Сустрэча пакаленняў: 100 гадоў ВЛКСМ адзначаюць у БДУ

23 Oct, 2018.

Анатоль Тозік, Пётр Брыгадзін, Уладзімір Навумовіч

Можна па-рознаму ставіцца да ідэалаў мінулага, але той факт, што справы камсамольцаў захаваліся ў гісторыі Беларусі і канкрэтна нашага ўніверсітэта, адмаўляць нельга. Гісторыя камсамола – гэта наша гісторыя.

"Камсамол – мой лёс"! Так мог сказаць пра сябе любой з гасцей сустрэчы, прысвечанай 100-годдзю Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, якая прайшла 22 кастрычніка на факультэце філасофіі і сацыяльных навук і была арганізаваная камітэтам БРСМ БДУ. У постсавецкія гады жыццё былых актывістаў і лідараў камітэта склалася па-рознаму, але 100-гадовы юбілей камсамола зноў сабраў іх разам.

Сустрэча пакаленняў прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу пад назвай "Камсамол. Традыцыі. Будучыня".

З задавальненннем прынялі ўдзел у дадзеным мерапрыемстве дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоль Тозік, у мінулым пасол Беларусі ў КНР, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі; дырэктар Інстытута бізнесу Пётр Брыгадзін, у мінулым міністр адукацыі Беларусі, першы прарэктар БДУ; дацэнт філалагічнага факультэта, празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Навумовіч. У свой час яны былі сакратарамі камітэта камсамола БДУ – лідарамі моладзі нашага ўніверсітэта.

А маладое пакаленне на сустрэчы годна прадстаўлялі актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – спадкаемца найлепшых традыцый ВЛКСМ. Па іх словах, для іх вельмі каштоўнае знаёмства з людзьмі, якія так шмат зрабілі для арганізацыі, нашага ўніверсітэта, краіны. "І самае галоўнае тое, што "старэйшыя таварышы" па камсамоле вядуць актыўны лад жыцця, поўныя запалу і аптымізму, шануюць свае сяброўскія сувязі. Гэта годны прыклад для моладзі", – падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы актывісты БРСМ.

Размова пачалася з чытання Уладзімірам Навумовічам верша.

Нам, цяперашнім, вельмі цікава, чым запомніліся камсамольскія гады тым, хто яшчэ зусім нядаўна зваў сябе: "Я – камсамолец". Менавіта пра гэта нам і распавялі лідары камсамольскага руху нашага ўніверсітэта. "Досвед камсамола нельга так проста перанесці ў сучаснае жыццё. У той час была адна адзіная арганізацыя, як, увогуле, і адна партыя. Зараз жа іншыя ўмовы: мадэль сучасная выглядае зусім па-іншаму".

Ці патрэбны нам досвед ВЛКСМ? Гэта адно з галоўных пытанняў, закранутых на мерапрыемстве. " Бясспрэчна, патрэбны! Бо новае – гэта добра забытае старое", – адказвае на пастаўленае пытанне адзін з былых сакратароў камітэта камсамола БДУ. Сапраўды, бо нават у сучасных моладзевых аб'яднаннях мы можам убачыць рысы ВЛКСМ, асаблівасці, яму ўласцівыя. "Цяпер у моладзевых арганізацыях ёсць свая структура, ёсць свой статут. Гэта ўсё ўзята адтуль і сюды ўкладзена".

У цэнтры: Кастусь Андрусевіч

Сакратар камітэта БРСМ БДУ Кастусь Андрусевіч адзначыў: "Сучасная моладзь максімальна мабільная. Цяперашнія ўмовы, у якіх мы ўзаемадзейнічаем з маладымі людзьмі, таксама мабільныя і імкліва развіваюцца. Напэўна, у гэтым наша адрозненне ад камсамола. Але мы з вялікім імпэтам і годна працягваем традыцыі студатрадаўскага руху БДУ, развіваем добраахвотніцкую дзейнасць, клапоцімся пра ветэранаў вайны і працы, пажылых людзях. Праводзім спартыўныя і турысцкія злёты, паходы. Падтрымліваем і развіваем таленты нашай моладзі, штогод праводзім універсітэцкія буйныя праекты, якія цікавыя студэнцкай моладзі – пасродкам разнастайнай дзейнасці выхоўваем і развіваем патрыятызм моладзі БДУ. Мы ўдзячныя нашым папярэднікам за тое, што маем сёння".

Таксама падчас дыялогу былі атрыманы адказы і на іншыя пытанні, запрошаныя госці змаглі падзяліцца цікавымі гісторыямі пра сваё камсамольскае студэнцтва, пагутарыць з цяперашнім пакаленнем, падзяліцца досведам і сваімі ідэямі пра развіццё моладзевага руху БДУ. Хвалюючыя ўспаміны – яркае сведчанне таго, што ў жыцці заўсёды ёсць месца і час для вялікіх, важных і карысных спраў.

Для адных юбілей ВЛКСМ – гэта настальгія па маладосці. Для іншых – надзея на найлепшую будучыню. І ўсіх мы віншуем са 100-гадовым юбілеем моладзевага руху!

Ульяна БЫЧКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: