У рытме фестывалю факультэтаў БДУ

14 Apr, 2014.

IMG_9827 29 сакавіка вучні старэйшых класаў і абітурыенты пазнаёміліся з факультэтамі і арганізацыямі БДУ. Маштабнае свята «Фестываль факультэтаў» разгарнулася на базе Ліцэя БДУ. У чарговы раз наш універсітэт шырока расчыніў дзверы і зарадзіў усіх прысутных духам студэнцтва. Гасцей мерапрыемства сустракалі студэнцкія аб’яднанні – «Прафкам сту­дэнтаў БДУ», «БРСМ БДУ», «Студэнцкі саюз», «Савет старастаў» і «Студэнцкі савет па якасці адукацыі». Хлопцы і дзяўчаты былі гатовыя адказаць на пытанні абітурыентаў пра інтэрнаты, паспяховасць, выкладчыкаў і вясёлае ўніверсітэцкае жыццё. Цяжка было не заў­важыць прыгожых артыстаў на хадулях, мілых і прыязных мімаў, а таксама плюшавыя цацкі-«абдымашкі». На сцэне перад ліцэем выступалі каманды КВЗ і творчыя калектывы БДУ, а гледачы падпявалі, танцавалі, вадзілі карагоды і «паравозікі».фестиваль факультетов бгу У самім будынку разгар­нулі прэзентацыйныя стэнды Фундаментальная біблія­тэка і Псіхалагічная служба БДУ. Прыцягваў увагу бляск спартыўных кубкаў, якія заслужылі студэнты і вы­пуск­нікі нашай ВНУ. Супрацоўнікі прыёмнай ка­мі­сіі пастаянна знаходзіліся ў ачапленні абітурыентаў. Пытанняў у старшаклас­ні­каў было шмат, а значыць да навучання ў Беларускім дзяр­­жаў­ным універсітэце ёсць ці­ка­васць. На ўрачыстым адкрыцці рэктар Сяргей Абламейка падкрэсліў, што «да нас ідуць найлепшыя, з нізкімі баламі ў БДУ не паступіць». Але настрой абітурыентаў быў рашучым: многія ўжо вызна­чыліся з выбарам не толькі факультэта, але і спецыяль­насці і паспелі адчуць сябе «часткай БДУ». Факультэты, у сваю чаргу, разгарнулі сапраўдную барацьбу за старшакласнікаў. Кожныя дзесяць хвілін на сцэне з’яўляліся найлепшыя прад­стаўнікі нашага ўніверсітэта, і кожны заклікаў паступаць на свой факультэт, на сваю спецыяльнасць. Сцэнкі, жарты, прэзентацыі, песні і відэаролікі змянялі адзін аднаго ў неверагодным рытме. І гэта рытм фестывалю факультэтаў.фестиваль факультетов бгу Аднак галоўныя баі адбываліся зусім не на сцэне. Унутраны дворык ліцэя стаў паменшанай мадэллю БДУ. Студэнты як маглі прадстаўлялі і абаранялі свае факультэты. Гісторыкі частавалі хатнім квасам і дэманстравалі старажытныя ўборы беларусаў; біёлагі выставілі экзатычных жывёл; фізікі і хімікі наўзахваткі здзіўлялі гасцей эксперы­ментамі; радыёфізікі прад­ставілі свае вынаходствы; ваенныя дазволілі збіраць і разбіраць аўтамат; журна­лісты транслявалі «Універ­сітэт-ТБ», а юрысты імітавалі месца злачынства. Кожны шацёр быў аформлены ў стылістыцы пэўнага факультэта. Хтосьці са студэнтаў начапіў на галаву глобус, хтосьці – маску каня, а хтосьці і зусім быў у касцюме крумкача (талісман РФКТ). Таксама для абітурыентаў былі арганізаваны дзве прэс-канферэнцыі з удзелам рэктара Сяргея Абла­мейкі і начальніка Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людмілы Хухлын­дзінай. Вучні старэйшых класаў змаглі з першых вуснаў даведацца актуальную і цікавую інфар­ма­цыю, задаць любыя пытанні. А самыя актыўныя ўдзельнікі прэс-мерапрыемства атры­малі ў падарунак флэш-карты з лагатыпам універ­сітэта. Калі мы запыталіся ў аднаго з абітурыентаў, куды ён збіраецца паступаць, то ён адказаў: «Які я выберу факультэт – пакуль не вырашыў, але я ведаю адно: паступаць буду толькі ў БДУ!» Ксенія КАРАВАЯ IMG_0009 IMG_0084 IMG_0131 Фотарэпартаж пра Фестываль факультэтаў БДУ глядзіце тут Сюжэт пра мерапрыемства пабачце ў раздзеле "Відэа"  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *