Калі ў Беларусь прыйшла навука сусветнага ўзроўню

4 Jan, 2014.

Абламейко СергейУ нас юбілей, у нас свята! 18 лістапада Галоўнаму ўпраўленню навукі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – пяцьдзясят.

Сённяшні стан навукі БДУ – гэта больш за 2500 высокакваліфіка­ваных выкладчыкаў, амаль 700 навуковых супрацоўнікаў, 850 дакта­рантаў, аспірантаў і суіскальнікаў, якія агульнымі намаганнямі выконваюць больш за 1200 навуковых тэм. Ім дапамагаюць, сумяшчаючы навучанне і навуковую працу, 8500 студэнтаў. Штогод супрацоўнікі ўніверсітэта публікуюць да 200 манаграфій, каля 5500 навуковых артыкулаў, з якіх да 1000 у вядомых замежных часопісах. Як лагічны вынік – мы знаходзімся на годных пазіцыях у розных сусветных рэйтынгавых сістэмах. Напрыклад, у ліпені бягучага года БДУ займаў 790 месца сярод 21451 ранжыраванай установы вышэйшай адука­цыі ў свеце па сістэме Webometrics (Webometrics Ranking of World Universities). Сярод краін СНД універсітэт перамясціўся з пятай на чацвёртую пазіцыю, даганяючы такія вядомыя расійскія ВНУ, як Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава (102 месца), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (595) і «Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт «МІФІ» (603).
Якім чынам універсітэту невя­лікай краіны ўдаецца падтрым­ліваць такі высокі ўзровень навуковых даследаванняў? Бо сучасная навука – вельмі дарагая сфера дзейнасці чалавека. У пошуку адказу на пытанне мэтазгодна звярнуцца да гісторыі ўніверсітэта і разглядзець перыяд ад саракавых гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён.
У маі 1943 г. Саўнаркам СССР прыняў пастанову «Аб аднаўленні працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» на станцыі Сходня пад Масквой. 289 сту­дэнтаў і 40 выкладчыкаў на сямі факультэтах пачалі заняткі ў кастрычніку таго ж года. Вельмі паказальным з'яўляецца час прыняцця рашэння Саўнаркамам – галоўныя падзеі, вядома, адбываліся тады на фронце. Краіна напружана рыхтавалася да Курскай бітвы. А яго пераможны вынік у маі 1943 г. ніхто не мог гарантаваць. Беларусь яшчэ цалкам заставалася акупаванай, а фронт ад станцыі Сходня ляжаў троху далей за трыста кіламетраў. У кастрычніку, калі пачаліся заняткі, савецкія войскі ўжо змагаліся за дняпроўскія плацдармы і паўднё­ва-ўсходнюю частку Беларусі.
Як былі ўпэўненыя нашы бацькі і дзяды ў канчатковай перамозе, калі больш за год да вызвалення рэспублікі ў Падмаскоўі сталі аднаўляць беларускую ВНУ. І ўжо 11 жніўня 1944 г., праз месяц пасля вызвалення, першыя 26 чалавек распачалі працу БДУ ўжо ў Мінску.
Відавочна, што невялікая рэс­пуб­ліка пасля трохгадовай акупа­цыі, страціўшы чвэрць насель­ніцтва, наўрад ці змагла б самастойна ў такі кароткі тэрмін адна­віць на мінскіх руінах універсітэт. Толькі дзякуючы апоры на эка­намічны патэнцыял усяго Савец­кага Саюза ўніверсітэт адрадзіўся ўслед за вызваленнем Беларусі.
Аднаўленне педагагічнага працэсу ў тых умовах стала несум­ненным дасягненнем, але ўжо да пачатку пяцідзясятых гадоў наспела неабходнасць паўнавартаснага аднаўлення навуковай дзейнасці ў сценах універсітэта. І зноў сродкі і кадры прыйшлі ад братэрскіх рэспублік. Вялікую ролю ў пасляваенным станаўленні прыродазнаў­чанавуковага блока ўніверсітэта сыгралі ленінградскія фізікі. У пяцідзясятыя гады ў Мінск пера­ехалі выдатныя супрацоўнікі Дзяржаўнага аптычнага інсты­тута: А. Н. Сеўчанка, Б. І. Сця­па­наў, Ф. І. Фёдараў, М. А. Ель­яшэвіч і інш. Без нацяжак можна сказаць, што ў тыя гады ў Беларусь прыйшла вялікая навука, навука сусветнага ўзроўню. «Дэсант» вучняў акадэміка С. І. Ваві­лава і заклаў сучасную базу фізікі, дзякуючы якой у БДУ створаныя і паспяхова дзейнічаюць два факультэты фізічнага профілю, а фізікі і сёння з'яўляюцца самым вялікім атрадам сярод навуковых супра­цоўнікаў як універсітэта, так і краіны.
Адмысловую ўвагу неабходна надаць дзейнасці Антона Нічы­па­равіча Сеўчанкі. У студзені 1953 г. ён абіраецца акадэмікам АН БССР і пераязджае па запрашэнні ўрада краіны на сталую працу ў Мінск. За кароткі час ім быў арганізаваны Інстытут фізікі і матэматыкі АН БССР, які ён і ўзначаліў. Адначасо­ва ён узна­чальваў створаную ім кафедру фізічнай оптыкі БДУ. У красавіку 1957 г. Антон Нічыпаравіч быў прызначаны рэктарам БДУ. Менавіта пад яго кіраўніцтвам універсітэт стаў адной з найбуйнейшых ВНУ Савецкага Саюза і вядучай ВНУ рэспублікі. БДУ быў уключаны ў лік 25 вядучых ВНУ СССР і ўзнагароджаны ў 1967 г. ордэнам Працоўнага чырвонага сцяга. А. Н. Сеўчанка заснаваў у Беларусі навуковыя школы па оптыцы, спектраскапіі, люміне­сцэн­цыі і лазернай фізіцы, фізіцы цвёрдага цела і паўправаднікоў, ра­­дыёфізіцы, інфарматыцы і навуковым прыборабудаванні.
Асаблівасцю дзейнасці выбіт­ных прадстаўнікоў навукі таго часу было пастаяннае спалучэнне працы ва ўніверсітэце і ў акадэмічных навуковых інстытутах. Гэта дазво­ліла за кароткі тэрмін у 10-12 гадоў падняць на сусветны ўзровень навуковую працу як ва ўніверсітэце, так і ў краіне.
З другой паловы пяцідзясятых гадоў пры ўніверсітэцкіх кафедрах сталі арганізоўвацца навукова-даследчыя лабараторыі: 1956 год – лабараторыя спектраскапіі і лабараторыя фотасінтэзу, 1957 год – арганізуецца глебавы атрад для суцэльнага картавання сельскагаспадарчых земляў рэспублікі, 1960 год – лабараторыя кантактных з'яў, 1961 год – лабараторыя ядзернай фізікі і лабараторыя рэдкіх і цяжкіх элементаў, 1962 год – лабараторыя паўправадніковай тэхнікі і лабараторыя біягеахіміі глеб і г. д. Інтэнсіўны працэс фарміравання базавых навуковых структур паставіў пытанне арганізацыі ва ўніверсітэце адзінага каардынацыйнага цэнтра. Такім стаў наву­кова-даследчы сектар (НДС), аргані­за­­ва­ны ў адпаведнасці з загадам мі­ністра вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і пра­фесійнай аду­кацыі БССР у ліс­тападзе 1963 г.
У адпаведнасці з другім законам дыялектыкі пасляваенная праца сотняў выбітных, захопленых сваёй справай людзей за паўтара дзясятка гадоў прывяла да якаснага скоку і, вывеўшы навуковую дзейнасць універсітэта без нацяжак на самы высокі ўзровень, арганіза­цыйна аформілася ў выглядзе НДС. Менавіта з 1963 г. пачаўся сталы этап уні­версітэцкай навукі, адпаведны сусветнаму ўзроўню. Нас афіцый­на прызналі як сфарміраваную навуковую сілу.
Пачаўся «шчаслівы перыяд» універсітэцкай навукі. Аж да дзевяностых гадоў ішоў перманентны «набор вышыні» – год ад года павялічвалася колькасць тэм, якія выконваліся, ствараліся новыя лабараторыі, і ў сямідзясятыя гады на іх базе з'явіліся першыя на­ву­кова-даследчыя інстытуты.
У 1981 г. разрослы НДС быў ператвораны ў навукова-дас­лед­чую частку першай катэгорыі. Зноў было пацверджана наша перадавое становішча ў краіне. Мы трывала займалі пазіцыі сярод першых 25 з 849 вышэйшых навучальных устаноў СССР да 1991 г.
І вось тут мы падышлі да адказу на пытанне: «Якім чынам універ­сітэту невялікай краіны ўдаецца падтрымліваць такі высокі ўзро­вень навуковых даследаванняў?» Вядома ж, першым складнікам з'яўляецца магутная матэрыяль­ная і кадравая база, створаная ў савецкі перыяд. Яе патэнцыял не змаглі знішчыць нават цяжкія дзевяностыя гады. Гэта быў час, калі зарплата навуковага супрацоўніка троху перавышала ў эквіваленце 15 долараў ЗША ў месяц, калі за мяжу пагалоўна з'язджалі аспі­ранты і суіскальнікі пасля абароны, а многія проста кідалі навуковую дзейнасць да абароны і сыходзілі працаваць на «фірмы». Тады ж амаль спынілася закупка дарагога абсталявання і катастрафічна па­чаў старэць парк вымяральных прыбораў.
Становішча стала выпраўляцца да двухтысячных гадоў. Са стабі­лізацыяй эканамічнага становішча рэспублікі на навуку сталі звяртаць больш увагі. Паднялі стыпендыі аспірантам і ўвялі надбаўкі за вучоныя ступені і званні. Адмысловымі рашэннямі ўрадавых органаў увялі павышальныя каэфіцыенты да зарплат навуковых супрацоўнікаў універсітэта. Аднавілася закупка дарагога і ўнікальнага абсталявання. На базе БДУ пры хімічным, біялагічным і фізічных факультэтах былі створаныя чатыры цэнтры, якія акумулююць закупленае абсталяванне і забяспечваюць яго інтэнсіўную эксплуатацыю.
Як чарговы дыялектычны вынік падтрымкі навуковай сферы дзяржавай, у выніку яе новага ўздыму ў 2000 г. было створана Галоўнае ўпраўленне навукі БДУ. У 2008 г. у адпаведнасці з загадам рэк­тара Навукова-даследчая частка і Галоўнае ўпраўленне навукі былі аб'яднаныя ў адзіную структуру, якая ахапіла ўсю навуковую і інавацыйную сферу ўні­версітэта. Такім чынам, мы атры­малі наш сучасны стан.
БДУ – класічны ўніверсітэт, а гэта значыць, што ў ім раўнацэнна прадстаўленыя і прыродазнаўчыя і гуманітарныя навукі. Так склалася гістарычна, што навідавоку ў большай ступені ў нас фізікі, біёлагі і хімікі. Але нашы гуманітарыі, знаходзячыся ў інфармацыйным цені, зусім не «сціплыя» ў сваіх навуковых дасягненнях. Мы павінны аддаць належнае бацькам-засна­вальнікам БДУ, якія былі ў сваёй большасці гуманітарыямі. На жаль, абмежаваныя рамкі артыкула не дазваляюць у поўнай меры адзначыць дасягненні нашых гумані­та­рыяў. Таму прыйдзецца абмежавацца толькі некалькімі прыкла­да­мі з навуковай дзейнасці гіста­рычнага факультэта. Гэта можна лічыць данінай памяці першаму рэктару ўніверсітэта – гісторыку У. І. Пічэту.
Так, у апошні час на гістарыч­ным факультэце: створаная серыя альбомаў па гісторыі мастацтва Беларусі, удастоеных Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь; распрацаваная канцэпцыя этнагенезу беларусаў; створаны ўнікальны цыкл з сямі навучальных дапа­можнікаў па гісторыі Расіі і Украіны, які ў навукова-папулярным фармаце быў выдадзены ў найбуйнейшым выдавецтве Расіі «Эксмо»; створаная новая перыядызацыя сусветнай гісторыі, што знайшло выражэнне ў азначэнні пачатку Новага часу не з англійскай буржуазнай рэвалюцыі XVII ст., а з Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, эпохі Адраджэння і Рэфармацыі; ство­раная нумізматычная навука Бе­ла­русі і многае іншае.
Пэўна, без шкоды ісціне можна сказаць, што ў пачатковы перыяд існавання ўніверсітэта дамінавалі ў навуковай дзейнасці гуманітарыі. Другая сусветная вайна проста перапыніла ўсе віды дзейнасці нашай ВНУ. Адраджэнне навуковай дзейнасці з канца саракавых гадоў было ў першую чаргу звязана з неабходнасцю мацаваць абарону краіны і аднаўляць гаспадарку Бе­ла­русі, а значыць з уздымам пры­ро­дазнаўчанавуковага блока. Дагэтуль гэтае дамінаванне ў колькасных суадносінах навуковых тэм захоўваецца за прыродазнаўча­наву­ковым блокам прыкладна як 3 да 1.
Сёння мы ў пяцёрцы найлепшых ВНУ на постсавецкай прасторы. У нас ёсць свой твар, ёсць між­народнае прызнанне: больш за 240 пагадненняў з 37 краінамі. Нас бачаць, і з намі супрацоў­ні­ча­юць, а навука – гэта тое, што ўсіх нас аб'ядноўвае.
Напрыканцы хочацца павінша­ваць усіх супрацоўнікаў Беларус­кага дзяржаўнага ўніверсітэта са святам, з юбілеем нашай галоўнай навуковай структуры. Пяцьдзясят гадоў – гэты толькі пачатак перыяду сталасці, а значыць наперадзе шмат цікавай працы, шмат новых дасягненняў і адкрыццяў у свеце невядомага.

Мікалай КАСЦЮК, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення навукі

print

Вам таксама можа спадабацца:

Адзін каментар

  1. Прохожий says:

    Познавательно, но скучно.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *