Verba magistri. Як падрыхтаваць рэдкага спецыяліста? Вольга Пракапчук у праекце «Новы погляд» [+cлайды і відэа]

22 Mar, 2019.

Загадчыца кафедры класічнай філалогіі Вольга Пракапчук са студэнткамі Антанінай Кунцэвіч, Арынай Лаўрыновіч, Крысцінай Сянько ў новым кабінеце грэчаскай філалогіі

Свет хутка змяняецца, і таму студэнтаў трэба вучыць быць больш гнуткімі, мабільнымі і крэатыўнымі. Так лічыць чарговы герой нашага праекта «Новы погляд» Вольга ПРАКАПЧУК – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчыца кафедры класічнай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ.

«Класіка» і сучаснасць
У 15 гадоў Вольга Пракапчук пры­ехала з Гродна, каб паступіць у гісторыка-філалагічны клас Ліцэя БДУ. Атмасфера ліцэя ў значнай ступені паўплывала на яе светапогляд, выклікала жаданне пас­прабаваць сябе ў навуцы. Чырвоны дыплом па заканчэнні філфака, ­тут жа магістратура, аспірантура і абарона ў тэрмін – усё атрымлі­валася лёгка і нязмушана, таму што побач заўсёды былі неверагодныя настаўнікі, а ў душы – прага новых ведаў. Вольга Генрыхаўна мяркуе, што дзякуючы ўніверсі­тэту ёй удалося знайсці сваё сапраўднае прызначэнне.
– Выразна памятаю, як на першым сходзе ў Ліцэі БДУ нам ска­залі: «Вы будучая інтэлектуальная эліта Беларусі». Гэтыя словы запалі ў душу, увесь час служылі стымулам да самаразвіцця, – успамінае Вольга Генрыхаўна. – Патрапіўшы ­ў БДУ, не захацела адсюль сыхо­дзіць. Калі паступала на філалагічны факультэт, абрала новую, перспектыўную спецыяльнасць: гэта быў першы набор на класічную філалогію. У савецкі час філолагаў-класікаў – спецыялістаў па лацін­скай і старажытнагрэчаскай мовах ­і антычнай літаратуры – рыхтавалі толькі ў Маскве, Ленінградзе, Львове і Тбілісі. Пазней, ужо ў часы незалежнай Беларусі, з’явілася неабходнасць ва ўласных кадрах. Пасля аспірантуры засталася працаваць на роднай кафедры.
Велізарным поспехам Вольга Генрыхаўна лічыць тое, што лёс звёў яе з унікальнымі людзьмі, якія сталі для яе настаўнікамі. Сярод іх – Антаніна Васільеўна Гарнік, Ніна Барысаўна Мячкоўская, Андрэй ­Зіноўевіч Цісык і, вядома ж, Галіна Іванаўна Шаўчэнка, якая заснавала і больш за 20 гадоў узначальвала кафедру класічнай філалогіі. Змяніўшы ў 2017 г. Галіну Іванаўну на пасадзе загадчыцы, Вольга Пракапчук адклікаецца пра яе як пра сапраўднага прафесіянала, эрудыта і бліскучага педагога:
– Яна ставілася да нас як маці, укладвала ў студэнтаў сілы і душу. Мы таксама імкнёмся надаваць ­нашым студэнтам-класікам шмат увагі. Бо ў нас складаная спецы­яльнасць, можна сказаць, вышэйшы пілатаж у філалогіі. Патрэбныя моцныя лінгвістычныя здольнасці, развітая логіка, уседлівасць, уменне бачыць сувязь паміж класічнай старажытнасцю і сучаснасцю.
Кафедра з’яўляецца выпуска­ючай па спецыяльнасці «Класічная філалогія». Набор студэнтаў – раз ­у 4 гады. Гэта будучыя выкладчыкі лацінскай, старажытнагрэчаскай мовы і антычнай літаратуры. Спецыялісты рэдкія і ўнікальныя. Быць больш запатрабаванымі на рынку працы ім дапамагаюць веды нова­грэчаскай і англійскай.
– Нашы выпускнікі ідуць выкладаць на гуманітарныя факультэты вядучых навучальных устаноў краіны, у медыцынскія ўніверсітэты, каледжы. Таксама яны працуюць у аддзелах рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі, Навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, у Нацыянальным архіве, г. зн. там, дзе патрэбныя спецыялісты па рэдкіх ­у наш час лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах.
Супрацоўнікі кафедры выкладаюць не толькі студэнтам спецыяльнасці «Класічная філалогія». Лацінская і старажытнагрэчаская мовы вывучаюцца на такіх факультэтах, як філалагічны, гістарычны, юры­дычны, хімічны, біялагічны, ФФСН, ФСК, ФМА.

Вольга Генрыхаўна робіць акцэнт на тым, што латынь з’яўляецца тым падмуркам у падрыхтоўцы спецыяліста, які дапамагае прафесійна валодаць навуковай тэрміналогіяй у сваёй га­ліне ведаў, глыбей разумець родную і замежныя мовы.
 

В.Г. Пракапчук са студэнтамі і выкладчыкамі спецыяльнасці класічная філалогія

Ад малой радзімы да сусветнай арэны
Па меркаванні загадчыцы кафедры, адной з найважнейшых мэт у арганізацыі навучальнага працэсу стала падрыхтоўка канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія могуць творча падыходзіць ­да рашэння розных задач. Таму на кафедры студэнтам прапануюць чаргаваць звыклыя лекцыі і практычныя заняткі з крэатыўнымі конкурсамі, стажыроўкамі, праграмамі, якія развіваюць у маладых лю­дзях неабходныя якасці. Напрыклад, з мэтай развіцця асобы студэнта, актывізацыі яго творчага мыслення кафедра штогод праводзіць агульнаўніверсітэцкі конкурс творчых прац «Культурная спадчына антычнасці і сучас­насць». Ёсць шэраг іншых значных студэнцкіх праектаў.
– Да года малой радзімы нашы студэнты працавалі над даследчым праектам «Лацінамоўныя надпісы ў храмах Беларусі». Яны тры месяцы збіралі і перакладалі надпісы ў храмах Мінска і абласных цэнтраў. Вынікі працы былі сабра­ны на выставе, якую можна ўбачыць на факультэце. Надпісы ў экспазіцыі суправаджаюцца перакладам і навуковым апісаннем.
Так нашы студэнты далучыліся да вывучэння лацінамоўнай спадчыны нашай краіны, – распавядае Вольга Генрыхаўна пра студэнцкі практыка-арыентаваны адукацыйны праект. – У планах вывучыць ­касцёлы раённых цэнтраў і вёсак. Таксама кафедра супрацоўнічае з Нацыянальным гістарычным музеем, дзе мы плануем ажыццявіць пераклад з латыні надпісаў на экспанатах, даць іх навуковае апісанне. Мы ўжо працуем над перак­ладам карт перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Кафедра пад­трымлівае міжнародныя кантакты з падраздзяленнямі адпаведнага ці сумежнага профілю ўніверсітэтаў Грэцыі, Польшчы, Украіны, Расіі. Так, кафедра су­працоўнічае з факультэтам Artes Liberales Варшаўскага ўніверсітэта ў праекце, тэмай якога стала ўспрыманне класічнай старажытнасці ў дзіцячай і юнацкай культуры. На міжнароднай канферэнцыі, якая праводзіцца ў ­рамках праекта, удзельнікі прадставілі англамоўныя даклады і тэматычныя плакаты, прысвечаныя вобразам персанажаў старажытнагрэчаскай міфалогіі ў сучаснай культуры. Акрамя гэтага, у рамках працы з гэтым жа ўніверсітэтам студэнты-класікі знялі навучаль­ны фільм на англійскай мове «Myths Around Us». У роліку прадэманстравалі, якія памылкі робяц­ца пры выбары для фірмаў і гандлёвых марак назваў, заснаваных на міфах.

– 22 сакавіка прынялі ўдзел у міжнародным ліёнскім лаціна-грэчаскім фэсце. Для папулярызацыі антычнай культуры французы прапанавалі штогод па ўсім свеце ў адзін і той жа час чытаць антычных аўтараў. Сёлета ўсе захопленыя чыталі «Іліяду» Гамера. Наша кафедра праводзіла адкрытую лекцыю па гэтым аўтару, чыталі твор на старажытнагрэчаскай і белару­скай мовах. А ў якасці слухачоў на мерапрыемства запрасілі вучняў СШ № 66 Мінска. Відэа нашай працы выклалі на сайце фестывалю, – кажа загадчыца кафедры.

Новыя гарызонты
Сёння, калі змяняецца сама структура адукацыі, студэнты могуць атрымаць веды не толькі ў аўдыторыі. Вольга Генрыхаўна працягвае:
– Мы выкарыстоўваем дыстанцыйныя тэхналогіі адукацыйнага партала філалагічнага факультэта БДУ, матэрыялы сайта кафедры. Эфектыўнай падрыхтоўцы спецыялістаў, аптымізацыі дзейнасці па распрацоўцы новых формаў навучальна-даследчай працы сту­дэнтаў і кантролю за самастойнай працай студэнтаў будзе спрыяць адкрыццё кабінета грэчаскай філалогіі пры кафедры.


Кабінет створаны пры спонсар­скай падтрымцы Ганаровага кон­суль­ства Грэцыі ў Рэспубліцы Бела­русь і асабістым актыўным са­дзейнічанні ганаровага консула Грэцыі ПаўлаТапузідзіса. На ­базе кабінета плануецца правя­дзенне розных адукацыйных, навуковых і культурных мерапрыемстваў, рэалізацыя даследчых праектаў. Стварэнне кабінета таксама пас­прыяе ўмацаванню культурных і навуковых сувязяў паміж Грэцыяй і Беларуссю, актывізацыі навуковых кантактаў у акадэмічнай су­польнасці нашых краін.
Вольга Пракапчук падкрэслівае, што вельмі важна раскрыць у студэнтах іх патэнцыял, паказаць ім новыя гарызонты. Выкладчыкі павінны імкнуцца да таго, каб ­развіваць у студэнтах крытычнае мысленне, творчыя здольнасці, адаптацыйныя навыкі, прапануючы ім інавацыйныя даследчыя і практыка-арыентаваныя праекты. Гэта дапаможа маладым людзям не губляцца ў шматмерным свеце, быць канкурэнтаздольнымі і мабільнымі.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Сайт кафедры - graecolatini.bsu.by.
print

Вам таксама можа спадабацца: