бюджэтная арганізацыя, і не заўсёды ёсць магчымасць прафінансаваць, хоць з боку рэктарата ёсць поўнае разуменне. Вядома, з кожным годам колькасць ахвотных трапіць у “Брыганціну” расце, і калі б адрамантаваць яшчэ і першы спальны корпус, які стаяў нерухома яшчэ і да пераходу ў БДУ, то было б вельмі добра.

Дарэчы, і ў міжсезонне мы прымаем шмат студэнцкіх мерапрыемстваў, якія арганізоўвае БДУ і іншыя ВНУ горада Мінска. Праводзім разнастайныя семінары, сімпозіумы, спартакіяды. Хацелася б зарабляць грошы і не быць клопатам для ўніверсітэта.

Велізарнае жаданне, каб “Брыганціна” квітнела і людзі, якія прыязджаюць да нас, і кіраўніцтва ўніверсітэта ганарыліся тым, што спартыўна-аздараўленчы комплекс БДУ «Брыганціна» з’яўляецца флагманам у галіне аздараўлення дзяцей.

Барыс Задворны, намеснік дэкана факультэта матэматыкі і прыкладной інфарматыкі па прафарыентацыі і дадатковай адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, дырэктар навукова-даследчага і вучэбна-метадычнага цэнтра выкладчыкаў і навучэнцаў «Юніцэнтр XXІ».

Барыс Валянцінавіч, як працуе Ваша школа? І якія мэты яна перад сабой ставіць?

— Калі коратка, «Юніцэнтр XXІ» займаецца дадатковай адукацыяй школьнікаў з пятага па адзінаццаты клас. Колькасць школьнікаў, якія навучаюцца ў нас, расце даволі хуткімі тэмпамі. На сёння іх каля 800 чалавек. На працягу года хлопцы могуць удзельнічаць у рознага роду алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях, спаборніцтвах, турнірах гарадоў і г. д. Гэта дазваляе ім адразу ж ацаніць узровень сваёй падрыхтоўкі. Па плане такіх мерапрыемстваў больш за сорак на год. На гарадской алімпіядзе па матэматыцы ў горадзе Мінску траціну дыпломаў бяруць нашы хлопцы. Каманда горада Мінска, якая едзе на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды (22-23 чалавекі за апошнія два гады), на 95 % складаецца з хлопцаў і дзяўчат сорак першай гімназіі і нашых навучэнцаў. І яны прывозяць амаль 100 % дыпломаў. Гэта паказчык. Лагічным завяршэннем навучання за год з’яўляецца Рэспубліканская летняя навукова-даследчая школа вучняў і настаўнікаў на базе САК “Брыганціна” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І тыя, хто мае дасягненні ў галіне матэматыкі, фізікі, астраноміі, робататэхнікі, інфарматыкі на міжнародным, рэспубліканскім, абласным, гарадскім, раённым узроўнях, трапляюць у нашу летнюю школу. У гэтым годзе было каля 400 заяў, а прыехалі толькі 293 школьнікі.

— Складана, напэўна, дзецям столькі займацца?

— Мы, вядома, да гэтага паступова прыходзілі. Першыя нашы дзевяць школ былі пад Віцебскам у пасёлку Лужасна. Там была іншая сістэма арганізацыі лагеры. Прыязджалі настаўнікі са сваіх школ, прывозячы з сабой сваіх вучняў. Была не атрадавая, а рэгіянальная сістэма. Гэта, вядома, шыкоўна, калі на канферэнцыі будуць рабіць даклад хлопцы з Мінска, Віцебска і Кобрына.

У рамках нашай школы мадэлюецца ўвесь працэс навуковай творчасці. Навучэнцы праводзяць даследаванні з педагогамі, наведваюць заняткі, у тым ліку факультатыўныя і дадатковыя. Завяршаецца гэта ўсё для старэйшых класаў навуковымі канферэнцыямі, а для 5-7 – алімпіядамі. Г. зн. нашы трыста дзяцей робяць каля ста дакладаў.

Выдатна, што наша дзейнасць цікавая калегам і школьнікам з іншых краін. Дзесяць гадоў да нас прыязджаюць з Растоўскай вобласці, прыязджалі школьнікі з Францыі. Я планую запрасіць і румынскіх, нямецкіх школьнікаў таксама. Калі прыязджалі французы, заняткі вяліся нашымі выкладчыкамі на англійскай мове, і нават нашы з вялікім задавальненнем іх наведвалі. Таму што дадаткова да ведаў яны яшчэ набывалі моўную практыку, што проста неабходна ў далейшым для ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях. Сёлета ў нас былі балгарскія калегі, выкладчыкі з Маскоўскай вышэйшай школы эканомікі і хлопцы з ліцэя «Другая школа» таксама з Масквы.

Вядома ж, мы дзелімся вопытам і з іншымі лагерамі. 19 ліпеня быў семінар, куды мы запрашалі калег і ўзнімалі пытанні ўзаемасувязі лагераў рэгіянальнага, раённага, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў.

— Усе вашы навучэнцы стануць навукоўцамі? Такая ідэя праекта?

— Не абавязкова яны ўсе будуць навукай займацца. Мы не ставім гэтай мэты. Для Беларусі нам не трэба 100 або 300 навукоўцаў навукоўцаў кожны год па матэматыцы. Але з нашымі тэмпамі прагрэсу ва ўсіх галінах павінны быць адукаваныя спецыялісты, якія ўмеюць абыходзіцца з камп’ютарнай тэхнікай. А гэта асаблівы тып мыслення.

Дзеці сюды рвуцца, і вядома, нам вельмі неабходны быў бы яшчэ адзін корпус. Таму што сам лагер, калі будаваўся, не меркаваў прыёму школьнікаў у зімовы час з разлікам на навучанне. Таму, вядома, аўдыторый не хапае, але ў добрае надвор’е мы займаем усе магчымыя холы, балконы, альтанкі. Галоўнае, што дзецям падабаецца.

“Брыганціна” – гэта той рэдкі выпадак, калі ў рэкламе не маюць патрэбы. Найлепшая рэклама – гэта шчырыя цёплыя водгукі бацькоў на адрас выкладчыкаў, важатых і тых людзей, якія арганізоўваюць гэтае свята жыцця і нясуць адказнасць, і якім яны давяраюць сваё дзіця.

— Добры дзень! Дазвольце выказаць вялікую падзяку ўсяму калектыву выдатнай Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў на базе САК «Брыганціна»! Ваша каманда сапраўды вартая захаплення. Праграма летніка – гэта не проста летнія ўрокі матэматыкі, а перш за ўсё час пазітыўнай і ўдумлівай працы і набыцця новых навыкаў.

Першы раз наша дачка ехала ў лагер і, прызнацц шчыра, мы вельмі перажывалі ўсёй сям’ёй. На шчасце, яна хутка асвоілася і адмовілася вяртацца ў Мінск, нават калі прыхварэла. Трэці дзень яна дома і ўсё яшчэ дзеліцца з намі сваімі ўражаннямі. Мы пачулі шмат добрых слоў пра важатых, а асабліва дачка адзначае Юлію Антонаўну і Сяргея Валер’евіча як самых добрых і вясёлых.

Але самым вялікім плюсам стала тое, што, прыехаўшы дадому, наша дзяўчынка з энтузіязмам стала займацца рашэннем задач, тлумачачы гэта тым, што абавязкова хоча патрапіць у ваш лагер у наступным годзе, а без поспехаў у матэматыцы гэта будзе зрабіць нельга.

З павагай, мама і тата Юліяны Лабушавай (6 атрад, 3 змена)

Таццяна БАГАМАЗАВА

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: